СУЧАСНЫ РАЁННЫ МУЗЕЙ: ІМКНЕННЕ І ДЗЕЙНАСЦЬ НАСУПЕРАК ПРАБЛЕМАМ

17 мая 2011 14:52

ДА МІЖНАРОДНАГА ДНЯ МУЗЕЯЎ

Аб’ехаўшы амаль усе школы раёна з выставай рускага іканапісу, Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей пачаў новыя “гастролі” — наведвае ўстановы адукацыі з экалагічнай выставай. Яе экспазіцыю складаюць чучалы птушак (на здымку), матылькі і плакаты з жывёламі і раслінамі з Чырвонай кнігі. Цяпер якраз завяршаецца навучальны год, не за гарамі канікулы — многія вучні раз’едуцца па вёсках і лагерах і будуць праводзіць шмат часу на прыродзе, таму акцыя праводзіцца вельмі своечасова. Пасля знаёмства з выставай дзеці стануць больш свядома, удумліва глядзець на багацце навакольнага жывёльнага і расліннага свету і больш беражліва ставіцца да яго.

— Не вельмі актыўна ідуць людзі ў музей, — канстатуе дырэктар установы Ірына Пікулік, — таму мы самі ідзём да іх. Да таго ж сельскія школы нават пры жаданні не заўсёды маюць магчымасць арганізавана прыехаць у горад. Паказваем дзецям выставу, расказваем пра гэтых жывёл і пра расліны.

Экалагічныя экспанаты — з залы прыроды, стварэнне якой пачалося некалькі гадоў таму і прыпынілася з-за праблем з фінансаваннем. Яны ж, грашовыя праблемы, замінаюць паўнацэннай, усебаковай рабоце па глыбокім вывучэнні нашай мінуўшчыны, па аднаўленні падзей, якія адбываліся ў горадзе і раёне ў мінулыя стагоддзі, па рэканструкцыі аблічча нашага рэгіёна.

— Мы толькі прыкладна, са слоў людзей ведаем, як развівалася калісьці, сто і больш гадоў таму, наша эканоміка, каму якія землі належалі (маю на ўвазе мясцовых памешчыкаў). Ці ўзяць, напрыклад, заснаванне Коханава. Сёлета вядзецца гаворка пра пяцісотгоддзе гэтага пасёлка, але ніякіх дакументальных пацвярджэнняў гэтага факта мы не маем. Дакладныя, пэўныя звесткі трэба шукаць у Нацыянальным гістарычным архіве, а значыць, на некалькі дзён  выязджаць у Мінск. Калі заказваеш нейкія дакументы, матэрыялы, прыносяць іх для азнаямлення толькі назаўтра. Калі ж даслаць у архіў просьбу аб падрыхтоўцы даведкі па пошце, то трэба заплаціць аванс у памеры 600000 рублёў, і яго ўжо не вернуць, нават калі запрошаных дакументаў не знойдзецца. Такіх грошай мы на сённяшні дзень не маем.

Вось і атрымліваюцца візіты ў архіў нячастымі, выпадковымі. І тым больш каштоўнымі і цікавымі становяцца знойдзеныя там звесткі.

— З захапленнем і цікавасцю вывучаю гісторыю раёна ў першыя гады савецкай улады. Некаторыя звесткі з архіўных дакументаў (дарэчы, усе яны на беларускай мове) перапісала ад рукі. Прывяду некалькі фактаў, якія выглядаюць незвычайна ў параўнанні з нашым сучасным жыццём. 1924 год, насельніцтва раёна — 45000 чалавек. На ўвесь раён 10 міліцыянераў. Вельмі многа было ў той час школ, але ў асноўным чатырохкласныя. 1928 год, у раёне 13 двухкамплектных і 38 аднакамплектных школ.

Прыкладная колькасць экспанатаў асноўнага фонду музея на сённяшні дзень — 8700, навукова-дапаможнага — 11000. У сярэднім за год паступае 250 новых экспанатаў. Галоўным чынам гэта рэчы, дакументы, прадметы калекцый, якія аддаюць людзі. Чагосьці сенсацыйнага, вельмі старажытнага і каштоўнага сярод іх няма, але ўсё прымаецца ахвотна, бо ўсё гэта — наша гісторыя, хоць і не такая даўняя: прадметы побыту, маркі, альбомы, значкі…

Словам, можна зрабіць выснову, што магчымасці даследчыцкай і асветніцкай работы, а таксама культурна-забаўляльнай дзейнасці ў нашага музея не вельмі вялікія. Прычына тут і ў матэрыяльным становішчы і, хутчэй за ўсё, у нашых адносінах да сябе, да сваёй духоўнай спадчыны: прывыклі мы ўспрымаць усё гістарычна-музейна-мастацкае як нешта афіцыйнае, казённае, абавязковае толькі для школьнікаў ды студэнтаў, адарванае ад нашага штодзённага жыцця, не актуальнае для нас. Хацелася б, напрыклад, прызнаецца Ірына Мікалаеўна, далучыцца да святочнай акцыі “Ноч музеяў” і адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў з 18 на 19 мая. Але хто захоча не спаць ноч, каб проста прыйсці ў добра ўжо знаёмыя залы музея? Няхай сабе ў ім нават выставяць нейкія новыя экспанаты і прачытаюць вельмі цікавую лекцыю на гістарычную тэму — усё гэта можна без лішніх турбот зрабіць днём. Людзей трэба прывабіць нейкімі канцэртамі, конкурсамі, ілюмінацыяй — карацей, правесці сапраўднае свята. Адразу ўзнікаюць пытанні: хто гэта прафінансуе і хто ўсё арганізуе ва ўмовах нашага невялікага гарадка? Аднаму толькі музею і нават цэламу аддзелу культуры райвыканкама такое не па сілах.

А можа быць, і па сілах, трэба толькі зрабіць нешта сваё, не імкнучыся капіраваць вопыт вялікіх музеяў вялікіх гарадоў? Адзначаюцца ж у нас даволі дастойна і Дзень Перамогі, і Дзень Рэспублікі з Днём горада… Фантазіі і творчых здольнасцей у нашых работнікаў культуры хопіць, сумнявацца ў гэтым няма падставы. Галоўнае — каб было жаданне насельніцтва, каб была цікавасць людзей да сваёй гісторыі, культуры, каб свята ўспрымалася не толькі як нагода выпіць ды патанцаваць, каб кожны, прачытаўшы аб’яву аб правядзенні “Ночы ў музеі”, загарэўся жаданнем абавязкова пабываць там, дакрануцца да чагосьці незвычайнага і рамантычнага.

Ці выб’емся мы калі-небудзь з нашага надакучлівага, ужо проста банальнага і смешнага безграшоўя? Ці настане той час, калі праблемы эканомікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі стануць выключна вузкапрафесійнымі праблемамі эканамістаў, прамыслоўцаў ды аграномаў з заатэхнікамі, а кожны грамадзянін будзе смела плаціць за задавальненне сваіх элементарных жыццёвых патрэб, не асабліва лічачы пры гэтым грошы, не думаючы пра курсы валют і тэмпы інфляцыі? У чаканні гэтай нябачнай пакуль што перспектывы работнікі музея, захавальнікі духоўных скарбаў працуюць з тымі матэрыяламі, якія ім даступныя, робяць тое, што могуць рабіць у сваім становішчы, насуперак праблемам і цяжкасцям.

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене