ПРАБЛЕМЫ ВАДАЁМАЎ: ВОЛЯ ПРЫРОДЫ І НАША ВІНА

9 июля 2011 6:00

ВОЗЕРА Ў ЕЎЛАХАХ.

Пасля перыяду дажджоў і прахалоды рана ці позна настае сапраўдная летняя спякота — і нясуцца ў выхадныя па трасе нашы машыны ў напрамку Сялявы, Лукомльскага вадасховішча, а то і яшчэ куды-небудзь далей. Родны раён не такі багаты на прыдатныя для купання вадаёмы, а тыя, што ёсць, таксама не заўсёды прывабліваюць нас. Прычына тут і ў сумніўным колеры і паху вады, калі яна, застаяўшыся ў гарачыя дні, памутнее ды пазелянее, і ў стане прыбярэжнай зоны, на якой пасля адпачынку людзей застаецца тое, аб чым толькі і можна сказаць: насвіннячылі.

Напрыканцы чэрвеня разам з урачом раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Васілём Рыкам і начальнікам раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Аляксеем Пучэнкам мы зрабілі аб’езд найбольш папулярных месцаў адпачынку каля вады: возера ў Еўлахах, рэчку Рагачоўку ў Талачыне і Сакалянку ў Коханаве, а таксама скрыпуцёўскую крыніцу і вадаём у Загараддзі. У ідэальным стане не знаходзіцца ніводзін з наведаных намі аб’ектаў: дзесьці ёсць пэўныя недапрацоўкі з боку арганізацый, адказных за вадаём, а дзесьці дык і жахнуцца можна ад убачанага. І ў дадатак да гэтага ў дзвюх пробах вады, як пазней высветлілася, было адзначана перавышэнне дапушчальнай колькасці мікраарганізмаў, выяўлена кішэчная палачка (якая сама па сабе чалавеку нічым не пагражае, але фактам свайго існавання папярэджвае аб магчымай прысутнасці іншых, шкодных арганізмаў). Таму вада была ўзятая на паўторны аналіз і, калі вынікі акажуцца ранейшымі, то купанне ў гэтых вадаёмах будзе забароненае. На жаль, з-за недасканалай тэхнічнай аснашчанасці РайЦГЭ чакаць вынікаў аналізу даводзіцца некалькі дзён, і па гэтай прычыне нам цяжка дакладна суаднесці іх з часам напісання артыкула: аб усіх новых фактах давядзецца паведамляць асобна.

Прыемна адпачываць, толькі нельга ныраць

Узорам найбольш гаспадарлівых адносін да пляжа пакуль што можна назваць толькі Сакалянку. Гаспадарыць тут “Коханава-ЖКГ”. Уздоўж берага ў асноўным парадак, ніякай засмечанасці, невялікія альтанкі, лавачкі, кантэйнеры для смецця — усё для камфорту людзей.

Але ёсць пытанні па стане меліярацыйнага аб’екта — дамбы, з якой любяць ныраць дзеці. Па-першае, як паведаміў Аляксей Пучэнка, рабіць гэта ўвогуле нельга, і на дамбе павінны быць устаноўленыя адпаведныя шыльды з папярэджаннямі, а ўваход на яе неабходна закрыць якімі-небудзь бар’ерамі, напрыклад, ланцугамі. Праўда, такія меры, зразумела, не спыняць дзяцей, яны ўсё роўна без нагляду дарослых будуць свавольнічаць. А свавольствы гэтыя небяспечныя яшчэ і ад таго, што і з самой дамбы, і каля яе з вады тырчыць арматура, а на дне зрушаныя з месца бетонныя пліты.

Словам, меліяратарам тут трэба папрацаваць.

Добрыя спадзяванні на выратавальнікаў

Зараз раённым таварыствам выратавання на водах пачатая вялікая работа па абуладкаванні зоны адпачынку каля Рагачоўкі. Вынікі, праўда, пакуль не тое што малыя, а нават нябачныя, бо ўсё знаходзіцца на стадыі пошуку рашэнняў і іх дакументальнага афармлення. Плануецца паставіць там на лета вагончык, у якім будуць дзяжурыць матросы-выратавальнікі. Яны ж будуць ахоўваць і выдаваць лодкі для катання па рэчцы, а яшчэ дзякуючы іх прысутнасці можна будзе больш упэўнена ўзяцца за добраўпарадкаванне тэрыторыі – стварыць якія-небудзь малыя архітэктурныя формы, паставіць лаўкі, альтанкі, не баючыся, што іх знішчаць вандалы.

— Як мінімум лета, пакуль купальны сезон, яны прастаяць, — разважае Аляксей Леанідавіч, — трэба толькі зрабіць іх.

Асобная размова — туалет. Што творыцца ў ім, не перадаць словамі, і фотаздымкам такім не хочацца брудзіць сайт. Каты і сабакі — і тыя стараюцца не пакідаць слядоў сваёй біялагічнай дзейнасці, а людзі зрабілі так, што ў туалет ужо і нагой не ступіш, і нават блізка не падыдзеш з-за смуроду.

Колькі б ні прыбіраў усё гэта “Талачын-камунальнік”, за якім замацаваная зона каля Рагачоўкі, колькі б ні рабіла санстанцыя адміністрацыйныя спагнанні за несвоечасовую ўборку, беспарадак будзе працягвацца, пакуль не зменяцца людзі. Або пакуль не будуць злоўленыя на месцы правапарушэння і пакараныя шкоднікі. Можа быць, сапраўды, сітуацыя палепшыцца, калі тут з’явяцца пастаянныя афіцыйныя дзяжурныя.

Сумленне ёсць, ды не ва ўсіх

Аналіз вады, узятай у дзень аб’езду на возеры Еўлахі, паказаў наяўнасць кішэчнай палачкі, і пазней вада была ўзятая на паўторнае даследаванне. А знешне возера цудоўнае, неадольна прываблівае, запрашае ў спякотны дзень акунуцца яго вадзяная гладзь. Пры моцным ветры яно змяняе сваё аблічча, пакрыўшыся хоць і невялікімі, але густымі, імклівымі хвалямі. Непаўторныя краявіды берагоў не хочуць адпускаць кожнага, хто апынуўся тут і мае хоць крыху вольнага часу. Але ніякая прыгажосць і непаўторнасць прыроды не перашкаджаюць некаторым пакідаць пасля сябе кучы смецця, забруджваць і бераг, і ваду.

Не ўбачылі мы на возеры і ніякіх аб’ектаў добраўпарадкавання.

— Няхай бы паставілі тут кантэйнеры для смецця, — сказаў адзін рыбак, якога мы сустрэлі на беразе. — Людзей, канечне, не прымусіш у іх смецце кідаць, усё роўна забруджваць тэрыторыю будуць, але не ўсе ж такія, у кагосьці ж і сумленне ёсць.

У кагосьці ёсць… А ў кагосьці і няма — вось яна, нашая рэальнасць.

Здзічэнне і запусценне

Зусім здзічэла падведамасная Азерацкаму лясніцтву тэрыторыя каля крыніцы ў Скрыпуцёве. Дзе калісьці стаялі альтанкі, цяпер зараснікі высокай травы і кустоўя. У адным месцы падмытая дарога, у цёмны час сутак, калі ў святле фар цяжка разабраць, дзе яма, а дзе цень, можна кульнуцца з абрыву. Ды сюды, напэўна, ужо і не ездзіць ніхто адпачываць, толькі на Вадохрышча вады набраць, бо страціла мясціна сваю былую прыцягальнасць.

Зялёная каламуць і кішэчная палачка

Вадаём у Загараддзі выглядае маляўнічым і прывабным толькі здалёк. Калі ж падысці да вады, то любое жаданне акунацца ў яе прападзе: мутная, з зялёным адлівам, на беразе збіраецца брудная пена.

— З мая мы ўзялі на тэрыторыі раёна ўжо 32 пробы вады на аналіз, — расказаў Васіль Рык. — Пакуль што ўсе яны адпавядалі нормам. Але вось зараз, гледзячы на гэтую ваду, я сумняваюся, што вынікі акажуцца станоўчымі.

І нядобрыя прадчуванні Васіля Міхайлавіча спраўдзіліся — адзначана перавышэнне дапушчальнай колькасці мікраарганізмаў, наяўнасць кішэчнай палачкі. Вада з вадаёма таксама ўзятая на паўторны аналіз.

Купанне — гэта заўсёды рызыка

Каму даводзілася бываць на іншых рэчках і азёрах нашай краіны і бачыць чыстую, празрыстую, нібы з водаправода, ваду (напрыклад, возера Свіцязь), той, гледзячы на цёмную, мутнаватую Рагачоўку ці Сакалянку, можа засумнявацца: ну як жа яна адпавядае санітарным нормам, калі нават візуальна заўважна ў ёй столькі муці і жывых арганізмаў? Да таго ж у народзе час ад часу з’яўляюцца чуткі пра скурныя высыпанні і сверб пасля купання ў нашых вадаёмах. Ці можа такое тэарэтычна быць, і калі можа, то чаму?

— Магчыма, у кагосьці павышаная адчувальнасць, таму ўзнікла алергічная рэакцыя, — тлумачыць Васіль Рык. — Але трэба папярэдзіць, што купанне ў нашых вадаёмах заўсёды звязана з некаторай рызыкай. Нельга даць гарантыю, што ўчора яшчэ чыстая вада сёння не акажацца забруджанай жывёламі ці людзьмі якраз у тым месцы і ў той час, калі вы вырашылі паплаваць. Учора мы ўзялі пробы, некалькі дзён рабілі аналіз і атрымалі станоўчыя вынікі, а за гэты час у вадзе з’явіліся нейкія шкодныя мікраарганізмы, глісты… Падзялюся ўласным суб’ектыўным вопытам. Я ў маладосці служыў на моры, быў сухапутным матросам, і пасля гэтага мне ўжо цяжка прымусіць сябе зайсці ў рачную ваду, а першы час і ўвогуле не мог: як убачыш, бывала, усіх гэтых п’явак ды малюскаў, дык проста ўцякаць хацелася. Марская вада чысцейшая, і розная інфекцыя жыве ў ёй не так доўга і размнажаецца не так актыўна, хутчэй гіне, чым у прэснай.

* * *

Маючы такія небагатыя водныя рэсурсы, трэба было б берагчы і дбайна даглядаць іх. Няма сумнення, што калі б кожны з павагай, як да сваёй уласнай тэрыторыі, ставіўся да рачнога берага, да вады, не дазваляў бы сабе кінуць ніводнай паперкі на зямлю і тым больш у сам вадаём, то і гэтыя нашы нешматлікія ды невялікія рэчкі і азёры сталі б цудоўным месцам адпачынку. Пачалі б і ведамствы, за якімі яны замацаваныя, больш актыўна і ахвотна займацца добраўпарадкаваннем, стварэннем малых архітэктурных формаў – калі б ведалі, што праца іх рук не пойдзе на вогнішча для якой-небудзь п’янай кампаніі.

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июль 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июнь   Авг »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене