САБРАЛІСЯ РАЗАМ, АДЗІНАЙ СЯМ’ЁЮ

25 июля 2011 6:00

Кожнаму дарагая вёска свая, родная. Родная — слова невыпадковае, гаворыць аб прыналежнасці да цэлага роду ці родаў. Менавіта так і сабраліся прадстаўнікі розных родаў-плямёнаў на свята сваёй вёскі Калюгі.


Суботні дзень выдаўся цёплым. Пасля дажджу пацягвала з павевамі ветру пахам кветак з лугавін, палёў, палісадаў. У паветры стаяў, быццам спецыяльна прыгатаваны для вечарыны, водар траў. Ва ўсім адчуваўся настрой на сустрэчу ў гэтым прыцягальным для людзей куточку зямлі талачынскай. Здалёк, з дарогі Талачын — Плоскае, бачна была прыкметная рознымі яркімі фарбамі пляцоўка. Сабраліся ладзіць свята тут, на добрым і чыстым месцы ля студні, на ўскраі вёскі. Тут, між двума канцамі, як у цэнтры Сусвету, дзе збіраліся ўсёй сваёй сям’ёй і раней, паставілі сталы, накрылі белым абрусам. А пад нагамі шархацела траўка, дастаўляючы ні з чым не параўнальную асалоду сувязі з усім родным і знаёмым. Колькі тут раней, ля вогнішча, дзе палілі кастры, варылі ў кацялках бульбу, было прапета песень, адбылося знаёмстваў, якія для многіх перараслі ў каханне. Побач знаходзілася і маленькае азярцо. Яго не ўбачыш ужо, зацягнула ілам, парасло травою і кустоўем. Але памяць людзей жыве, ніякі быльнёг не здольны ўладарыць над чалавечымі пачуццямі. Таму і сабраліся разам, з усім сваім шчырым і ветлым суладдзем думак, разважанняў, успамінаў. Вуліцу ўпрыгожылі каляровымі паветранымі шарамі. І быццам у густой зеляніне пакінутых хатаў і сядзіб зацяплілася жыццё, падаліся маладымі і лістоўніцы, рабіны і бярозы, яблыневыя сады, прысеўшы ў зямлю калодзеж. Хаты з пустымі ваканіцамі. Абудзілі цішыню і павольны, размераны для Калюг, дзе засталося тры жылыя дамы, крок жыцця розныя, гучныя і сакавітыя, галасы.

Вытокі жыцця

У далейшы рух наперад жывы струмень уносяць традыцыі. Іх тут шмат, і кожная па-свойму цікавая. Дробязь, здаецца, але перад пачаткам свята кожны пачаставаўся кубкам крышталёвай калодзежнай вады. Глыток — як выток, з якога, маленькага, пачынаюцца ручай і нават рака, а што да чалавека — то яго лёс. І толькі пажыўшы, шмат чаго зразумеўшы, прыходзім да вываду: дык гэта ж усё адсюль, ад гэтай крынічкі.

Вёска Калюгі — гэта перш за ўсё людзі. Пакуль яны збіраліся на назначаны фэст, пакрыху назіраў, што адбываецца, знаёміўся з іх поглядамі, ацэнкамі, адкрываў у кожным нешта для ўласнага ўзбагачэння. Даўно ведаю Раісу Антонаўну Долгую, выдатнага, шчырага чалавека. Яна з яшчэ трыма сёстрамі вядомая ў вёсцы па сваім дзявочым прозвішчы Станкевіч. З глухой вёскі, як лічаць некаторыя, а ўсім ім бацькі, дзякуючы здольнасцям дзяўчат, далі добрую адукацыю. Раіса закончыла ветэрынарны інстытут, з 1979 года робіць загадчыцай ветаптэкі ў Талачыне. Гэта яна, уласна, і запрасіла пабыць у іх на свяце, ведаючы, што недалёка адсюль радзіма маці, дзеда і бабулі, якія з Калюгамі звязваліся і сваяцкімі, і сяброўскімі сувязямі. Таму і шчыміла ў душы, калі бачыў адкрытасць, гасціннасць вяскоўцаў, жаданне іх пабыць разам, зусім не выпадкова сабраным кругам.

Яшчэ адна са Станкевічаў — Антаніна Антонаўна Углова. Шмат год, а гэта ўжо ўсё свядомае жыццё, яна працуе ў Талачыне намеснікам галоўнага бухгалтара ў аддзеле адукацыі, паважаны ўсімі чалавек.

Добра ведаюць у райцэнтры і Валянціну Антонаўну Жыркевіч. Сціплая, вялікая працаўніца, яна сваё сэрца аддавала дзеткам, працавала ў дзіцячым садзе-яслях №2 “Сонейка” выхавацелем. Шчасцем, здароўем сваіх дзяцей ёй абавязаныя тысячы талачынцаў. Але не ўсе ведаюць, што яна, педагог па дашкольным выхаванні, закончыла медыцынскае вучылішча. Зараз працуе медсястрой у Раіцкім дзіцячым садку. У іх і выдатная дачка. Сёння Ірына Генадзьеўна Жыркевіч узначальвае раённы вузел паштовай сувязі, дапамагае нам ахопліваць падпіскай сваіх землякоў, жыхароў раёна. Робіць сваю справу сціпла, як і маці, з высокім прафесіяналізмам.

Яшчэ адна іх сястра пражывае ў Шуміліне. Ала Антонаўна рабіла аграномам у “Лаўжанскім”, дзе кіраўніком працуе знакаміты на Віцебшчыне Пётр Ігнатавіч Кузьмін. Лёсам ён таксама звязаны з гэтымі мясцінамі.

Адна сям’я, а колькі цікавага, змястоўнага ў яе жыцці і здабытках.

Калюгі — непаўторная адметнасць беларушчыны

Людзі яшчэ збіраліся, чакалі арганізатара іх сустрэчы Сяргея Ярковіча.

З павагай гаварылі аб ім. Адсюль родам яго маці Раіса Сяргееўна, тут жылі дзяды. Лета Сяргей праводзіў ў асноўным у Калюгах, вучыўся ў Талачыне. Цяпер ён на інжынернай пасадзе на Мінскім аўтамабільным заводзе. Размаўляе Сяргей Іванавіч на жывой, гаваркой роднай мове.

— Так, — зазначыў Сяргей Ярковіч, — асобных гэта здзіўляе. Але я люблю сваю мову і ганаруся, што на ёй магу добра размаўляць. Навучыўся ёй самастойна, калі ўжо заканчваў тэхнічную вну. І пакуль гэта здзіўляе, нам цяжка да канца зразумець, хто мы, адкуль, што павінны перадаць у спадчыну будучым пакаленням…

Інтэлігентнасць яго і ў сціпласці паводзін, глыбокім веданні Беларусі і свайго краю — гісторыі, літаратуры і мастацтва. Сяргей вёў вечарыну, і людзі яго слухалі. Бо ён, па сваім узросце, як повязь розных пакаленняў вяскоўцаў. Так прыкладна, хоць і на трасянцы, гаварылі яго дзед і бабуля, бацькі. Прачытаў Сяргей і выдатны верш “Дзяды”. Ён прыкладна таго ж зместу, што і аднайменны купалаўскі. Калі перапыняецца сувязь дзядоў і ўнукаў, то перапыняецца і духоўная сувязь роду. Тут, у Калюгах, яна жыве — у роднаснасці духоўнай людзей і ў будні, і ў святы.

Адметнасць беларушчыны не толькі ў гучанні на сваёй зямлі сваёй мовы. У Калюгах і непаўторны асяродак духоўнасці. Тут пражываў вядомы на Талачыншчыне святар, протаіерэй Іосіф Разумовіч. Яго зямны шлях закончыўся ў 1979 годзе. Але чалавек жыве да таго моманту, пакуль жыве памяць аб ім. У Калюгах застаўся дом святара, догляд за ім робіць Васіль Дворнікаў, ураджэнец вёскі Плоскае. На магілку дзеда заўсёды прыязджаюць унукі і праўнукі. Яны прыехалі і на свята вёскі. Унучка Ала расказала: “У апошнія часы завяршэння жыцця я была разам з дзядулем, гатавала яму ежу, карміла”. Дарэчы, і знешне яна на яго падобная, такія ж, як у Іосіфа Сцяпанавіча, глыбока пасаджаныя вочы. Калі адчуў, што памірае, увесь свой скарб — рэлігійныя кнігі, іконы, сярэбраныя крыжы і іншае — перадаў Свята-Пакроўскай царкве ў Талачыне.

Разам з ёю прыехалі на свята і муж, і сын.

Дарэчы, у Беларусі дзве вёскі з назвай Калюгі. Яшчэ адна знаходзіцца ў Смаргонскім райне на Гродзеншчыне.

Цяпер тут засталося тры сядзібы

У адным з дамоў, яго называюць у Калюгах цэнтральным, побач з ім праходзіў і фэст, пражывае Рэгіна Макараўна Папкова. Сёння яна тут старэйшы жыхар. Але вяскоўцы, паважаючы характар, сардэчнасць гэтага чалавека, жыццёвы вопыт, даручылі быць ёй менавіта і старэйшынай вёскі. Давер — па здабытках. Шмат зрабіла для раёна, сяла, сваёй сям’і. У 1944 годзе загінуў на фронце бацька, які з першых дзён быў на вайне. Малодшы лейтэнант Макар Лемешаў прапаў без вестак пад Оршай, дзе яго магіла — не ведаюць і сёння. Засталося трое дзетак. Спачатку іх выхоўвала бабуля (бацькава маці), затым цётка.

— Сюды, — расказвае Рэгіна Макараўна, — я прыйшла з Валькоў у 1960 годзе. Лепшага месца для мяне няма. Тут усё маё, усё дыхае разам са мною.

Выраслі і свае дзеці, радуюць унукі. Дачка Святлана жыве ў Мінску, Ала і Генадзь — у Талачыне, Аляксандр не пакінуў маці.

Дачка Алы Яўгенаўны Таццяна закончыла ўніверсітэт у Мінску, выкладае родную мову ў Славенскай школе. Цудоўны чалавек і педагог. Любіць сваю працу, дзетак, а гэта ж і ёсць галоўнае. А Алена, з гэтай жа сям’і, займаецца ў Беларускім тэхналагічным універсітэце.

Словам, што ні імя — тое і асобная гісторыя. І ўсе сабраліся на зямлі дзядоў і бацькоў.

Першай, з кім пазнаёміліся, была Галіна Сяргееўна Мацюшэўская — з роду Пыцько. Пайшла на адпачынак, а з працай не рассталася, працуе кандытарам у Талачыне. У сям’і бацькі іх было пяцёра, засталося трое.

Узгадалі і сям’ю старшыні мясцовага калгаса Івана Станіслававіча Жураўскага, потым ён працаваў у калгасе імя Якуба Коласа прарабам, а яшчэ — сям’ю Сцяпана Навумавіча Талкачова. Ён быў таксама кіраўніком гаспадаркі — у Навінцы. Дзеці атрымалі добрую адукацыю. Віктар выкладаў у машынабудаўнічым інстытуце ў Магілёве, Барыс працаваў у навукова-даследчым інстытуце, займаўся развіццём бульбаводства ў рэспубліцы.

Яшчэ ў Калюгах пражываюць Міхаіл Мушкін, працуе ў жыллёва-камунальным прадпрыемстве Талачына зваршчыкам, і Яўген Нарчук.

Калі згадаць пра беларушчыну, яе карані на Талачыншчыне менавіта ў Калюгах яшчэ і таму, што тут, у Санях, працаваў Якуб Колас. Свой нябачны след у душы мясцовых людзей ён пакінуў назаўсёды. Ён гэтак жа любіў прыроду дзіўнага талачынскага краю, як і свайго Панямоння —  Альбуці, Свержаня, Смольні, Мікалаеўшчыны, Акінчыц…

Сабралася столькі, што і за вялікім сталом ледзьве змясціліся. Ад душы вялі ўспамін, дзякавалі за разуменне і любоў да сваіх Калюг, узаемавыручку, добры працяг сваяцтва і сяброўства. Паўсотні чалавек пацвердзілі ўдзелам у свяце сваю прыналежнасць да зямлі і звычак дзядоў-прадзедаў. Таму і сталася сустрэча цёплай, размоўнай, песеннай, надзвычай сардэчнай.

В. БІРУКОЎ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июль 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июнь   Авг »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене