СПРАВУ БАЦЬКІ ПРАЦЯГНЕ СЫН
Кампетэнты спецыяліст з адукацыяй інжынерна-тэхнічнага профілю, сумленны работнік, улюбёны ў сваю працу і вясковае жыццё, — на сённяшні дзень гэта ўжо ці не рэдкасць для нашых сельгаспрадпрыемстваў. Талковыя інжынеры, энергетыкі, электрыкі, слесары — кадры дэфіцытныя і каштоўныя. З такімі людзьмі і проста пагутарыць, як з чалавекам, асобай, заўсёды цікава і прыемна.
Валерый Збуржынскі з Гаршчэўшчыны пастаянна робіць у “Надзёжыне” з 1987 года, а працоўны стаж (з перапынкамі на вучобу і службу ў арміі) пачаў увогуле ў 1982-м. Цяпер ён галоўны энергетык. Але працуе і як “начальнік”, і як звычайны электраманцёр.
— Няма ў нас ніводнага манцёра, — расказвае. — Хаця ў некаторых гаспадарках, ведаю, нават і энергетыкаў няма, так што ў нас яшчэ нядрэнна. Ды і адкуль ім быць, калі ў самім Талачыне, бачу аб’явы ў газеце, патрабуюцца электрыкі ў розныя арганізацыі, а тут — вёска.
Калі ён прыйшоў на працу, у гаспадарцы было шэсць электраманцёраў. З цягам часу хто на пенсію выйшаў, хто пераехаў — і застаўся Валерый Іванавіч адзін. Перыядычна з’яўляліся нейкія выпадковыя людзі, ды, пабыўшы з які год, знікалі.
— Зараз на лета сын на практыку прыйшоў, ён у БАТУ вучыцца на інжынера-электрыка, дык дапамагае. Але з канца жніўня зноў адзін застануся. Добра, што ў “Абольцах” свой электрык ёсць і мяне пакуль што туды не выклікаюць.
Адной з прычын дэфіцыту кадраў Валерый Іванавіч лічыць і невысокую зарплату электраманцёра. А ў адказ на пытанне, ці задавальняе яго ўзровень свайго заробку, ці можна на яго дастойна жыць, разважае:
— Жыць можна, але і папрацаваць жа даводзіцца! А пры цяперашніх цэнах, дык, напэўна, і гэтага мала.
Але ўсё ж лічыць сябе чалавекам нябедным, добра забяспечаным.
— На мой погляд, наша сям’я жыве даволі добра ў параўнанні з іншымі. Жонка настаўніца, я энергетык, так што зарабляем дастойна. А яшчэ гаспадарка свая ў нас: карова, свінні, куры — як жа без іх, у вёсцы без іх нельга. Праўда, сярод сучасных людзей ужо ўсё менш тых, хто так лічыць, і падсобная гаспадарка ўжо мала ў каго засталася.
Дастойнае жыццё, як відаць, гэтая сям’я забяспечвае сабе нястомнай працай, якую любіць і паважае, без якой не ўяўляе сваё існаванне. Ці пойдзе па слядах бацькоў сын Сяргей адносна вясковага ладу жыцця, гаварыць яшчэ нельга: час пакажа, але што да прафесіі, то тут ён цвёрда ўпэўнены, што выбраў яе гледзячы на бацьку. І ўжо цяпер, правучыўшыся чатыры гады, разумее: ніколькі не памыліўся, любоў да электратэхнікі з цягам часу толькі мацнее.
— Я яго з дзяцінства, са школьных гадоў з сабой на працу браў, і ён дапамагаў мне, — успамінае Валерый Іванавіч.
Сяргей пагаджаецца:
— Колькі сябе памятаю, мне заўсёды падабалася бацькава праца, цікавіла мяне, прываблівала. Любіў прыходзіць да яго, назіраць, вучыцца ўсяму.
Пашанцавала чалавеку, які ўпэўнена знайшоў сябе ў жыцці. Куды б ні закінуў яго далей лёс — ці ў які-небудзь глухі калгас, ці ў буйную энергетычную кампанію — усюды знойдзе сваё месца і будзе запатрабаваным, паважаным спецыялістам. Будзе з асалодай рабіць сваю любімую справу (ці можна нават сказаць: працягваць справу бацькі) і час ад часу ўспамінаць дзяцінства ў роднай вёсцы, дзе ўсё пачыналася.
С. АБРАМОВІЧ.