У ЗГОДЗЕ І КАХАННІ ПАЎВЕКА
Мелодыя вясельнага марша Мендэльсона прагучала ў гэты дзень для залатых юбіляраў Фёдара Васільевіча і Рэгіны Мікалаеўны Лугаўцовых.
Словы віншавання прамаўляліся ўзнёсла, краналі да слёз. Прайшло паўстагоддзя з таго часу, калі лёс аб’яднаў іх. Пад апладысменты прысутных яны танцавалі вальс, прыгожыя і шчаслівыя ў сваім сямейным жыцці. А потым у Свята-Пакроўскай царкве іх саюз быў бласлаўлёны праз сапраўднае вянчанне.
Фёдар і Рэгіна жылі па суседстве ў вёсцы Трасцянка. На пяць гадоў старэйшы, ён беражліва адносіўся да яе, падносіў у школу партфель. Цярпліва, але настойліва малады гарманіст імкнуўся заваяваць сэрца Рэгіны. З дзяцінства дзяўчына была прывучаная да працы, іншы раз не магла выбраць час адвярнуцца нават на вечарынку. Пасля заканчэння дзесяцігодкі яна паступіла вучыцца на ткачыху.
На свята Кастрычніка Фёдар у суправаджэнні бацькі і кума прыйшоў да Рэгіны ў сваты.
— Грошай многа не было, але вяселле справілі добрае, — успамінае жанчына. — Гэта зараз прывыклі да раскошы, а ў той час было прасцей. Бацькі нагналі гарэлкі, напяклі аладак, наварылі бульбы, сабралі на сталы тое-сёе. Было весела, гулялі цэлы тыдзень, пераязджаючы ад адной хаты да другой.
Пасля жаніцьбы вырашылі жыць у Оршы. Фёдар адразу ўладкаваўся на завод токарам-фрэзероўшчыкам. Яго стараннасць і руплівасць не засталіся без увагі. Як лепшаму работніку, Фёдару даверылі прадстаўляць завод на важным пасяджэнні ў Мінску, выступіць з дакладам. Калі вярнуўся, яго адразу павысілі да майстра. На гэтай пасадзе адпрацаваў 36 гадоў.
Кватэру атрымалі ў Барані. У Трасцянцы ж засталіся старыя бацькі. Рэгіна Мікалаеўна расказвае:
— У пятніцу пасля работы чатыры кіламетры ішлі на электрычку. Са Слаўнага зноў пяць кіламетраў. Калі бацькоў не стала, працягвалі ездзіць, бо шкада было хаты. Столькі ж працы ўклалі ў гэтую зямлю.
Фёдар Васільевіч дадае:
— Хутка завод перастаў дзейнічаць. Вырашылі кватэру прадаць і перабрацца на бацькоўскую сядзібу. Кожны год прыходзіцца нешта паднаўляць, падбудоўваць, але кідаць яе не збіраемся…
Ён з гонарам паказаў змайстраваную ім цяпліцу, калёсы. Растлумачыў, што каня ў вёсцы лягчэй знайсці, чым воз.
Залатое вяселле шумела на ўсю вёску. Суседзі, сябры прыйшлі павіншаваць “маладых”. Лугаўцовы знаходзяцца ў добрых узаемаадносінах з усімі аднавяскоўцамі. Іх паважаюць за працавітасць, сумленнасць, дружалюбнасць. Вясёлае застолле, смачныя закускі, жарты, спевы — усё было прадумана да дробязей. Такое запамінальнае свята арганізавалі дзеці. Дачка Таццяна жыве ў Рызе, прыязджае раз на год. Яна ганарыцца бацькамі і вельмі рада, што палову стагоддзя ў шлюбе можна пражыць дзякуючы каханню і ўзаемаразуменню. Сын Генадзь закончыў Магілёўскае музычнае вучылішча, інстытут культуры, раней спяваў у вакальным ансамблі “Чысты голас”. Глыбокай сыноўняй любоўю былі напоўнены радкі песні ў яго выкананні:
Дорогие мои старики,
дайте я вас сейчас расцелую.
Молодые мои старики,
Мы еще, мы еще повоюем…
Свята працягвалася ў мясцовым сельскім клубе. Прыемным сюрпрызам стаў канцэрт вядомай вакальнай групы “Александрына” Коханаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Задушэўнымі мелодыямі і песнямі павіншавалі артысты юбіляраў.
Зноў надзеты вянок Рэгіны Мікалаеўны з першага вяселля стаў сімвалам перамогі кахання над жыццёвымі выпрабаваннямі і ўзростам.
А. СЕРАДА.