Я ВАМ СПЯЮ ЯШЧЭ НЕ РАЗ

9 августа 2011 6:05

Няма на свеце таго чалавека, які б абыякава ставіўся да музыкі. Кожны аддае перавагу пэўнаму жанру, накірунку, выканаўцу. Як няма аднолькавых людзей, так няма і аднолькавай музыкі: нямала ёсць песень-аднадзёнак, пра якія ніхто і не ўспомніць, калі пройдзе год-другі, а ёсць і тыя, якія жывуць дзесяцігоддзямі, натхняюць, радуюць, дапамагаюць у жыццёвых складанасцях. Яны нясуць глыбокі сэнс, адлюстроўваюць не адзін дзень, а цэлую эпоху. Менавіта гэтыя песні сталі асноўнымі ў рэпертуары Пятра Рыгоравіча Якушава, які нарадзіўся на Талачыншчыне, а цяпер жыве і працуе ў гарадскім пасёлку Леніна, што ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці.

Станаўленне таленту

Бацькі Пятра Якушава па сваёй прафесійнай дзейнасці не былі звязаныя з мастацтвам, але музыка ў хаце гучала — маці часта выконвала народныя песні. Душэўныя, меладычныя, яны не пакінулі маленькага Пецю абыякавым, з дзяцінства ў яго нарадзілася трапяткое пачуццё любові да песні, жаданне самому выконваць і дарыць слухачам радасць. У дзесяцігадовым узросце хлопчык упершыню выйшаў на школьную сцэну, а пасля і на сцэну гарадскога Дома культуры. Нават цяпер, праз шмат гадоў, Пётр Рыгоравіч можа назваць кампазіцыі, якія выконваў у школьныя гады. Сярод іх былі і рускія народныя, і аўтарскія, але больш усяго даспадобы падлетку прыйшліся песні з рэпертуару Мусліма Магамаева.

— У мяне было два завочныя настаўнікі, — успамінае Пётр Рыгоравіч, — эстонскі спявак Георг Карлавіч Отс і Муслім Магаметавіч Магамаеў. Дарэчы, песні з рэпертуара апошняга дзесьці з шаснаццацігадовага ўзросту я стаў выконваць са сцэны.

Нягледзячы на актыўную творчую дзейнасць, марыў Пеця Якушаў вывучыцца на лётчыка. Скончыўшы дзесяць класаў сярэдняй школы №1 г. Талачына, спрабаваў паступіць спачатку ў Чарнігаўскае ваеннае вучылішча, потым — у Мінскае вучылішча грамадзянскай авіяцыі, дзе яму прапанавалі замест лётчыка пайсці вучыцца на тэхніка. Пасля няўдалых спробаў стаць ваенным Пётр вырашыў паспрабаваць сябе ў музыцы, прыйшоў у кансерваторыю, але па ўзросце яшчэ не мог туды паступаць. Вярнуўся ў родны Талачын, дзе ўладкаваўся слесарам на крухмальны завод.

Праз год, па парадзе сябра Аляксандра Шныркевіча, які на той час вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце, паступіў на літаратурна-музычны факультэт гэтай навучальнай установы. Не маючы пачатковай музычнай адукацыі, акрамя тых ведаў, якія дала агульнаадукацыйная школа, Пётр Якушаў уступныя экзамены музычнага профілю вытрымаў на выдатна. Падчас вучобы ўдзельнічаў у конкурсах выканаўцаў, набываў неабходны вопыт і практыку сцэнічнага і вакальнага майстэрства. Пасля заканчэння інстытута малады выкладчык музыкі і беларускай мовы і літаратуры па размеркаванні трапіў у Ваўкавысскае педагагічнае вучылішча, адкуль потым пайшоў у армію.

Падчас службы з музыкай не развітваўся — быў салістам ансамбля Забайкальскай ваеннай акругі.

На работу ў Ваўкавыск не вярнуўся, даведаўся, што ў Горацкім раёне ў гарадскім пасёлку Леніна пачынае работу новае педагагічнае вучылішча, і прыехаў на Магілёўшчыну. Пётр Рыгоравіч стаў адным з першых выкладчыкаў вучылішча, працуе там і цяпер.

За трыццаць шэсць гадоў работы ёсць што ўспомніць. Таленавіты выканаўца стаў пастаянным удзельнікам канцэртаў і прызёрам шматлікіх конкурсаў рознага ўзроўню. На рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў беларускай песні заняў другое месца і быў узнагароджаны каштоўным падарункам. На конкурсе самадзейнасці сярод працоўных калектываў Горацкага раёна выступленне Пятра Якушава прынесла педагагічнаму каледжу першае месца. Не замінае творчая дзейнасць прафесійнай. Доўгі час ён выконваў абавязкі загадчыка прадметна-цыклавой камісіі (адпавядае загадчыку кафедры ў вну), неаднаразова быў сакратаром прыёмнай камісіі, шмат гадоў з’яўляецца сакратаром педагагічнага савета. У калектыве цэняць і паважаюць выкладчыка Якушава.

— Пётр Рыгоравіч не толькі творчы чалавек, таленавіты выканаўца, але і выдатны педагог, — расказвае дырэктар педагагічнага каледжа кандыдат фізіка-матэматычных навук Сяргей Барысавіч Пянчанскі, — за добрасумленную працу ён узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нядаўна наш каледж прайшоў сертыфікацыю на адпаведнасць міжнародным стандартам, што з’яўляецца паказчыкам высокай якасці адукацыі, якую нашы выкладчыкі прапануюць навучэнцам.

Пятра Рыгоравіча вельмі любяць навучэнцы, ён умее знайсці падыход да кожнага. Апошнім часам больш увагі стаў удзяляць менавіта творчасці, цяпер ён запрашае гледачоў і на сольныя канцэрты. Але гэта не перашкаджае яму, як і раней, актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх святочных мерапрыемствах у каледжы, раёне і вобласці.

На малой радзіме

Пашчасціла і талачынцам пачуць лірычны барытон Пятра Якушава. У родны горад выканаўца прыехаў у святочны дзень, 3 ліпеня. Пытаюся, як адчуваў сябе, ці хваляваўся, гэта ж першае выступленне ў Талачыне.

— Хваляваўся як ніколі дагэтуль. Нават, калі заўважылі, спачатку мікрафон трымаў абедзвюма рукамі, хаця звычайна так не раблю. А потым, калі прыкмеціў, што гледачы добразычлівыя, адкрытыя, адчуў сябе больш упэўненым. Я вельмі ўдзячны талачынцам за цёплы прыём і падтрымку. Трэба сказаць і пра гукааператара Вадзіма Ляшчанку, які шмат папрацаваў, каб канцэрт прайшоў на высокім узроўні. Ініцыятарам майго сольнага выступлення стаў Валерый Зайцаў, з якім мы сябруем з дзяцінства. Ён жа прапанаваў супрацоўнічаць і надалей, таму, думаю, у родным горадзе я яшчэ спяю.

У рэпертуары спевака песні такіх выканаўцаў, як Л. Лешчанка, М. Магамаеў, Я. Еўдакімаў, М. Гнацюк, ансамбля “Сябры”, ёсць і народныя песні. Частка іх прагучала на канцэрце ў Талачыне. Адказ на пытанне, ці ёсць сярод мноства кампазіцый любімая, выклікае складанасць.

— Усе песні, якія я выконваю, прайшлі праз сэрца, закранулі душу, яны аднолькава для мяне любімыя і важныя. Думаю, у творчасці гэта адна з асноўных умоў поспеху — уменне адчуць твор, ягоны настрой і перадаць слухачам. Таксама важныя складаемыя правільна падабраны рэпертуар і рэгулярныя рэпетыцыі, пастаянная работа па ўдасканальванні сваіх вакальных даных. Як толькі з’яўляецца свабодная хвілінка, я стараюся скарыстаць яе для рэпетыцыі.

Сям’я і захапленні

Жывучы ў такім актыўным рытме, складана знайсці час для сябе, а тым больш для нейкага любімага занятку, асабліва калі ёсць сям’я, якая патрабуе і ўвагі, і клопату, і часу. А сям’я ў Пятра Рыгоравіча вялікая — жонка, два сыны, унук і ўнучка. Дзеці абралі для сябе не творчыя прафесіі, хаця, па словах бацькі, у абодвух нядрэнныя вакальныя даныя, а ў малодшага тэмбр голасу падобны да бацькавага. Цяпер Пётр Рыгоравіч стараецца захапіць музыкай унукаў.

Нярэдка Пятра Якушава можна ўбачыць з вудай на рэчцы. І не мае значэння, зіма на дварэ ці лета. Пра сваё дасягненне гаворыць з гонарам — за два месяцы мінулага года налавіў 126 карпаў, кожны вагой ад 3 да 4 кілаграмаў. Самому столькі і не патрэбна, давялося частаваць і сяброў, і знаёмых.

Галоўным жа захапленнем і любоўю застаецца музыка. Яна і натхняе, і дапамагае, і радуе, і дорыць радасць іншым.

А. КУЗЬМІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Прямые линии

Компьютеры, телефоны

Ритуальные услуги

Мисс Беларусь 2020

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Август 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июль   Сен »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей