У ПЕРШЫ ГОД – АДРАЗУ Ж ПЕРШЫ
Жнівовы прыпар — тая пара года, калі на дасягненне агульнай мэты па ўборцы вырашчанага ўраджаю накіраваны намаганні амаль усіх працаўнікоў сяла. Добрай падмогай вопыту ў гэтыя дні становіцца і ўклад моладзі. Сёлета, напрыклад, на палетках раёна шчыруюць 14 маладзёжных экіпажаў, 4 маладыя вадзіцелі занятыя на адвозцы збожжа.
Ва УП “Рыдамльскі” разам з больш вопытнымі механізатарамі, ні ў чым не саступаючы ім, у жніве прымаюць удзел два маладзёжныя экіпажы — браты Арцём і Яўген Паподзькі, а таксама Андрэй і Ігар Зайцавы. Збожжа ад камбайнаў адвозіць Андрэй Бакуноў. У мінулы чацвер, 4 жніўня, гаспадарку наведалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вера Іванаўна Зуева і загадчыца аддзела райвыканкама па справах моладзі Галіна Анатольеўна Рабікава. Разам з імі завіталі да хлебаробаў і самадзейныя артысты гарадскога Дома культуры. І невыпадкова, падставай стала прыемнае — Андрэй Бакуноў першым у раёне сярод маладых вадзіцеляў перавёз на аўтамашыне МАЗ-555102 больш за 1000 тон збожжа. Прычым усяго на дзень у аналагічных абласных спаборніцтвах яго апярэдзіў калега з суседняга Чашніцкага раёна.
— Перамога ў спаборніцтвах для мяне — не самамэта, — зазначыў малады вадзіцель. — Галоўнае — добрыя вынікі ва ўборцы для нашай гаспадаркі, нельга марудзіць ні хвіліны.
Сціпласць хлопца, дарэчы, — гэта тое першае, што кінулася ў вочы пры сустрэчы. А яшчэ шчырасць, што адзначаюць сярод рыс характару ўсе ў сельгаспрадпрыемстве. Андрэй Бакуноў працуе тут толькі першы год, пераехаў з Сенненшчыны разам з сям’ёй — жонкай, трохгадовым сынам і гадавалай дачуркай, а таксама цешчай. За кароткі час заваяваў добры аўтарытэт і ў калег, і ў адміністрацыі прадпрыемства.
— Андрэя ніколі не трэба ўгаворваць нешта зрабіць, калі яно нават і не адносіцца да непасрэдных абавязкаў, — гаворыць старшыня прафкама гаспадаркі Алена Аляксееўна Дубоўская. — Гэта старанны, адказны работнік, надзейны чалавек.
За свае працоўныя здабыткі Андрэй Бакуноў атрымаў ад аддзела райвыканкама і райкама прафсаюза АПК падарункі, а самадзейныя артысты выканалі для ўсіх удзельнікаў жніва ў гаспадарцы беларускія народныя песні. Урачыстае мерапрыемства праходзіла на хлебным полі, якое сёлета прыносіць усё новыя і новыя здабыткі. Будуць яшчэ і больш важкія з іх.
Г. РАБІКАВА, І. СНАРАЎ.