ЖЫВЁЛА БУДЗЕ З КАРМАМІ
Даджлівае надвор’е на мінулым тыдні затрымала завяршэнне ўборкі зерневых і зернебабовых у ААТ “Каралькі”. Уборачных плошчаў у гаспадарцы налічваецца 1813 гектараў. Засталося ўбраць каля 300 га. Валавы збор складае 4 479 тон збожжа пры ўраджайнасці 30 цэнтнераў з гектара. Расказвае выконваючая абавязкі дырэктара гаспадаркі Галіна Анатольеўна Котава:
— Зараз вельмі напружаная пара. Ідзе ўзворванне глебы пад азімыя. У хуткім часе будуць набытыя элітныя гатункі пшаніцы, насенне жыта маем сваё. Пад іх пасеў адведзена 850 гектараў. На даным этапе ў гаспадарцы заканчваецца сяўба рапсу. Нарыхтавалі шмат саломы, і прасаванне яе будзе прадаўжацца, зімою значная частка пойдзе на подсціл. Стаіць добрая кукуруза.
На сённяшні дзень нарыхтавана 18 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, а плануюць мець не менш 30 цэнтнераў кармавых адзінак. На будучы год у планах увесці новую сушыльную ўстаноўку, а на ферме №5 — завяршыць работы па замене кармушак на кармавы стол.
А. СЕРАДА.