“ТЫСЯЧНІК” УСЮДЫ ЗАСТАНЕЦЦА “ТЫСЯЧНІКАМ”
24 жніўня прымаў традыцыйныя віншаванні чарговы “тысячнік” на ўборцы, гэтым разам з “Камсамольскай праўды”.
Ігар Саян пераехаў на Талачыншчыну з Круглянскага раёна тры гады таму. Ва ўборцы ў нас удзельнічае другі сезон, а ўвогуле ў сельскай гаспадарцы працуе з 1988 года.
— Запрашалі мяне і старшыня, і галоўны аграном, — успамінае ён, — а яшчэ якраз у нас школа зачынілася, дзецям давялося б у Круглае кожны дзень ездзіць, таму я згадзіўся.
Запрашалі Ігара недарэмна, у яго асобе гаспадарка атрымала яшчэ аднаго талковага і працавітага механізатара, які робіць важкі ўклад ва ўмацаванне дабрабыту прадпрыемства. На Кругляншчыне ён ужо неаднаразова дасягаў у намалоце тысячнага рубяжа. І на новым месцы, як відаць, таксама не збіраецца збаўляць рытм і расслабляцца. Вопыт, уменне, любоў да працы — усе гэтыя якасці, калі яны сапраўды ёсць у чалавека, застаюцца з ім назаўсёды, незалежна ад таго, дзе яму давядзецца жыць і працаваць.
С. АБРАМОВІЧ.