АДМЕТНАЯ ДАТА

2 сентября 2011 13:55

ГЭТЫ ЧАЛАВЕК БАГАТЫ ЎСІМІ ЗДАБЫТКАМІ ЗЯМНЫМІ

Днямі жыхар вёскі Замошша Серкавіцкага сельскага Савета Міхаіл Міхайлавіч Ткачэнка адзначыў свой чарговы дзень нараджэння. І хоць ён не “круглы”, не з ліку юбілейных, але старшыня райвыканкама Аляксей Сілівестравіч Гарнак у сваім шчыльным рабочым графіку знайшоў час, каб завітаць да вядомага на Талачыншчыне механізатара, якім і зараз ганарацца і землякі-рыдамльчане, і ўвогуле ўсе працаўнікі, з якімі разам ён і ствараў славу талачынскаму краю ў бліскучыя на працоўныя дасягненні 60 — 70-я гады, а таксама на пачатку 80-х.

Замошша тады было ў “Рыдамльскім” асобнай брыгадай — са сваёю зямлёю, тэхнікай, падсобнымі памяшканнямі, жывёлагадоўчай фермай. Вызначалася брыгада і сваім моцным, згуртаваным касцяком механізатараў. Калі гаварылася “замашанскі”, дык расцэньвалася гэта як лепшы, шчыры да працы, адказны, сумленны чалавек. І калі справа ў саўгасе даходзіла да ўзнагарод, дык у масе сваёй гэта і былі механізатары з Замошша і Чырвонай Горкі — Рыгор Паўлавіч Дубавец, Аркадзь Іванавіч Недасека, Апанас Апанасавіч Кандыба, Якаў Іванавіч Пазнякоў, Віктар Аляксеевіч Будрэвіч, Мікалай Васільевіч Палубінскі і іншыя.

Ні ў чым не хацелася ўступаць старэйшым і паважаным па ўзросце і стажы работы людзям і яму, хто толькі ўчора яшчэ, здавалася, пачынаў у іх плугаром, уважліва сачыў за кожным рухам сваіх вяскоўцаў-механізатараў і па-добраму зайздросціў ім. Пасля службы ў арміі Міхаіл Ткачэнка закончыў курсы пры машынна-трактарнай станцыі і ў хуткасці ўжо самастойна павёў свой калёсны, “са шпорамі”, “Універсал”. Стараўся, намагаўся быць на ўзроўні з больш вопытнымі. А ішоў яму тады толькі 21-ы год. Палюбілася праца, адчуў хлопец, што яна па ім, па яго няўрымслівай натуры і бясконцай энергіі.

— Рабілі мы тады суткамі, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч, — дамашнія нас амаль што не бачылі. Прыхоплівалі з сабою бохан хлеба, збаночак малака, кавалачак сала — і так з дня ў дзень абходзілася. А захочаш вады, вусны смягнуць, дык працэдзіш яе з канавы, пап’еш — і працуеш далей…

Не было той маркі тэхнікі, на якой бы не давялося яму парабіць. Не мінулі яго здатных да машын рук і МТЗ-5, ДТ-75, “Кіравец”, камбайны “Колас” і “Ніва”…

Міхаіл Міхайлавіч можа пра іх і той час расказваць бясконца, і ўсё цікавае, бо яно жыццёвае, зямное і рамантычнае. Хоць прыходзілася шмат пераадольваць. Не мірыўся з гультайствам іншых людзей, не цярпеў абыякавасці, пустаслоўя…

— Розныя людзі і тады былі, — даводзіць Міхаіл Міхайлавіч, — але калі гаварылася ім нешта справядлівае, прама ў вочы — было разуменне. Тады няўменне і нежаданне працаваць асуджалася, было ганьбай. А куды ад іх дзявацца? Рабіць вывады і толькі працаваць. Канешне, і ўмовы былі не тыя, што зараз. Цяпер у трактары ці камбайне сядзяць, як у верталёце. Кандыцыянер ёсць, некаторыя ў шортах і майцы. А тады паспрабуй распрануцца — пыльна было, брудна. Аміячку ўносілі прымітыўным спосабам. Налівалі ў бочкі — і распырсквалі.

Перавагу над іншымі давала ім вялікае жаданне вырасціць на сваіх глінах і суглінках вялікія ўраджаі. І зямля бацькоў і дзядоў, на якой атрымлівалі раней мізэр, адгукнулася на іх клопат і шчыраванне. Тут, у Замошшы, сталі атрымліваць на круг амаль утрая больш ранейшага. Даходзіла да 28 — 30 цэнтнераў з гектара. Гэта ўжо быў для гаспадаркі хлеб. Атрымлівалі і выдатныя ўраджаі буракоў, траў. Было чым накарміць жывёлу, раслі надоі. З адной тэхнікі Міхаіл Ткачэнка перасаджваўся на другую, сам узнімаў глебу, рыхтаваў яе пад сяўбу, рабіў догляд, а затым і збіраў ураджай.

У красавіку 1971 года Міхаіл Міхайлавіч за высокія паказчыкі ў працы ўдастойваецца ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, а праз два гады, у 1973 годзе, — яго ўзнагародай за працу становіцца ордэн Леніна. Заставалася нейкая адна-другая ступенька, быў вопыт, каб дасягнуць і да Залатой Зоркі, ды пачаўся развал вялікай краіны. Не па ўзнагародах сумавалі яго рукі, а па знаёмай, блізкай яго сэрцу працы. Абураўся працаўнік бязладдзем, якое літаральна абрынулася на краіну. Не мог спакойна назіраць, як стала пранікаць зараза бяздушша і ў іх аддалены, у глыбінцы раёна, куточак. Сталі людзі зрывацца з родных мясцін, лічылі больш грошы, а не з працай спраўляліся. А хутка не стала і грошай… А ён па-ранейшаму працаваў, рамантаваў старэнькую тэхніку, машыны. Не ўяўляў, як гэта вясною не пасеяць, а ўвосень не сабраць ураджай. Ды і дзеткі ўжо выраслі, ім трэба было даваць адукацыю, выпраўляць у людзі.

Тры дачкі ў іх — Вольга, Люба, Алена, і сын — Канстанцін. Выдзяляліся матэматычнымі здольнасцямі, вучыліся выдатна. Уласна, усе і атрымалі вышэйшую адукацыю.

Гэтак жа, як муж, працавала і Аляксандра Філімонаўна. Усё яе працоўнае жыццё прайшло ў жывёлагадоўлі, даіла кароў. Яе працоўныя здабыткі адзначаны шматлікімі граматамі, падзякамі, медалём “За трудовое отличие”.

Віншуючы Міхаіла Міхайлавіча з асабістай падзеяй у жыцці, Аляксей Сілівестравіч Гарнак сардэчна, з уласцівым яму разуменнем псіхалогіі сельскага працаўніка адзначыў: “Вы слаўна папрацавалі, і вас высока ацаніла Радзіма. Вы, хачу заўважыць з усёю павагай да вашых заслуг, — залаты фонд лепшых працаўнікоў раёна. Вас цэняць і зараз у родным прадпрыемстве, на Талачыншчыне. У нашым жыцці няма нічога вышэй за людскую ацэнку, і гэта самае дарагое, што даецца чалавеку за яго працу, прыстойнасць, чалавечнасць…”


Кіраўнік раёна ўручыў Міхаілу Міхайлавічу Ткачэнку каштоўны падарунак, словы віншавання адрасавалі таксама старшыня райсавета дэпутатаў Георгій Георгіевіч Мурашка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вера Іванаўна Зуева, дырэктар сельгаспрадпрыемства “Рыдамльскі” Васіль Аляксеевіч Хадневіч.

В. БІРУКОЎ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Год малой родины

75-летие Победы

Прямые линии

Ритуальные услуги

Мисс Беларусь 2020

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Сентябрь 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Архив новостей