АСАБІСТЫЯ СОТКІ
ДА ЯЕ — З ДУШОЙ, ЯНА ДА ЦЯБЕ — З БАГАЦЦЕМ
Захоўваць бацькоўскі кут больш проста ў горадзе, як гэта ні парадаксальна, чым у вёсцы. Калі ў вёсцы застаўся па спадчыне дом, то яго, як ні глядзі, ні абараняй, усё роўна не пакінуць у спакоі. А колькі б мы маглі захаваць прыгажосці, калі б заставаліся стаяць хаты — з садамі, пчальнікамі, агародамі і г.д. Але колькі нас жыццё ні выпрабоўвае, мы, калі і вучымся, дык толькі на сваіх памылках.
Добра, што хоць у райцэнтры яно інакш.
— Я з вялікім жаданнем, — расказаў жыхар Талачына Леанід Андрэевіч Скарупа, — працую на бацькоўскіх сотках, якія засталіся нам з сястрой Галінай па спадчыне. Што ў кватэры рабіць, а часу на пенсіі хапае, вось і імчу сюды. Усё неабходнае для сябе і для дзяцей вырошчваем. Пяць сотак, але хапае гародніны і ў свежым выглядзе, і для прыгатавання закатак. Калі б было прасцей з арганікай, то і наогул трымаць агарод у горадзе без праблем. Вырашчанае сваімі рукамі дастаўляе асаблівую асалоду, не лішняе на нашым стале. Вітамінная прадукцыя карысная і патрэбная чалавеку. Атрымліваем задавальненне і ад занятку, час праходзіць непрыкметна, ды і вопыт гаспадарання набываецца, весялей сябе адчуваеш, дадаецца бадзёрасці і здароўя…
У сям’і бацькоў іх было пяцёра дзяцей. Таму, хоць і жылі ў горадзе, з зямлёю не расставаліся. У 1951 годзе набылі вось гэты домік (на здымку) з участкам. Трымалі карову, шмат свіней, іншую жыўнасць. Дзеці таксама працавалі, дапамагалі бацькам нарыхтоўваць сена, пасвілі радоўку. Пасвілі рагуль гэтай часткі горада ў прылягаючым лясным масіве, больш нідзе не было пашы. Пратрымаліся з буронкай да пачатку 90-х гадоў. Калі маці было ўжо за 80 год, прыйшлося з карміліцай развітацца, але казу трымала да апошняга.
— Усё расце, — гаворыць Леанід Андрэевіч, — дык чаму ж яго не вырошчваць. Усё дарагое ў родным куце, ён нам маральная і матэрыяльная падтрымка.
В. БІРУКОЎ.