УСЕ РАБОТЫ ВАЖНЫЯ, НЕАДКЛАДНЫЯ
У ААТ “Друцк-Агра” ў гэтым годзе план сяўбы азімых культур складае 550 гектараў. З іх на сённяшні дзень у гаспадарцы засеяна звыш 300 гектараў. Пад азімыя выкарыстоўваецца пратручанае насенне пшаніцы Капылянка і жыта Сяброўка. На падрыхтоўцы глебы працуюць Аляксей Лічонак і Генадзь Ціханаў, на ўнясенні калійных і фосфарных удабрэнняў — Уладзімір Прыстромаў, на сяўбе — малады механізатар Аляксандр Караткевіч. На падрыхтоўцы глебы і пасеве механізатары працуюць увесь светлавы дзень.
Летась ураджайнасць азімых тут склала 30 цэнтнераў з гектара. Сёлета дзякуючы ўнясенню большай колькасці ўдабрэнняў яе плануюць атрымаць прыкладна на 30 працэнтаў вышэй за дасягнуты ўзровень.
У даны момант вядзецца і ўборка кукурузы. Пад яе адведзена 229 гектараў. На ўборцы заняты Аляксей Губарэвіч, на адвозцы — Юрый Буры, Аляксандр Салтанаў і Уладзімір Карпузовіч. Ураджайнасць кукурузы ў сярэднім складае 280 цэнтнераў з гектара.
У хуткім часе завершацца работы па ўборцы саломы. Затым пачнецца ўздым зябліва.
С. МАРЦЫНКЕВІЧ.