НЕ ЗАБЫЦЬ НАМ ГЭТАГА НІКОЛІ
Паводле матэрыялаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за час акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Талачынскім раёне 6596 мірных жыхароў. За паўтара кіламетра на паўночны ўсход ад вёскі Маціёва, каля шашы Мінск — Масква, высіцца стэла з выявамі старога і жанчыны з дзіцем. Нянавісць да забойцаў дарослых, бездапаможнасць дзіцяці назаўсёды застылі ў камені як вечны напамін аб зверствах фашыстаў.
Урочышча Доўгава Балота… Яно знаходзіцца недалёка ад вёскі Маціёва, у хваёвым лесе. Месца гэта наводзіла жудасць на мясцовых жыхароў. Сюды на крытых грузавіках гітлераўцы дастаўлялі для расправы партыйных работнікаў, актывістаў, падпольшчыкаў, мірных людзей. Тых, хто не змірыўся з “новым парадкам” і вёў непрымірымую барацьбу супраць захопнікаў. Мужчын і жанчын рознага ўзросту і сацыяльнага становішча, дзяцей і падлеткаў прыганялі пад канвоем на расстрэл з розных населеных пунктаў Талачынскага, Сенненскага, Круглянскага раёнаў.
Сведкаў тых страшных падзей амаль не засталося. Са слязамі на вачах расказвалі яны сваім дзецям і ўнукам аб жанчыне з дзяўчынкай. Маці расстралялі першай, а маленькае дзіця доўга плакала, пакуль фашысцкія нелюдзі не расправіліся і з ім.
Змучаных, параненых і хворых арыштантаў з турмы ў Талачыне гналі ў Доўгава Балота для знішчэння. Зімой і летам 1942 года гітлераўцы расстралялі каля 1500 чалавек. Усяго тут было загублена каля пяці тысяч чалавек…
У 1963 годзе астанкі ахвяр фашызму перазахаваныя ў адну магілу, а ў 1967 годзе пастаўлена стэла. Кожны год на Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь тут збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць загінуўшых, пакласці кветкі на магілу.
А. СЕРАДА.