СВЯТЛО ДУШЫ І СЭРЦА МАЛАДОСЦЬ
Святочная ўрачыстасць з нагоды 25-гадовага юбілею народнага клуба “Ветэран” гарадскога Дома культуры сабрала ў мінулую пятніцу яго сяброў і прыхільнікаў.
Адкрыла мерапрыемства выступленне народнага ветэранскага хору, якое яскрава прадэманстравала, што менавіта песня, творчасць і вызначылі асноўны накірунак дзейнасці ветэранскага клуба. Так, уласна, і задумвалася пры яго стварэнні. Аб гэтым гаварылі ў сваіх выступленнях член прэзідыума клуба “Ветэран”, на той час намеснік старшыні райвыканкама М.Ф. Завадскі і ганаровы грамадзянін нашага горада, член клуба А.А. Шнэйдар.
Як заўважыў у сваім паэтычным выступленні М.Л. Карніенка, праз дзейнасць клуба ён вызначыў і сваю грамадскую пазіцыю і знайшоў свой уласны лёс.
Прывітальны адрас ад імя раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў перадала юбілярам, віншуючы з добрымі здабыткамі на пройдзеным шляху, намеснік старшыні райвыканкама І.С. Галубкова.
Сказаў вітальнае слова і ўручыў падарункі ад аддзела культуры райвыканкама ўдзельнікам хору, актыўным членам і кіраўнікам клуба начальнік аддзела В.Ф. Зайцаў.
Словы падзякі ветэранам выказалі таксама, прысвяціўшы ім свае творчыя нумары, кіраўнік паэтычнай гасцёўні “Друць” Уладзімір Чаплянок, яе актыўная ўдзельніца з г.п. Коханава Ларыса Халецкая, выкладчык Талачынскай школы мастацтваў, кіраўнік дзіцячага хору школы Святлана Ерашова, хормайстар Вольга Клячко, кіраўнік клуба “Ветэран” Таісія Гашчанка, дырэктар гарадскога Дома культуры Кацярына Хадневіч і іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці.
Праходзіць час, змяняюцца людзі, ды нязменнымі застаюцца вернасць і адданасць клубу тых, хто займае актыўную пазіцыю ў жыцці, у грамадскіх справах. Сутнасць шматлікіх добрых спраў ветэранаў вайны і працы нашага горада вызначаюць словы, якія абраныя ў якасці дэвізу народнага клуба: “Главное, ребята, сердцем не стареть…”
У гэтым у чарговы раз пераканаліся ўсе, хто прымаў удзел у святкаванні з нагоды юбілею народнага клуба “Ветэран” ГДК.
В. БІРУКОЎ.