НАВАГОДНІЯ ТУРНІРЫ БАРЦОЎ
На мінулым тыдні ў Барысаве прайшоў рэспубліканскі навагодні турнір па грэка-рымскай барацьбе сярод юнакоў 1998-1999, а таксама 2000 — 2002 гадоў нараджэння. Гэта традыцыйныя буйныя спаборніцтвы, якія сёлета сабралі 260 спартсменаў з 17 каманд з усёй краіны. Упершыню ўдзел у турніры прынялі і нашы землякі.
Ва ўзроставай групе барцоў, якія нарадзіліся ў 2000 годзе і пазней, першае месца ў вагавой катэгорыі звыш 66 кілаграмаў заняў Мікалай Камлюк, браты Аляксей і Дзяніс Рэдкіны ўзняліся на трэцюю прыступку п’едэстала гонару ў вагавой катэгорыі да 28 кілаграмаў.
Зусім крыху не хапіла да прызавога месца яшчэ двум талачынцам — Аляксандру Калачову і Максіму Угліку. Як заўважыў трэнер нашых землякоў Ігар Фёдаравіч Галуза, і Аляксандр, і Максім праявілі вялікую волю да перамогі, сапраўдны барцоўскі характар і, нягледзячы на тое, што засталіся без медалёў, пакінулі аб сваім выступленні самыя найлепшыя ўражанні.
А заўтра, 29 снежня, навагодні турнір пройдзе ў зале барацьбы талачынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па вул. Энгельса. Удзел у ім прымуць мясцовыя выхаванцы 2000 — 2002 гадоў нараджэння. Пачатак спаборніцтваў у 10.30.