УЗРОВЕНЬ МЕДЫЦЫНЫ РАСЦЕ І КОЛЬКАСНА, І ЯКАСНА

4 января 2012 8:25

Здароўе насельніцтва і якасць медыцынскага абслугоўвання сёння залежаць не толькі ад прафесійнага ўзроўню ўрачоў. Як і любая іншая сфера жыццядзейнасці чалавека, медыцына патрабуе дасканалай, усебаковай тэхнічнай аснашчанасці. Без забяспечанасці самым сучасным абсталяваннем, самымі новымі навуковымі распрацоўкамі яна не зможа паўнацэнна выконваць свае функцыі.

Вялікая работа па ўдасканаленні матэрыяльнай базы медыцынскіх устаноў раёна пастаянна праводзіцца кіраўніцтвам нашай раённай бальніцы, у прыватнасці, яе галоўным урачом Аляксеем Вішнеўскім. Асаблівай павагі заслугоўваюць гэтыя старанні ў цяперашні нялёгкі час, калі знайсці спонсараў, зарабіць на платных паслугах, атрымаць грошы з бюджэту яшчэ цяжэй: усе лічаць кожную капейку, эканомяць і вучацца, хто яшчэ не навучыўся, разлічваць толькі на ўласныя сілы. У такіх умовах проста захаваць набытае, утрымацца на ранейшым узроўні — ужо дасягненне.

Тым не менш 2011 год быў адзначаны і сур’ёзнымі крокамі наперад, больш ці менш значнымі здзяйсненнямі па розных напрамках.

Канчатковая мэта — электронная карта

Камп’ютарам у наш час ужо нікога не здзівіш. Ён павінен быць у кабінеце кожнага спецыяліста, і кожны спецыяліст павінен валодаць ім дасканала і лёгка, як умее ён чытаць і пісаць.

Ідэальнае становішча ў арганізацыі работы з пацыентамі, да якога імкнецца сістэма аховы здароўя, — наяўнасць камп’ютара ў кожнага ўрача, уключанасць усіх іх у адзіную сетку і як вынік — магчымасць працаваць па прынцыпе электроннай амбулаторнай карты. Такая сістэма ўжо дзейнічае ў Паставах, рана ці позна прыйдзем да яе і мы, і ўся вобласць, і ўся краіна. І тады любы ўрач, прымаючы хворага, зможа не выходзячы з кабінета, не шукаючы картку (калі яна, напрыклад, дзе-небудзь згубіцца) прагледзець падрабязна ўсю гісторыю захворванняў, абследаванняў, лячэнняў, вакцынацыі і г.д. чалавека.

Галоўнае пытанне на цяперашні момант — закупка камп’ютараў. Сёлета, напрыклад, дзякуючы спонсарскай дапамозе (“Белтрубпласт”) і за ўласныя пазабюджэтныя сродкі былі закупленыя камп’ютары для коханаўскай і талачынскай раённай бальніц. У прыватнасці, у райбальніцы камп’ютарызаваныя кабінеты кардыёлага, эндакрынолага, рэгістратура дзіцячай кансультацыі, статыстыка стацыянара, лабараторыя.

4-5 камп’ютарных месцаў арганізоўваюцца кожны год, і гэтая работа будзе працягвацца.

Аналіз крыві — хутка, дакладна, без лішніх клопатаў

Разам з удасканаленнем фармальнага, арганізацыйнага боку абслугоўвання насельніцтва ажыццяўляецца ўвядзенне ва ўжытак новых тэхналогій абследаванняў і лячэння, новых бясплатных і платных паслуг.

Так, мадэрнізацыя клінікадыягнастычнай лабараторыі дазволіла значна ўдасканаліць правядзенне аналізаў крыві — паскорыць іх, павысіць якасць (дакладнасць вынікаў), а таксама пашырыць пералік даступных тыпаў аналізаў, а значыць — пазбавіць людзей ад неабходнасці ездзіць у Віцебск. Калі раней усё выконвалася ўручную — спецыялісты вывучалі пробы крыві пад мікраскопам, самі змешвалі іх з рэактывамі і праводзілі падлікі па формулах, то цяпер усё гэта робіць тэхніка — набытыя для гэтай мэты гематалагічны і біяхімічны аналізатары. Усе тыя сотні і тысячы прабірак, якія ў недалёкім мінулым праходзілі за дзень праз рукі людзей, цяпер праходзяць праз механізмы аналізатара, і вывучае іх, робіць высновы аб’ектыўны, высокадакладны і нястомны камп’ютар, а не жывы чалавек.

— Вялікі прарыў зрабілі мы па імунаферментным абследаванні, — расказвае загадчыца лабараторыі Антаніна Курашэвіч (на здымку – побач з біяхімічным аналізатарам). — Дзякуючы асваенню больш складаных, высокатэхналагічных рэакцый цяпер можам вывучаць гармоны шчытападобнай залозы, выяўляць на самых ранніх стадыях, якія яшчэ не паддаюцца ультрагукавой дыягностыцы, ракавыя захворванні прастаты, яечнікаў, печані, падстраўнікавай залозы. Дастаткова здаць 5 мілілітраў крыві нашча — і праз 10 дзён можна даведацца вынікі. Плануем яшчэ набыць новыя маркёры, якія дазволяць дыягнаставаць рак малочнай залозы, можа быць, кішэчніка, будзем глядзець па статыстыцы, якія захворванні часцей сустракаюцца ў раёне.

Прыгажосць усмешак стане больш даступнай

Прыемная навіна чакае і пацыентаў стаматолага. У бальніцы ўжо ёсць  абсталяванне для вырабу літых каронак. Раней даводзілася рабіць злепкі з воску і дастаўляць іх у Оршу. На гэта патрабавалася больш часу, а ў працэсе транспарціроўкі злепкі маглі і дэфармавацца, напрыклад, ад гарачыні летам. Цяпер жа, пасля завяршэння некаторых работ і запуску абсталявання, усе гэтыя працэсы будуць праходзіць на месцы, у сценах нашай стаматалогіі. Больш за тое, пасля набыцця дадатковага абсталявання нашыя спецыялісты збіраюцца асвоіць у першым квартале і металакераміку.

У платным кабінеце працуе новая стаматалагічная ўстаноўка —  “Белдэнт-2″ (на здымку), выпушчаная ў Гомелі, але па амерыканскай тэхналогіі і з выкарыстаннем імпартных камплектуючых. Яна адпавядае ўсім сучасным стандартам: удасканалены кампрэсар з паніжаным узроўнем шуму, магчымасць навешвання дадатковага абсталявання, эрганамічнасаць, зручнасць маніпуліравання.

Словам, павышэнне аператыўнасці і якасці работы стаматалогіі ў бліжэйшы час нам гарантаваныя.

Нагрузка ранейшая, а спраўляцца лягчэй

Нельга абысці ўвагай і такі набытак бальніцы, як новы аўтаклаў (камера для стэрылізацыі матэрыялаў і інструментарыя парай).

— Стары таксама спраўны, — тлумачыць санітар-аўтаклавіст Людміла Голікава (на здымку), — але зараз стаіць у рэзерве. З-за зношанасці, спрацаванасці пры яго выкарыстанні патрабавалася больш часу на высушванне матэрыялаў, а таму цяжка было якасна выканаць вялікія аб’ёмы работы. Цяпер жа працуем без напружанасці, і пры гэтым усе матэрыялы апрацаваныя належным чынам, пастэрылізаваныя і высушаныя.

Кадры маладзеюць, абнаўляюцца, сталеюць і набіраюцца вопыту

Аб тым, што раённая сістэма аховы здароўя развіваецца і мае перспектывы, сведчыць і сітуацыя з кадрамі.

— Маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну застаюцца ў нас, — паведаміў галоўны ўрач Аляксей Вішнеўскі. — За апошнія два гады нас пакінулі толькі два спецыялісты, але з улікам таго, што прыходзяць новыя, агульная колькасць урачоў не змяншаецца, а нават расце. Маладых мы стараемся падтрымаць як можам, у матэрыяльным плане забяспечваем іх усім, што ў нашых сілах: узровень зарплаты, жыллёвае пытанне і г.д.

Зразумела, калі застаюцца ў раёне маладыя ўрачы, то гэта значыць, што з цягам часу ў нас папоўняцца рады больш вопытных, прафесійных, аўтарытэтных спецыялістаў, якімі паступова стануць сённяшнія выпускнікі ўніверсітэта.

Сёлета да паслуг насельніцтва з’явіўся ў бальніцы яшчэ і псіхолаг. Гэты спецыяліст праводзіць трэнінгі, анкетаванне для выяўлення псіхалагічных праблем, і звярнуцца да яго можа кожны, хто адчувае патрэбу ў дапамозе ў сувязі з дэпрэсіяй і іншымі негатыўнымі з’явамі, выкліканымі сучасным жыццём. Яно, як вядома, поўнае стрэсаў, стварае вялікую нагрузку на нервовую сістэму, і зняць напружанасць, гарманізаваць адносіны з людзьмі здольны дапамагчы кампетэнтны спецыяліст.

* * *

Мяркуючы па апошніх станоўчых зрухах у дзейнасці нашай сістэмы аховы здароўя, нягледзячы ні на якія аб’ектыўныя знешнія цяжкасці і перашкоды яна паціху, але ўпэўнена развіваецца і будзе развівацца далей. Дзякуючы нястомнай працы неабыякавых людзей, адданых сваёй справе, узровень медыцынскага абслугоўвання будзе расці і ў колькасным, і ў якасным выражэнні.

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Конкурс туристических фильмов

Ритуальные услуги

Земельные участки

ТехИнноПром 2019

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Январь 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей