ВЫСАКАРОДНЕЙШАЯ СПРАВА — СЛУЖЫЦЬ ЛЮДЗЯМ

5 января 2012 15:23

5 студзеня адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Ролю гэтых людзей у нашым жыцці пераацаніць немагчыма. Назначэнне і выплата пенсій і дапамог, забеспячэнне інвалідаў сродкамі тэхнічнай рэабілітацыі, абслугоўванне і дапамога састарэлым грамадзянам — гэта далёка не ўвесь пералік таго, чым займаюцца работнікі сферы сацыяльнай абароны насельніцтва. Інакш кажучы, галоўная іх задача — гэта любая дапамога людзям, якія трапляюць у складаную жыццёвую сітуацыю.

Ларыса Іванаўна Быхавец і Алена Анатольеўна Скуратава ўжо больш за дваццаць год працуюць сацыяльнымі работнікамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Талачынскага раёна. За гэты час для многіх адзінокіх састарэлых людзей на чыгуначнай станцыі і ў вёсцы Зялёная яны сталі роднымі і блізкімі, з кім можна пагутарыць, каму можна раскрыць сваю душу.

З разуменнем падысці да кожнага чалавека

На абслугоўванні ў Алены Анатольеўны знаходзяцца 10 чалавек. Наведвае яна іх па тры разы на тыдзень. Уся выкананая праца фіксуецца ў спецыяльна адведзеным для гэтага сшытку. Там жа захоўваюцца і касавыя чэкі.

Спраў хапае — дроў, брыкету, вады нанасіць, двор ад снегу расчысціць, дастаць са склепа бульбы, зазірнуць у магазін ці на пошту… Кожную просьбу трэба задаволіць.

— Душэўны чалавек, — з пяшчотай гаворыць пра яе 82-гадовая Галіна Францаўна Багдановіч, — ні ў чым не адмаўляе. І падлогу памые, і градкі праполе. Хату паклеіла, а калі хворая была, то нават і лячыла мяне. Па вясне папрасіла купіць камбікорму і чатыры курачкі — зрабіла, прывезці дапамог яе муж. Калі трэба, і ў выхадны дзень да мяне заходзіць.

Развітаўшыся з Галінай Францаўнай, мы разам з сацработнікам накіраваліся ў магазін па малако для 79-гадовай Валянціны Іванаўны Вырвіч. Яна ўжывае толькі “Любімае”, віцебскага вытворцы, а яго не аказалася ні ў адным з магазінаў на станцыі. Не заказваюць, дарагое. Прыйдзецца ехаць за ім у горад.

— На першы погляд здаецца, не такая ўжо і складаная наша праца, — разважае Алена Анатольеўна. — На справе ж усё не так. Кожнаму трэба дагадзіць. У мінулым годзе некаторыя з маіх падапечных былі прыкаваныя хваробай да ложка, наведваць іх даводзілася кожны дзень. Самі разумееце, што значыць ляжачы чалавек… Тым не менш я ніколі не імкнулася змяніць сваю працу. Прывыкла да людзей, а яны да мяне.

Выслухаць, паспагадаць, суцешыць

Ларыса Іванаўна Быхавец сваю працоўную дзейнасць пачынала на тэкстыльнай фабрыцы. Але больш даспадобы прыйшлася яе цяперашняя работа. Нездарма ўжо 23 гады дапамагае адзінокім пенсіянерам. Зараз у яе на абслугоўванні знаходзіцца 5 чалавек.

Марыі Рыгораўне Кацапавай аказвае паслугі з першых дзён сваёй працы. Пенсіянерцы ўжо 93 гады, і яна са слязамі на вачах скардзіцца на сваю долю  і настойліва просіцца ў дом для састарэлых.

— Навошта вам туды? Тут у вас дом, печ, тэлевізар, пенсію атрымліваеце. Няўжо дрэнна? — суцяшае яе Ларыса Іванаўна.

І так кожны раз. Часам размова зацягваецца на некалькі гадзін.

— Цяжка ў маральным плане. Заўсёды пасля такой размовы выходжу падаўленай, — расказвае жанчына.

Ідзём да 73-гадовай Клаўдзіі Ягораўны Шыцікавай. Тут неабходна расчысціць ад снегу сцежку, прынесці дроў, брыкету, вады і, вядома, пагутарыць.

— Сумна адной, — гаворыць бабуля, — сяджу, чакаю, пакуль прыйдзе сацыяльны работнік. Што б я без яе рабіла? Хоць пагаварыць ёсць з кім. Вельмі ж за гэта ёй удзячна.

Размовы з сацработнікам пенсіянеры чакаюць заўсёды. Для іх яна часам важней за ўсе іншыя справы. Хто ж іх больш выслухае, паспагадае, суцешыць, як не сацработнікі! Для пажылых і адзінокіх людзей яны, бадай, і ёсць той самы прамень сонца, які робіць іх жыццё ярчэйшым.

С. МАРЦЫНКЕВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Январь 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене