ПРАБЛЕМЫ ГАНДЛЮ
У ПАКУПНІКОЎ ЁСЦЬ ПРЭТЭНЗІІ — І АБГРУНТАВАНЫЯ, І СМЕХУ ВАРТЫЯ
Без штодзённага паходу ў прадуктовую краму мы не ўяўляем свайго жыцця. І хлеб, і малако, і мясныя вырабы купляюць нават вясковыя жыхары: сучасная цывілізацыя дазваляе і ў сельскай мясцовасці жыць, не трымаючы свіней ці карову. Таму любы нязначны збой у сістэме гандлю (парушэнне графіку работы па тэхнічных прычынах і г.д.) выклікае незадаволенасць і раздражняе, а больш сур’ёзныя праблемы, такія, як павышэнне цэн ці збядненне асартыменту, становяцца прычынай абгрунтаваных скаргаў і абурэння.
Пра тэхніку паклапаціліся, а пра людзей забылі
Праблемы з малочнай прадукцыяй, напэўна, ужо адчулі ўсе: збяднеў асартымент у гастраномах, сталі знікаць больш танныя прадукты. Таму не дзіўна, што на нядаўнюю “прамую лінію” са старшынёй райспажыўтаварыства Палянінай В.І. паступіла некалькі званкоў на гэтую тэму. Людзі абураліся і прасілі растлумачыць, чаму стала цяжка, а то і немагчыма набыць таннае малако і смятану.
Валянціна Іванаўна паведаміла, што праблема сапраўды існуе, але райспажыўтаварыства не мае да яе ўзнікнення ніякіх адносін: на паліцах крамаў і ў аўталаўках ёсць тая прадукцыя, якую прапаноўваюць пастаўшчыкі, і па тых цэнах, якія яны вызначаюць.
Даць тлумачэнне па гэтай сітуацыі мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Альхімовіча В.А. Па яго словах, перабоі з малочнай прадукцыяй у бліжэйшы час могуць і не закончыцца. Гэта звязана з тым, што некаторыя вытворцы ў вобласці (віцебскае ААТ “Малако”, Аршанскі малочны камбінат, Лепельскі малочнакансервавы камбінат) пачалі сезонныя работы па тэхнічным абслугоўванні і рамонце абсталявання. Талачынскі ж філіял Лепельскага МКК увогуле спыніў вытворчасць малака, зараз на яго базе ствараецца новае сумеснае прадпрыемства.
Прычына выглядае лагічнай і аб’ектыўнай. Але чаму павінны цярпець страты людзі? Чыноўнікі, кіраўнікі розных рангаў і профіляў не змаглі забяспечыць бесперабойныя пастаўкі жыццёва неабходнай прадукцыі — гэта відавочна, і ніякіх апраўданняў знайсці тут нельга.
З Віцебскага раёна ў Талачынскі — выпіць віна і піва?
Толькі не ўсе ўжываюць выключна малако ды кефір. Ёсць і незадаволеныя цэнамі аматары выпіць што-небудзь мацнейшае.
Жыхарка пасёлка Віцьба спыталася:
— Я прыязджаю ў Друцк і бачу, што віно там даражэйшае, чым у Талачыне. Чаму?
Калі ёй пачалі тлумачыць, узнікла і яшчэ адно пытанне:
— А чаму піва даражэйшае?
Мяркуючы па інтарэсах субяседніцы, можна было падумаць, што ў Друцк яна прыязджае выключна для таго, каб выпіць: не пра хлеб пыталася, не пра малако, не пра алей ці цукар, а пра віно ды піва. А калі гаварыць больш сур’ёзна, то нічога дзіўнага ці незаконнага ў розніцы коштаў няма: у райцэнтры спіртное прадае не толькі райспажыўтаварыства, таму даводзіцца зніжаць гандлёвую надбаўку, каб вытрымліваць канкурэнцыю. У Друцку ж канкурэнтных гандлёвых кропак няма, таму надбаўку можна і павысіць.
Але хіба гэта бяда? Алкаголь жа нармальны чалавек ужывае толькі па святах і ў невялікай колькасці, а таму не збяднее, калі заплаціць на некалькі капеек больш.
Кодэкс трэба не толькі чытаць, але і разумець
— Чаму ў крамах самаабслугоўвання ў мяне патрабуюць здаваць рукзак у камеру захоўвання? — задаў адзін грамадзянін філасофскае пытанне сусветнай важнасці і ў дадатак да яго прадэманстраваў свае глыбокія юрыдычныя веды: — у Грамадзянскім кодэксе сказана, што ніхто не можа быць прымушаны да заключэння дагавора. А калі я здаю рэчы ў камеру і бяру ключ з нумарам ад сваёй ячэйкі, то гэта ўжо не што іншае, як дагавор паміж мной і крамай. Атрымліваецца, што крама парушае Грамадзянскі кодэкс?
Зразумела, пытанне з разраду правакацыйных, і галоўная мэта яго аўтара — паставіць у тупік субяседнікаў, паіграць ім на нервах, патрабуючы, каб яму тлумачылі і даказвалі элементарныя рэчы. Давялося цярпліва і ветліва тлумачыць, спасылаючыся на правілы рознічнага гандлю. У выніку апанент адразу сам стаў у тупік, пачаў збівацца, блытацца, гаварыць не вельмі ўпэўнена, але ўсё ж больш-менш дастойна вытрымаў спрэчку, стараючыся не губляць веры ў сваю правату і знаходзіць больш-менш лагічныя аргументы, і ў рэшце рэшт папрасіў прыслаць яму адказ у пісьмовай форме.
Вось цікава, што адказалі б яму, калі б ён заявіў на аўтавакзале ці на чыгунцы, што не жадае купляць білет, бо набыццё білета — гэта таксама заключэнне дагавора? “Не хочаш — не трэба, ідзі пешшу”, — такі, напэўна, быў бы адказ. Аналагічна і прадавец у краме можа сказаць: “Не хочаце здаваць рукзак, не задаволеныя такім патрабаваннем? Ніхто не прымушае, ідзіце сабе ў іншую краму, дзе няма самаабслугоўвання”.
* * *
Хочацца спадзявацца, што рамонтныя работы на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах хутка закончацца, а разам з гэтым вернуцца і ранейшыя аб’ёмы прадукцыі на прылаўкі крамаў і ў аўталаўкі. А вось віно з півам ды іншыя “карысныя” і “жыццёва неабходныя” прадукты — зусім не праблема, не прапалі б мы, калі б іх увогуле не стала. І Грамадзянскі кодэкс, дарэчы, зусім не абавязкова штудзіраваць, збіраючыся ва ўніверсам па хлеб і каўбасу — трэба проста да людзей больш добразычліва і з разуменнем адносіцца, а не шукаць падставу “правы пакачаць”, бо сапраўдных праблем усім і так хапае.
С. АБРАМОВІЧ.