НЯЛЁГКІ ЛЁС, АЛЕ ЖЫЦЦЁ – ТАКОЕ ЦУДОЎНАЕ І ЯРКАЕ!

10 февраля 2012 9:10

Вера Барысаўна Баравік — адна з нямногіх жыхароў, якія засталіся ў апусцелых цяпер Засценках. Упэўнена, настойліва трымаецца за родную хату, за гаспадарку, хоць дзеці прапаноўвалі забраць яе да сябе (адна дачка жыве ў Віцебску, другая — у Лідзе). І ўвогуле за жыццё трымаецца, стараецца быць актыўнай і бадзёрай, нягледзячы на паважны ўзрост.

— Я не люблю сядзець, мне трэба ўвесь час валачыцца і валачыцца, рабіць што-небудзь, тармасіць сябе. Ну, напалю печ, паляжу — а далей што? Не будзеш жа ляжаць цэлы дзень, так жа і здурнець можна. Так што злезу, папраду, каб унучкам сваім шкарпэткі звязаць, яны ж у горадзе ўжо не ўмеюць такога рабіць. А летась дык вышывала больш, я вышываю, паглядзіце, карціны, абрусы ў хаце — гэта ўсё я сама вышыла. Газету пачытаю. Што мне спадабаецца вельмі, дык па некалькі разоў перачытваю, ледзь не на памяць вывучу. Жывёлу даглядаю: авечак трымаю, коз. Шкада толькі, што ў Талачыне ўжо няма воўначасалкі, дык даводзіцца з нечасанай воўны прасці. Куры ў мяне ёсць, летась і качкі былі.

Са сваім калаўротам жанчына не развітваецца з 1959 года.


— Я тады выйшла замуж, і не было ў майго мужа ні шкарпэтак, ні світароў, нічога не было. І адна жанчына падарыла мне гэтую пралку і сказала: “Прадзі, вяжы, апранай яго, каб меў што апрануць, каб усё ў вас было”.

Умее Вера Барысаўна валіць валёнкі і нават шыць кажухі.

— Бацька нас у дзяцінстве прымушаў усё рабіць, усяму вучыў. Казаў: “Дзеці, рабіце ўсё і вучыцеся ўсяму. У жыцці ўсё можа спатрэбіцца, а не спатрэбіцца, дык абы ўмелі”.

І яшчэ жанчына не пакідае свой любімы з маладых гадоў занятак — пчалярства.

— Я б, можа, не так і трымалася за ўсё тут, калі б не яны. За іх у першую чаргу трымаюся, за падружак сваіх, — і ківае за акно ў бок вуллёў. — Мёду дзецям сваім, унучкам даць, і плачу за ўсё звычайна мёдам, калі дапамагае хто-небудзь па гаспадарцы.

За плячамі ў яе доўгі шлях нялёгкай калгаснай працы і няспраўджаных надзей, нерэалізаваных задумак. Паспрабавала вучыцца на агранома, паступіла ў тэхнікум, але захварэла і вымушаная была пакінуць вучобу. Хацела паехаць на цаліну, але не падпісалі ёй заяву, не далі накіраванне ў школу трактарыстаў. Працавала ў калгасе на агульных работах.

— О-ой, работа… Бяры паболей, кідай падалей… — успамінае. — Калгаснае жыццё, я вам скажу, самае-самае цяжкае і непаважанае. Праўда, цяпер калі хто-небудзь скардзіцца, што цяжка, дык я думаю: о, калі б мне цяпер колішнія мае гады, дык я працавала б з усмешачкай! Цяпер ім лягчэй намнога. Мы калісьці і бідоны цягалі, і ў абед на дойку і на ноч кароў з пашы на ферму ганялі — праца была пякельная!

Муж Веры Барысаўны таксама ведаў, што такое пякельная праца. Ён быў механізатарам.

— Медалёў розных і грамат яго цэлы стос ляжыць яшчэ і цяпер, не згубілі мы, дзеці берагуць, кажуць: “Гэта татава, таты нашага”.

Цікава распавядае жанчына пра сваё сямейнае жыццё, пра ўзаемаадносіны з мужам:

— З мужыком я ніколі не білася. Сварыцца — так, бывала, кажуць жа: “У хаце касяк — бываець усяк”, асабліва за гарэлку. А што ж, разрадка ж таксама трэба чалавеку. Працуюць там да дванаццаці, убіраюць, а тады прыйдзе выпіўшы…

Праблем, якія турбуюць жанчыну цяпер, няшмат, і ўсе яны тыповыя, характэрныя для любой аддаленай вёскі. Напрыклад, стан дарогі. Вясной ці восенню ў адным месцы на вуліцы ўтвараецца такая лужына, што немагчыма праехаць, а значыць, праблематычна прывезці дровы.

— Вы не падумайце, гэта ўсё жыццё, гэта ўсё работа, звычайныя рабочыя моманты, таму тут не трэба ні на каго крыўдзіцца, — папярэджвае субяседніца, — але ж і рашаць такія пытанні таксама трэба, нельга ж зусім пакідаць нас. Вось з лужынай гэтай трэба нарэшце штосьці зрабіць.

У Аболецкім сельвыканкаме нам паведамілі, што гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі (Вера Барысаўна ўжо і сама звярталася, нават у райвыканкам), і вясной яно будзе вырашацца.

Нярэдка завітваюць у госці да жанчыны дзікія жывёлы. Здараліся выпадкі, што душылі курэй.

— Я калісьці на лыжах многа хадзіла, дык у слядах разбіраюся. Сабака ідзе — дзве лапы, адна ззаду, кот ідзе па прамой лініі, ліса па прамой, а вось нейкі след — дзве лапы разам, значыць, гэта ўжо нейкі новы звер прыблудзіўся, нейкі драпежнік. І свінні да мяне прыходзяць. У двор, праўда, не ідуць. Але ніхто мяне не з’есць, перажыву зіму! — робіць нечаканую выснову і пераводзіць размову на іншую тэму.

Гутарылі мы з ёю доўга і цікава. І пра вайну, і пра ранейшыя назвы вёсак, і пра тое, якімі калісьці рэчкі былі, і пра дзяцей з унукамі, і пра аўталаўку, і пра творчасць (Вера Барысаўна ўмее маляваць, у маладосці аднойчы нават перамалявала ў павялічаным выглядзе Леніна з кнігі)… І чым больш гутарылі, тым больш прыходзіла разуменне, якім багатым, разнастайным, поўным сэнсу можа быць жыццё звычайнага, простага чалавека, радавога працаўніка, да таго ж яшчэ і ў такой закінутай, не патрэбнай нікому глушы, у адзіноце. Проста залежыць усё ад самога чалавека, ад яго ўнутранага, духоўнага свету: чым ён багацейшы, тым больш цікавае і прыемнае яго існаванне.

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2020

Год малой родины

75-летие Победы

Прямые линии

Конкурс туристических фильмов

Славянский базар в Витебске

Компьютеры, телефоны

Ритуальные услуги

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Февраль 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829  

Архив новостей