ВЁСКУ НЕ ЛЮБІЦЬ НЕМАГЧЫМА

13 февраля 2012 6:00

Калі летам многія гарадскія жыхары імкнуцца на прыроду, у вёску, бо менавіта там можна адпачыць сярод квітнеючай у поўнай сваёй разнастайнасці прыроды, адчуць чысціню паветра, зразумець, што такое цішыня, атрымаць асалоду ад гукаў ранішняга вясковага абуджэння, то ўзімку гасцей у вёсках нямнога. Асабліва ў тых, якія знаходзяцца далёка ад буйных населеных пунктаў. Па-першае, часцяком там ужо няма да каго ехаць у госці — добра, калі назбіраецца з дзясятак жылых двароў, а па-другое, нялёгкая гэта справа — дабрацца сюды, калі дарогі замеценыя снегам.

Вёска Старынкі Коханаўскага пассавета знаходзіцца амаль на мяжы з Аршанскім раёнам. Жыхароў зімой тут няшмат, усяго адзінаццаць чалавек, улетку на некалькі больш — прыязджаюць дачнікі.

Марыя Захараўна Сурганава калісьці прыехала ў Старынкі маладой дзяўчынай, сюды яна выйшла замуж з суседняга Аршанскага раёна. І больш з вёскі нікуды і не паехала. Са жніўня 1964 года працавала ў калгасе імя ХХІ з’езда КПСС (потым ААТ “Рамашкава”), доўгі час галоўным заатэхнікам, пасля таго, як выйшла на пенсію, яшчэ сем гадоў заатэхнікам. Усё працоўнае жыццё была сакратаром участковай камісіі па выбарах, была і дэпутатам.

— Цяпер у калгасе працаваць лягчэй, — мяркуе Марыя Захараўна, — многія працэсы механізаваныя, зарплаты неблагія. А раней хоць і даілі рукамі, корм раздавалі самі, наш калгас стабільна трымаў чацвёртае месца па надоях малака ў раёне. І не пілі так гарэлку, як зараз п’юць.

Выклікаю субяседніцу на разважанні, бо чалавек з яе жыццёвым вопытам і вопытам работы ў сельскай гаспадарцы можа і дапамагчы знайсці прычыну, а мо і выхад з той несуцяшальнай сітуацыі са злоўжываннем алкагольнымі напоямі, якая склалася не толькі на сяле, але і ў горадзе. Можа гэта ад таго, што людзям няма чым сябе заняць? Марыя Захараўна не згаджаецца:

— У час маёй маладосці у нашай вёсцы, як і цяпер, не было клуба, каб бавіць вольны час. Зрэдку мы хадзілі на танцы ў суседнюю вёску на Аршаншчыну. Бывала, калі ў вёсцы свята, звычайна пасля завяршэння ўборачнай, тады збіраліся, адзначалі. А сказаць, каб часта пілі, такога не было. Кожнага чакала хатняя гаспадарка, каровы, свінні, куры, трэба ж паспець управіцца, калі ўжо там сядзець і выпіваць. Гаспадарка была на першым месцы, можа таму і жылі добра.

Нягледзячы на тое, што Марыі Захараўне ўжо амаль семдзясят і жыве яна адна, яна і цяпер трымае дзвюх кароў, курэй, вясной набывае і гадуе да восені  парасят. Летам абавязкова садзіць агарод. Але тут ужо дапамагаюць дзеці і ўнукі — сама б не справілася, не так яно лёгка працуецца, як раней. Прыязджае з Оршы дачка Лілія, з Коханава — сын Мікалай. Не забываюць і ўнукі — Ірына, Віталь і Дзмітрый. Бабуля ганарыцца ўнукамі, іхнімі дасягненнямі, перажывае за тое, каб у іх усё атрымалася. Пра дзяцей гаворыць з павагай — добрымі людзьмі выраслі.

Вясковае жыццё Марыі Захараўне даспадобы, не паехала б нікуды са стаўшых ужо роднымі Старынак.

— Калісьці даўно мая бабуля сказала пра мяне, што я буду працаваць у калгасе і жыць у вёсцы, — успамінае жанчына. — Яна не памылілася. І я зусім не шкадую, што жыццё склалася менавіта так. Я люблю вёску. У горадзе ў чатырох сценах дыхаць няма чым, а ў вёсцы — раздолле, свабода, паветра чыстае, насычанае водарам кветак, траў, дрэў, у вёсцы — здароўе. У нас добра, але зараз бывае сумна, мала людзей засталося. Толькі і радасці, што сабрацца пагаварыць у чыёй-небудзь хаце, паўспамінаць маладосць. Прыходзяць пагаварыць і жанчыны з суседняй вёскі Белаброддзе.

За столькі гадоў жыцця ў адной вёсцы, здаецца, можна было б ужо перагаварыць на ўсе магчымыя тэмы, успомніць усе цікавыя здарэнні, але не, засталіся яшчэ нерасказаныя выпадкі, ёсць аб чым пагутарыць. Марыя Захараўна памятае дзень і год нараджэння кожнага з аднавяскоўцаў, як выдаецца вольны ад догляду хатняй гаспадаркі час, абавязкова зазірне да суседзяў пацікавіцца навінамі і здароўем. Гэтая маленькая вёска нагадвае своеасаблівую сям’ю, дзе кожны жыве не толькі асабістымі клопатамі, але не забывае пра суседа, гатовы падтрымаць і яго. Асабліва каштоўная дапамога ў час працы на агародзе. Бульбу садзяць і капаюць не толькі з дзецьмі і ўнукамі, дапамагаюць і суседзі.

— Цяжка было б жыць без тэлевізара, — гаворыць Марыя Захараўна, — люблю глядзець фільмы, перадачы. Калі надакучвае, чытаю. Шмат чаго выпісваю: і абласныя выданні, і рэспубліканскія, і раённую газету. Без раёнкі ўвогуле не ўяўляю сабе жыцця, я ж многа каго ведаю ў раёне, мне цікава, што пішуць пра людзей. Ніколі не прапускаю сельскагаспадарчую тэматыку. Выпісваю таксама выданні па народнай медыцыне.

Калісьці Марыя Захараўна вышывала, спрабавала вязаць, але, хоць яе матуля і сцвярджала аб каштоўнасці гэтых навыкаў, асаблівай цікавасці да іх так і не ўзнікла. Цяпер Марыя Захараўна можа падшыць штосьці, калі трэба, а вось дачка Лілія ведае ўсё тонкасці швейнага майстэрства, працуе тэхнолагам на адным са швейных прадпрыемстваў Оршы.

— У яе атрымалася тое, да чаго ў мяне рукі так і не дайшлі. А ўвогуле працы і без гэтага хапае. Калі чалавек працуе, ён здаровы. Вось я за ўсё жыццё ніводнага разу на бальнічным не была, пакуль працавала ў калгасе. А як толькі пайшла на пенсію, так усе балячкі і прычапіліся, — усміхаецца мая субяседніца. — Таму і стараюся не сядзець без справы.

Развітваючыся з Марыяй Захараўнай, азіраюся навокал — замеценая вуліца, тое нешматлікае насельніцтва вёскі, якое застаецца тут на зіму, наўрад ці выйдзе ў завіруху з хаты без асобай патрэбы. Толькі бліжэй да вечара, справіўшыся па гаспадарцы, суседзі пратопчуць вузенькую сцежку ад аднаго дома да другога, каб пацікавіцца, як жыццё, як справы, што новага. У вёсцы іншы рытм жыцця, больш размераны, запаволены. Тут усё ідзе сваёй выпрацаванай за гады чаргой, тут няма мітуслівасці і паспешлівасці горада. Тут спакойна.

Развітаўшыся з заснежанымі вясковымі хатамі, еду назад на працу, няхай і ў невялікі, але горад. Азірнуўшыся на незнаёмую мне дагэтуль вёску Старынкі, якую здалёк выдаюць толькі слупы дыму з комінаў, у думках пагаджаюся са сваёй нядаўняй субяседніцай — вёску не любіць немагчыма.

А. КУЗЬМІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене