ПРАФЕСІЙНАЕ СВЯТА

22 февраля 2012 7:00

Пакуль зямля схаваная пад снегам, людзі, якія сочаць за парадкам і законнасцю ў яе выкарыстанні, адзначаюць сваё прафесійнае свята (21 лютага). Але нават і цяпер, зімой, працы ў іх не паменшала: гаспадарчая дзейнасць грамадзян і прадпрыемстваў патрабуе ад супрацоўнікаў землеўпарадкавальнай службы пастаяннай уважлівай работы незалежна ад пары года. Пра апошнія падзеі ў гэтай сферы і ў жыцці нашага раённага зямельнага ведамства мы пагутарылі з яго начальнікам Людмілай Леанідаўнай Ігнатовіч.

З КАРТАЙ РАЁНА ПРАЦУЮЦЬ ЛЮДМІЛА ІГНАТОВІЧ, СНЯЖАНА ЛЯХОВІЧ, МАРЫНА МАЦЮШКОВА.

— Нарматыўныя прававыя акты ў сферы зямельнага заканадаўства не з’яўляюцца нязменнымі. Нешта пастаянна то адмяняецца, то дапаўняецца — і ў выніку вам даводзіцца ўнікаць у новыя варыянты, перастройвацца на новы лад, пераглядаць звесткі аб землекарыстальніках, выконваць часам  неверагодна вялікія аб’ёмы падліковай і папяровай работы. Пры гэтым непазбежныя яшчэ і разнастайныя супярэчнасці, і неразуменне з боку людзей. Наколькі цяжкім ці лёгкім у гэтым плане быў мінулы год?

— Напэўна, не варта рабіць акцэнт на лёгкасці ці цяжкасці. На працы ніколі не даводзіцца адпачываць, таму нельга сказаць, што яна лёгкая. Але і непасільных задач пакуль што не ўзнікала: калі валодаеш нарматыўнай базай і добра ведаеш свой участак работы, то можна адаптавацца да любых змен. А змены, канечне, былі. Напрыклад, ва ўказе Прэзідэнта краіны № 431 ад 1 студзеня 2011 года. З 1 студзеня 2012-га  ўведзена абмежаванне ў адносінах да грамадзян, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і атрымалі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва. Цяпер яны на працягу 8-мі гадоў з дня рэгістрацыі пабудаванага дома не маюць права на яго адчужэнне, іншымі словамі, не могуць прадаць або падарыць яго. Не дапускаецца і адчужэнне недабудаваных і закансерваваных аб’ектаў. Але трэба яшчэ падкрэсліць, што ўсе гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца толькі на зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя грамадзянам пачынаючы з 1 студзеня 2008 года.

— Ці чакаеце вы ў бліжэйшай будучыні павелічэння колькасці зваротаў грамадзян у сувязі з якімі-небудзь іншымі заканадаўчымі зменамі? Магчыма, хацелася б папярэдзіць людзей аб чым-небудзь, аб неабходнасці ажыццяўлення нейкіх працэдур, каб пазней ім не давялося доўга чакаць сваёй чаргі або не страціць нейкую выгаду фінансавага характару?

— Практыка паказвае, што заўсёды актуальным застаецца пытанне своечасовага афармлення грамадзянамі дакументаў на зямельныя ўчасткі для абслугоўвання жылога дома. Ніколі не трэба адкладваць гэтую справу на заўтра, на няпэўны тэрмін, інакш пасля можна сутыкнуцца з рознымі цяжкасцямі, калі, напрыклад, узнікне патрэба ў ажыццяўленні газіфікацыі, здзелкі куплі-продажу, дарэння, правядзення рэканструкцыі. Вось свежы канкрэтны прыклад. У цяперашні час у ДУП “Праектны інстытут Віцебскдзіпразем” утварылася вялікая чарга на афармленне зямельных участкаў. На стадыі выканання пакуль што знаходзяцца заявы грамадзян, пададзеныя аж у лістападзе мінулага года. Такі ажыятаж выкліканы чаканнямі павышэння базавай велічыні. Праўда, як паведамляе “Віцебскдзіпразем”, кошт паслугі будзе вызначацца паводле даты паступлення заявы, таму хваляванні грамадзян беспадстаўныя. Але ў любым выпадку ўсіх гэтых лішніх клопатаў і перажыванняў можна было б пазбегнуць, аформіўшы дакументы загадзя.

— А што адбылося новага канкрэтна ў рабоце вашай раённай службы? Можа быць, нейкія кадравыя змены? Памятаю, год таму дзве вашы супрацоўніцы пайшлі ў водпуск па доглязе дзіцяці, і нібыта ўтварыліся вакансіі?

— Сапраўды, былі ў нас такія адначасова і прыемныя, і праблемныя падзеі. У выніку для работы ў Коханаўскім пассавеце мы знайшлі новага спецыяліста — зараз працуе, асвойваецца, спасцігае ўсе дэталі. А ўвогуле прафесійны ўзровень нашага калектыву дазваляе, як і раней, паспяхова спраўляцца са сваімі задачамі. Вядзём работу з дакументацыяй, выязджаем на месцы. Кожны ведае сваю справу, а пры патрэбе можа падтрымаць, дапамагчы калегу ці сам атрымаць дапамогу і падтрымку. Словам, працуем зладжана і ўпэўнена.

— Хто з работнікаў дабіўся найбольшых поспехаў за апошні час, выканаў самы вялікі аб’ём работы?

— Аб’ём работы па ўсіх сельпассаветах у прынцыпе раўнамерны, нельга сказаць, што ў кагосьці нагрузка была заўважна большай ці меншай, чым у іншых. Многа работы зроблена кожным з нас за перыяд працы ў службе. І ў кожнага бываюць розныя асаблівыя сітуацыі пры выкананні службовых абавязкаў, і кожны работнік сам па-свойму адметны як асоба і як спецыяліст. Цікавая, напрыклад, працоўная біяграфія ў Марыны Валер’еўны Мацюшковай. З 1996 года працавала ў Воўкавіцкім сельсавеце, пасля звольнілася, але праз некалькі гадоў, у 2003-м, закончыўшы вучобу ў Горацкай сельгасакадэміі па спецыяльнасці землеўпарадкаванне, вярнулася. У цэлым яна робіць у службе ўжо 11 гадоў. Цяпер займаецца Воўкавіцкім і Азерацкім сельсаветамі. Толькі за 2010-2011 гады з яе ўдзелам пераразмеркавана 234 гектары пустых зямельных участкаў, якія калісьці былі прадастаўленыя грамадзянам для патрэб асабістых падсобных гаспадарак. У цяперашні час усе гэтыя землі ўведзеныя ў абарот сельгаспрадпрыемствамі.

— Тады застаецца толькі павіншаваць вас з прафесійным святам і пажадаць далей паспяхова рабіць сваю карысную справу.

— Дзякуй. І я хачу павіншаваць сваіх калег. Жадаю ўсім і плённай працы, і асабістага дабрабыту.

Гутарыў С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене