СВЯТА
РАДАСНАЕ АБУДЖЭННЕ ПРАДВЯШЧАЕ ПЛЁННУЮ ПРАЦУ І РОСКВІТ
Вясеннія святы абуджэння, адраджэння і росквіту пачаліся. Старажытныя народныя і больш познія дзяржаўныя; містычныя, рэлігійныя (язычніцкія і хрысціянскія) і свецкія; тыя, што супадаюць з выхадным днём, і тыя, што даюць нам дадатковы дзень адпачынку сярод тыдня… Наперадзе Дзень жанчын, Вялікдзень, Радаўніца, Дзень працы — гуляем, святкуем, ушаноўваем памяць і думаем пра вечнае, адпачываем, набіраемся сіл, узбадзёрваемся пасля зімы для будучай плённай працы, для бясконцага працягу свайго роду.
Першай у чарадзе гэтых святаў была мінулая субота, няхай сабе па календары лютаўская, зімовая, але поўная не толькі мокрага снегу ў паветры і пад нагамі, а яшчэ і ўсмешак, добрага настрою. У гэты дзень па ўсёй краіне адзначалі Масленіцу. Арганізацыі, адказныя за правядзенне свята ў Талачыне, пастараліся добра. Райспажыўтаварыства забяспечыла багатыя і з густам, з фантазіяй аформленыя гандлёвыя рады, прапанавала гульні з прызамі (кіданне дроцікаў і мяча), а работнікі культуры і ўдзельнікі калектываў мастацкай самадзейнасці стварылі старажытны сялянскі, але ў той жа час цікавы і зразумелы для сучаснага чалавека каларыт.
На сцэне разыгрываліся тэатралізаваныя сюжэты, гучалі песні, на плошчы працавала выстава-продаж Дома рамёстваў, моладзь змагалася ў спартыўных спаборніцтвах, а крыху далей, у скверы і каля яго, можна было пакатацца на конях. Не абышлося, канечне, і без традыцыйнага слупа з падарункамі. Самыя моцныя і настойлівыя дэманстравалі сваю зайздросную сілу і спрыт, сваё здароўе і жыццярадаснасць, імкнучыся па ім, жоўтым, светлым, як сонечны прамень, уверх, хоць крыху вышэй да неба, да схаванага за хмарамі сонца. А ўнізе, як звычайна ў такім выпадку, смелага верхалаза чакала і весялілася, падбадзёрвала, заахвочвала кампанія сяброў.
Няхітрыя, прывычныя, вядомыя ўсім забавы, але як прыемна паўдзельнічаць у іх ці проста паназіраць за імі! Не пабываўшы на такім свяце, здаецца, нічога не страціў бы, ды ў той жа час і адчуваў бы нейкую непаўнату, недахоп чарговага звяна ў ланцужку абавязковых падзей і рытуалаў, з якіх складаецца жыццёвы шлях кожнага чалавека і якія павінны дапамагаць яму падтрымліваць гармонію з прыродай, з самім сабой, з грамадствам.
Таму не толькі з пазіцыі аднаго чалавека трэба глядзець на гэтае і іншыя народныя святы. Усе яны складаюць нацыянальную адметнасць, вызначаюць народ сярод іншых народаў, а значыць, калі не забываюцца, не скажаюцца з цягам часу, то ўмацоўваюць нацыянальнае адзінства, нацыянальную самасвядомасць, дзяржаву.
С. АБРАМОВІЧ.