НЕПАРАДАК!
ЧАМУ МЫ ЎСЕ БЕЗАБАРОННЫЯ ПЕРАД БАДЗЯЖНЫМІ САБАКАМІ?
У мінулым годзе ў раёне было зафіксавана 96 выпадкаў пакусання людзей жывёламі. Сёлета па стане на 17 красавіка ў бальніцу звярнулася ўжо 18 чалавек, якія сталі ахвярамі сабак ці катоў. Ніхто з нас не застрахаваны ад непрадказальных паводзін сваіх хатніх чатырохлапых сяброў, а таксама і тых, якія ў вялікай колькасці бадзяюцца па вуліцах горада, пасёлкаў і вёсак.
І якраз з апошнімі – безгаспадарнымі або безнагляднымі, тымі, што ўцеклі з чыйгосьці двара пагуляць, у нас самая вялікая праблема. Па законе іх павінны адлоўліваць прадпрыемствы ЖКГ і, калі праз 5 дзён не знойдзецца гаспадар, знішчаць (пункт 22 Правілаў утрымання хатніх сабак і катоў у населеных пунктах Талачынскага раёна, рашэнне райвыканкама № 764 ад 21.10.2011). Толькі як іх адлоўліваць і дзе ўтрымліваць, на якія сродкі карміць?
У дыспетчарскай талачынскага камунгаса, куды мы патэлефанавалі, так і адказалі: бадзяжнымі сабакамі ў нас у цяперашні час ніхто не займаецца, таму што няма сродкаў на стварэнне прытулку.
Аналагічная сітуацыя і ў Коханаве:
– Мы спрабавалі адлоўліваць, некалькі сабак, прыкормленых дзецьмі каля прадуктовай крамы, лёгка даліся ў рукі, і мы ім знайшлі гаспадароў, на дачу адной жанчыне аддалі, дадому камусьці і гэтак далей. Але гэта толькі адзінкавыя выпадкі, – расказаў дырэктар прадпрыемства Міхаіл Гаўрычэнка. – Спрабавалі мы звязвацца з прытулкам для жывёл у Віцебску, але нам адказалі, што там у іх усё перапоўнена і дапамагаць раёнам яны не ў сілах.
Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ларыса Стралкова ў разгубленасці, прызнаецца ў поўным бяссіллі:
– Перспектыў пакуль што ніякіх, сродкаў на стварэнне прытулкаў не прадбачыцца, і што рабіць з безгаспадарнымі жывёламі, ніхто не ведае.
Вось і разгульваюць яны спакойна па вуліцах, не саступаючы дарогу прахожым, топчуцца на ганках гастраномаў, нахабна лезучы мордамі да рук і сумак пакупнікоў.
Не так даўно, год-другі таму, бадзяжных сабак у нас яшчэ адстрэльвалі паляўнічыя. Але цяпер гэта ўжо не практыкуецца. Выкарыстанне агнястрэльнай зброі ў населеных пунктах – справа небяспечная і незаконная. Можна набраць у Інтэрнэце пошукавы запыт “незаконный отстрел собак в Беларуси” – і атрымаеш некалькі публікацый, як на дзяржаўных, так і на апазіцыйных рэсурсах, аб скандалах, звязаных з такімі дзеяннямі службовых асоб у розных рэгіёнах рэспублікі.
Справядлівасць, разумнасць патрабаванняў заканадаўства ў даным выпадку выглядае, канечне, даволі неадназначнай, нават сумніўнай. Хіба не прымяніў бы зброю супрацоўнік міліцыі ў экстрэмальнай сітуацыі, ратуючы кагосьці ад злачынцы, і хіба не быў бы ў такім выпадку закон на яго баку? А чаму тады нельга абараняць здароўе, а можа быць, і жыццё грамадзян, пазбаўляючы іх ад небяспекі кантакту з патэнцыяльнымі носьбітамі розных хвароб, у тым ліку і шаленства?
Але юрыдычныя нормы, якім падпарадкоўваецца ўся краіна, на мясцовым узроўні не зменіш. Таму нам застаецца толькі шукаць шляхі пераадолення супярэчнасці паміж ідэальнай, тэарэтычнай карцінай жыцця, прыгожа апісанай у законах, – з аднаго боку, і нашай беднай безграшовай рэальнасцю – з другога. Стварэнне прытулку, калі задумацца над гэтай справай і сапраўды захацець ажыццявіць яе, – не такая ўжо невыканальная задача. Хіба мала ў нас па раёне безгаспадарных будынкаў, і хіба нельга абсталяваць іх для часовага ўтрымання злоўленых сабак? Асаблівы камфорт ім не патрэбен, галоўнае – каб былі надзейна ізаляваныя. І карміць іх не абавязкова спецыяльным дарагім кормам, альтэрнатыўных варыянтаў можна прыдумаць нямала. Хаця б, напрыклад, такі: сабакі і каты лазяць па смеццевых кантэйнерах і знаходзяць там чым паласавацца, а значыць, можна паспрабаваць наладзіць добраахватны збор харчовых адходаў ад насельніцтва (усё роўна ж рана ці позна нам давядзецца прыйсці да сарціроўкі смецця, пра якую звычайна гавораць, ставячы ў прыклад гаспадарлівасць і рацыяналізм жыхароў іншых краін з моцнай эканомікай і высокім узроўнем жыцця). У некаторых гарадах дзейнічаюць валанцёрскія арганізацыі, якія добраахвотна дапамагаюць у доглядзе, кармленні і пошуку новых гаспадароў для жывёл, што ўтрымліваюцца ў прытулку. Таму можна падключыць сюды і грамадскасць – БРСМ, экалагічныя гурткі школ і ўстаноў культуры і г.д.
Словам, праблему вырашыць можна, калі толькі захацець і ўзяцца за справу, а не аднеквацца, спасылаючыся на цяжкае жыццё і недахоп фінансаў. Для таптання на месцы няма ніякіх прычын, акрамя гультайства і некампетэнтнасці. Не хапае фінансаў – трэба фантазіраваць і знаходзіць “безфінансавыя”, танныя ці зусім дармовыя метады. Была б гэтая задача невыканальнай – не было б адпаведнага рашэння райвыканкама. А так пакуль што атрымліваецца, што яно проста не выконваецца.
С. АБРАМОВІЧ.