ПРЫДАРОЖНЫ СЭРВІС

16 июня 2012 6:00

НЕ ЎСЕ ПАТРАБАВАННІ ВЫКОНВАЮЦЦА, НЕ ЎВЕСЬ ПАТЭНЦЫЯЛ ЗАДЗЕЙНІЧАНЫ

Што сабой уяўляюць на сённяшні дзень нашы пункты прыдарожнага сэрвісу? Наколькі поўна гатовыя яны задаволіць патрэбы падарожнікаў у адпачынку, харчаванні, тэхнічным абслугоўванні транспартных сродкаў? Ці, можа, банальна гандлююць ежай ды напоямі, ігнаруючы санітарныя, пажарныя і іншыя нормы, клапоцячыся пра свае кішэні, а не пра інтарэсы кліентаў і пра ўражанне, якое складзецца аб нашай краіне ў замежных грамадзян? Разам з вядучым спецыялістам аддзела эканомікі райвыканкама Наталляй Губарэвіч мы зрабілі рэйд па кафэ і аўтазапраўках усіх форм уласнасці па трасе М-1.

Аналізуючы ўбачанае і пачутае ад афіцыянтаў, прадаўцоў, повараў, можна ўпэўнена зрабіць выснову, што да ідэальнага становішча нашаму прыдарожнаму сэрвісу ўздоўж маскоўскай трасы ужо хоць і не так далёка, як пешшу да гэтай самай Масквы, але яшчэ не так і блізка. Ёсць не толькі праблемы і недапрацоўкі, а нават і проста “пустыя месцы” — тыя напрамкі развіцця, на якіх яшчэ нічога не пачыналася.

Кліентам тут добра, але магло б быць яшчэ лепш

Ніхто з наведвальнікаў кафэ не скардзіўся, не прад’яўляў прэтэнзій, усе былі задаволеныя і добразычлівыя, выходзячы, дзякавалі і жадалі хто ўдачы, хто добрага дня. Але ўсё, што ім прапаноўваецца, — гэта толькі мінімум, неабходны для таго, каб прагнаць голад і паехаць далей. І нават мінімум не заўсёды выконваецца: у некаторых месцах не было ў продажы тавараў, занесеных у асартыментны пералік. Не хапала некаторых відаў напояў, кандытарскіх вырабаў, сувеніраў. І прадаўцы тлумачылі аднолькава: усё разабралі, а новага яшчэ не прывезлі.

Канечне, чалавеку, які працуе — спяшаецца хутчэй даставіць груз і вярнуцца дадому, дастаткова з’есці кавалак мяса ў выглядзе шашлыка, выпіць “Кока-колы” ці гарбаты, пасядзець паўгадзіны і зноў адпраўляцца ў дарогу. Але ж не толькі попыт нараджае прапанову: прадуманае, граматна пралічанае пашырэнне спектра паслуг і асартыменту тавараў павялічыла б прыбытак. Ды пакуль што размову весці пра гэта не выпадае: нам бы хоць навучыцца элементарныя патрабаванні выконваць, такія, як наяўнасць уніформы, галаўнога ўбору і бэйджыка!

Сто прычын, каб не апранаць уніформу

Са знешнім выглядам персаналу ні ў адной кропцы не было поўнага парадку. Нехта апраўдваўся, што ў форме холадна, нехта — што з бэйджыкам нязручна, а адна афіцыянтка нават заявіла: ап’янелыя замежныя госці, даведаўшыся яе імя, крычаць, клічуць яе без прычыны, проста каб звярнуць на сябе ўвагу — вось     з-за гэтага яна бэйджык і не носіць. Апраўданне настолькі наіўнае і непраўдападобнае, што нават не смешнае.

Да хлеба патрэбныя відовішчы

Клапоцяцца ўладальнікі пунктаў харчавання пра эстэтычнае афармленне памяшканняў, пра стварэнне камфортнай атмасферы, пра тое, каб кліенты не сумавалі, чакаючы свайго заказу. Можна адзначыць тут наступныя кафэ: “Прывал” (ТДА “Магрытэра”, у раёне павароту на Рыжычы) — аформленае з элементамі этнаграфічнага стылю (чыгункі і глякі на агароджы, свяцільня ў выглядзе драўлянага кола ад воза і г.д.); “Шашлычная” ў тым жа раёне (ПГВУП  “Рыжычы”) — яго гаспадар асабіста прывозіць свежую прэсу, якая ляжыць тут на асобным століку; “Дальнабойшчык” (ІП Моніч) — тут нам паказалі часопісы на замежных мовах для іншаземных падарожнікаў.

Але давялося пабываць і ў такім месцы, у якое, напэўна, другі раз захоча вярнуцца не кожны кліент. У кафэ “Імпульс” (райспажыўтаварыства) нас сустрэў пах ці то нямытага размарожанага халадзільніка, ці то нейкага мяснога цэха. Повар растлумачыла такую з’яву наступным чынам:

— У нас забітая каналізацыя, усё стаіць у трубах, адсюль і гэты пах.

Ну, што тут сказаць? Прыемнага апетыту, дарагія госці!

У той жа час трэба аддаць належнае: у “Імпульсе” багаты асартымент харчовых прадуктаў, разнастайнае меню, якое ўключае ў сябе і гарачыя абеды, самы шырокі выбар друкаванай прадукцыі на продаж і самы багаты сувенірны аддзел.

У іншых пунктах харчавання і пастою друкаваных выданняў, акрамя рэкламных лістовак і буклетаў, няма (за выключэннем вышэйназваных, дзе газеты і часопісы даюць бясплатна), а асартымент сувеніраў не назавеш інакш як убогім: якія-небудзь адна-дзве саламяныя фігуркі накшталт падковы, а то і проста нейкі ручнік, падобны не столькі на нацыянальны, колькі на звычайны — для выцірання.

Магчыма, з цягам часу актуальнасць друкаванай прадукцыі адпадзе: ноўтбукі з доступам у Інтэрнэт ці хаця б падключаныя да сусветнай сеткі мабільныя тэлефоны ўсё больш і больш становяцца звычайным неад’-емным атрыбутам для кожнага з нас. Хаця хто ведае, можа быць, прыемней пагартаць часопіс ці газету, чакаючы, пакуль гатуецца твой заказ. А сувеніры — гэта ж дадатковая крыніца даходаў, трэба толькі праявіць пабольш ініцыятывы, фантазіі і прапанаваць падарожнікам тое, што яны абавязкова захочуць прывезці з паездкі дадому.

Шафёр вымушаны быць і аўтаслесарам

Яшчэ адна незадзейнічаная крыніца даходаў, проста свабодная ніша на рынку прыдарожных паслуг — аўтасэрвіс. Пакуль што адзінае, што могуць зрабіць вадзіцелі, едучы праз наш раён, — гэта заехаць на яму дзе-небудзь каля “Імпульса” ці “Дальнабойшчыка” і паспрабаваць даць рады сваім паломкам самастойна.

Смачна паесці, добра памыцца і спакойна паспаць

Самыя прыемныя ўражанні засталіся, напэўна, ад наведвання аўтазапраўкі ў раёне Мураўнічаў. Шырокі выбар у кафэ (хутка збіраюцца браць на працу яшчэ аднаго повара, ставіць яшчэ адзін халадзільнік), за некалькі дзясяткаў метраў — ахоўваемая стаянка і матэль: 5 цудоўных нумароў (75000 рублёў за суткі ў нумары з душам, 63000 — без душа, але ёсць агульны душ на калідоры).

У святы, як паведаміла нам адміністратар, матэль поўнасцю заняты, а ў працоўныя дні ёсць свабодныя месцы. Ведаючы тэлефон, месца можна забраніраваць.

У “Кнізе скаргаў” адны падзякі

Зазірнулі мы дзеля цікавасці і ў кнігі заўваг і прапаноў. Запісы там у большасці сваёй — суцэльныя падзякі за смачную ежу і добрае абслугоўванне. У “Дальнабойшчыку” нават ёсць свайго роду рэліквіі: побач з кнігай заўваг і прапаноў захоўваецца фотаздымак Дзмітрыя Калдуна з рукапісным пажаданнем усяго добрага, а пад адной падзякай стаіць подпіс “артыст Уладзімір Гасцюхін” (герой серыяла “Дальнабойшчыкі”).

Прэтэнзіі, якія знайшлі ў кнізе (таксама поўнай падзяк) іншага кафэ, датычыліся работы платнай стаянкі і якасці баршчу.

*  *  *

Канечне, у кожнага пункта прыдарожнага сэрвісу свая спецыфіка, свой набор паслуг, і нельга чакаць, што ў маленькай шашлычнай, якая нават асвятляецца ад бензінавага генератара, табе прапануюць саўну, заклеяць прабітае кола і дадуць камп’ютар з выхадам у Інтэрнэт. Да таго ж не кожную гадзіну па нашых дарогах праязджаюць багатыя замежныя бізнесмены, гатовыя плаціць за выкананне розных сваіх капрызаў. Але пакуль што і ў забеспячэнні элементарных паслуг ёсць над чым працаваць — нешта выпраўляць і ўдасканальваць, а нешта і пачынаць з нуля.

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июнь 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Май   Июль »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене