УСПАМІНЫ ВАЕННАГА ЛЁТЧЫКА

10 сентября 2012 16:43

ЗАЎСЁДЫ БЫЎ СУМЛЕННЫМ І САМААДДАНЫМ МАЙСТРАМ СВАЁЙ СПРАВЫ — І НА НЯБЁСАХ, І НА ЗЯМЛІ

У старой драўлянай хаце на ўскраіне Ганчароўкі жыве з жонкай 68-гадовы ваенны лётчык Рыгор Пятровіч Говараў. Чалавек, які ніколі асабліва не задумваўся ні аб матэрыяльных выгодах, ні аб кар’еры, ні нават аб уласнай бяспецы — толькі шчыра любіў неба і аддана служыў Радзіме. Колькі тыпаў і мадэлей самалётаў давялося яму асвоіць, навучыцца кіраваць імі і выконваць на іх разнастайныя задачы! Колькім курсантам перадаў ён свае навыкі! 12000 лётных гадзін, доўгія гады жыцця далёка ад роднай Талачыншчыны: гарады і пасёлкі Украіны, Расіі, Казахстана, Узбекістана, архіпелаг Сядова, Якуція… Некалькі разоў нават быў “чорным цюльпанам” — дастаўляў з Кабула ў Ташкент хворых салдатаў і цынкавыя дамавіны.

Лётаць пачаў у 1962 годзе ў Віцебскім вучэбным авіяцыйным цэнтры ДТСААФ, куды быў накіраваны ваенкаматам. Пасля прызыву ў армію трапіў у Балбасава (Аршанскі раён), адтуль паслалі на вучобу ў вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча ў Тамбове. А далей абставіны нечакана склаліся такім чынам, што, вярнуўшыся ў Балбасава з дыпломам, вымушаны быў… развітацца з небам — нягледзячы на тое, што ўжо меў аўтарытэт, зарэкамендаваў сябе як адказны, надзейны спецыяліст, сапраўдны лётчык, чалавек прызвання.

Бывайце, самалёты…

— Адбыўся такі эпізод, — расказвае Рыгор Пятровіч. — Разбіліся пад Маздокам два экіпажы, і сярод лётчыкаў аказалася двое беспартыйных. Адразу з галоўнага палітупраўлення паступіў загад: усіх беспартыйных з борта зняць! Я быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, закончыў партыйную школу, але ў партыю не ўступіў і таму падпаў пад гэтае распараджэнне аб адхіленні ад палётаў. Камандзір палка здзівіўся: “Рыгор, ты што, беспартыйны?” “Так,” — адказваю. “А ты ж на сходы ходзіш…” Я кажу: “Усе ходзяць — і я хаджу, а што я буду адзін рабіць?” Ён выклікаў начальніка штаба, нампаліта і загадаў тэрмінова даць мне рэкамендацыю. Рэкамендацыю далі, залічылі кандыдатам у члены КПСС, думалі, усё атрымаецца, не будзе праблем, а зверху — загад: кандыдат у члены КПСС — не член КПСС, зняць з борта.

Нічога не зробіш, загад давялося выканаць. Рыгора Пятровіча перавялі на іншы ўчастак, паставілі кіраўніком пасадкі, а каб суцешыць, павысілі ў званні — далі капітана. Але чалавеку, які ўжо зведаў неба, у такой сітуацыі  ніякага суцяшэння не знойдзецца.

— Мяне больш нішто не цікавіла, нішто не радавала. Я ўжо нават харчаваўся не ў лётнай сталовай, а ў тэхнічнай, і сваім хлопцам пры сустрэчы цяжка было ў вочы глядзець. І тады вырашыў: ну, што мне тут губляць, дай, думаю, на поўнач зматаюся, там хоць год за два ідзе. Камандзір палка пагадзіўся, сказаў, што як толькі паступіць заяўка, адправяць мяне. І заяўка знайшлася: востраў Сярэдні ў архіпелагу Сядова. Мы са штурманам лазілі-лазілі, шукалі-шукалі гэты востраў, так і не змаглі знайсці на карце.

Камфорт і дабрабыт мёртвага вострава

Аказалася, што востраў, як успамінае Рыгор Пятровіч, без расліннасці і без жывёл, нават без насякомых. Размяшчаліся на ім склады з палівам і запчасткамі для самалётаў на выпадак, калі б узнікла неабходнасць ісці на Амерыку паўночным шляхам. Усіх ваенных было 14 прапаршчыкаў, 15 афіцэраў і 45 салдатаў.

— Туды п’яніц на перавыхаванне вазіць добра было б, — жартуе Рыгор Пятровіч. — Голы камень, скала, нават камароў з мухамі няма, і ні крамаў, ні грошай, усё неабходнае для жыцця бясплатна выдаецца. Памятаю, як толькі прыляцеў туды, іду, гляджу: кансерва валяецца. Я за яе — у кішэню. Іду далей — яшчэ адна. Таксама ў кішэню. І, пакуль да інтэрната дайшоў, некалькі бляшанак сабраў. А афіцэры з вокнаў за гэтым назіралі і спыталіся, што гэта я там з зямлі падымаў. “Ды вось, — кажу, — нехта кансервы пагубляў”. А яны як зарагочуць: “Мы іх тут проста не ядзім, у нас усяго навалам”. А неяк прыйшоў на склад, папрасіў грамаў дзвесце масла. Мне кажуць: “А чаму дзвесце? Бяры скрыню”. “Не трэба мне, — адказваю, — скрыня, навошта яна мне?” “Ай, бяры, няхай будзе!” І праўда, было там усяго навалам, што трэба — калі ласка. Я і дадому пасылкі рабіў, але многа перадаць немагчыма было, самалёт не прымаў.

Адзінай сувяззю вострава з цывілізацыяй, а дакладней, з камандаваннем, была азбука Морзэ. Больш нічога: ні тэлебачання, ні радыё, ні прэсы. Ну, хіба што яшчэ прыносілі нейкія звесткі аб жыцці на вялікай зямлі геолагі, якія бывалі на востраве частымі гасцямі.

Пабыў Джэкам Лонданам

З геолагамі і геалогіяй звязаны адзін эпізод, які Рыгор Пятровіч да сённяшняга дня ўспамінае са смехам.

— Любіў я ездзіць па востраве на гусенічным цягачы. Аўтамат за плечы, сеў і паехаў куды-небудзь далёка, дзе няма нікога. Слюду цягаў рукамі з зямлі, цікава так: яна плітамі, пластамі ляжыць, цягнеш яго, цягнеш, і раптам абломіцца дзесьці ўсярэдзіне… А неяк вясной убачыў: каля ручая драўляныя латкі, і ўся зямля блішчыць. Золата! Нехта ўжо мыў! Ну, і я схапіў гэты латок і давай чэрпаць пясок і паласкаць, зліткі залатыя выбіраць. Набраў з паўкілаграма, прывёз дадому, схаваў пад ложак. Пасля не вытрываў, паехаў яшчэ: столькі золата, шкада пакідаць. Карацей, нацягаў яго кілаграмаў дзесяць. А тады ў адным месцы і нейкія камяні каштоўныя знайшоў, таксама пад ложак склаў. Ляжу і думаю, як усё гэта на вялікую зямлю пераправіць, і мару, як зажыву цудоўна, калі сам вярнуся. А тады прыязджаюць геолагі. Ну, і я аднаму паказаў сваё багацце. Ён усміхнуўся загадкава. “Я табе, — гаворыць, — зараз нешта пакажу”. Адкрывае сваю скрынку з хімрэактывамі, дастае кіслату, здымае з пальца і кідае ў яе сваё кальцо і кавалак майго золата. Кальцо якім было, такім і засталося, а “золата” адразу чорным стала. “Гэта, — тлумачыць, — не золата, а медны калчадан”. Я яму і камяні паказаў. Ён — свісь — сабаку свайго паклікаў. Сабака падбягае, а ў яго на шыі такі самы камень вісіць. Гэта таксама мінерал нейкі. Геолаг смяецца: “Выкінь іх. Ну, можаш жменю дадому завезці, сябрам раздаць, дзецям на цацкі. І не засмучайся, не ты першы, не ты апошні, многія так пападаюцца!” Вось так я пабыў Джэкам Лонданам, золата намыў…

Пажар на зямлі — вяртанне ў неба

На шчасце, праз два гады жыцця на востраве здарыўся выпадак, які дапамог лётчыку вярнуцца ў неба. З-за чыёйсьці неасцярожнасці згарэла драўляная лазня, і вырашана было пабудаваць бетонную.

— Ну, на складах, як я ўжо казаў, хапала ўсяго: і цэменту, і дошак, і бялізны, так што лазню мы зрабілі цудоўную. І ўнутры абсталявалі як трэба, шахматы там паставілі. Усе былі задаволеныя, усім падабалася, і ўсе, хто ў нас у гасцях пабываў і ў лазню схадзіў, пасля іншым хваліліся. Так, напэўна, інфармацыя і дайшла да аднаго генерала з Ціксі (пасёлак у Якуціі), з якім я быў знаёмы. Стаў ён да нас прылятаць. Раз прыляцеў, два… А я з ім сустракацца пазбягаў, саромеўся, што я ўжо не лётчык. Ды ўсё ж аднойчы пабачыліся. Ён быў вельмі ўражаны: “Рыгор, а ты як тут апынуўся?” А я: “Дык я ж беспартыйным быў — загад памятаеце?” “Памятаю. Але ж зараз ты партыйны?” “Так.” “Хочаш лётаць?” “Канечне.” “Чакай, праз дзень да цябе прыляцяць два палкоўнікі, забяруць цябе ў Ціксі”.

І зноў пачаліся палёты, ужо на новых самалётах.

— Раней я на Ту-16 лётаў, цяпер перавучылі на Ан-12. Пяць гадоў я там, у Ціксі, адсандаліў. Пасля перавёўся ў Крывы Рог. Год палётаў на Ан-12, а тады неяк ноччу прыбягае пасыльны, выклікае мяне камандзір палка. Прыходжу ў штаб — ставяць перад фактам: раніцай будзе самалёт, ляціш у Іванава перавучвацца на Іл-76. Я і здзівіўся, і абурыўся: куды мне, старому, перавучвацца, хіба маладых няма? Але загад ёсць загад. Перавучыўся, адлётаў на Іл-76 і ўжо з яго на пенсію выйшаў, дэмабілізаваўся.

З пілотаў — у будаўнікі

Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся інжынерам у дэпартаменце аховы ў Крывым Рогу, а ў 1992 годзе вярнуўся на радзіму. І тут не сядзеў склаўшы рукі, рабіў прарабам у былым СВК “Беларусь”. Будаўніцтвам і рамонтам памяшканняў займаўся заўзята, з вялікай ахвотай, хоць гэта і такі далёкі ад палётаў занятак. Як чалавеку, поўнаму пазітыўнай, стваральнай энергіі, яму заўсёды хацелася жыць на ўсю моц, прыкладаючы ўсе сілы, якія ёсць, для выканання любой карыснай справы. Зрабіў усё, што мог, дастойна сыграў сваю ролю на нябёсах — стаў рабіць на зямлі.

І цяпер яны з жонкай трымаюць падсобную гаспадарку, дом і прыдамавая тэрыторыя дбайна дагледжаныя. Каля двара можна прыемна адпачыць, пагутарыць на лавачках са сталом пад навесам. Шкада толькі, што ў гэтай старой, халоднай у зімовы час хаціне пажылыя людзі апынуліся не па ўласным жаданні. Выдзелены ім калісьці дом (ад сельгаспрадпрыемства) згарэў, і давялося перабрацца да цешчы (цяпер яе ўжо няма сярод жывых). Не па іх віне здарыўся пажар, але ад гэтага не лягчэй. Які кантраст атрымліваецца: старанная, самаадданая служба і праца ў маладыя гады — і поўная бытавых праблем, неўладкаванасці старасць…

Праўда, Рыгор Пятровіч не адчайваецца. Як сапраўдны ваенны, ён і ў сваім шаноўным узросце глядзіць на жыццё бадзёра і ўпэўнена.

— Не прападзём! Хадзіў я раней па інстанцыях, доўга хадзіў, дапамогі прасіў, ды ўсё безвынікова, так што махнуў на іх рукой. Рамонт раблю, добраўпарадкаваннем займаюся, акультурваннем. Будзем жыць.

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене