ЯНЫ ПРОСТА ЗГУБІЛІСЯ, А ПОТЫМ ЗНАЙШЛІСЯ

13 октября 2012 6:00

Пра прыёмную сям’ю Жыткоўскіх расказала галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі Талачынскага райвыканкама Святлана Васільеўна Салтанава. Яна ж звярнула ўвагу на тое, што гэта — адна з першых прыёмных сем’яў у раёне.

Прыёмныя бацькі — людзі вопытныя, выхавалі трох дачок, малодшай з якіх ужо трыццаць шэсць, адказныя, вельмі любяць дзяцей і ведаюць, што для малых неабходныя ўвага, разуменне, падтрымка і пяшчотнае слова дарослага.

Гісторыя сям’і

Ёсць у жыцці Ліліі Іванаўны і Іосіфа Емяльянавіча дзіўныя супадзенні. Першае здарылася 72 гады таму, калі 10 жніўня 1940 года ў суседніх вёсках нарадзіліся хлопчык і дзяўчынка, Іосіф і Ліля. Пазней, калі дваццацітрохгадовыя юнак і дзяўчына пачалі цікавіцца адно адным, Іосіф вырашыў запрасіць каханую на свой дзень нараджэння, чым вельмі здзівіў дзяўчыну, бо яна не чакала такога супадзення. У выніку святкавалі дні нараджэння сумесна, а праз месяц згулялі вяселле.

Першай у сям’і з’явілася дачушка Ніла, праз год — Ала, пазней — Інга. Цяпер яны дарослыя, маюць сваіх дзяцей. Лілія Іванаўна і Іосіф Емяльянавіч даўно ўжо бабуля і дзядуля, у іх пяць унукаў і дзве ўнучкі.

Але думка пра сыночка не знікала… Лёс падараваў мужу і жонцы Жыткоўскім магчымасць выхаваць сына… і не аднаго.

Прыёмныя бацькі бліжэй за некаторых родных

У 2000 годзе прыёмныя сем’і сустракаліся нячаста. Аднойчы Іосіф Емяльянавіч пачуў па радыё перадачу, у якой расказвалася пра акцыю “Падары дзецям сонца”. Падзяліўся дома з жонкай цікавай інфармацыяй, сумесна вырашылі ўзяць у сям’ю хлопчыка. У маі таго ж года Лілія Іванаўна разам з дачкой паехала ў Аршанскі дзіцячы дом. Спачатку ім прапанавалі ўзяць дзяўчынку, а калі даведаліся, што ў сям’і ёсць ужо не адна, а тры дачкі, пагадзіліся, што трэба разбавіць жаночы калектыў. Чатырохгадовы Уладзік, па словах выхавацеляў, вельмі любіў передачу “Жди меня”. Глядзеў яе, затаіўшы дыханне, нібы чакаў, што вось-вось на экране з’явіцца ягоная матуля, якая недзе згубілася… Цуд жа адбыўся не ў студыі перадачы, а ў пакоі дзіцячага дома, калі ў ім з’явіліся Лілія Іванаўна з дачкой. Радасці хлопчыка не было межаў, ён адразу зразумеў, што гэта прыйшлі за ім, кінуўся абдымаць доўгачаканых гасцей. Лілію Іванаўну адразу назваў бабуляй, а яе дачку — мамай, так і называе дагэтуль. А калі на чыгуначным вакзале ўбачыў сустракаўшага іх Іосіфа Емяльянавіча, гучна закрычаў: “Дзядуля, я знайшоўся!”

З таго дня ў жыцці сям’і Жыткоўскіх з’явіўся новы сэнс і новая задача — выхаваць сына. Хлопчыку былі створаны спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця. Ён вучыўся ў школе мастацтваў, наведваў заняткі харэаграфічнага гуртка, прымаў удзел у спартыўных спаборніцтвах, алімпіядах па прадметах. Вельмі цікавіўся гісторыяй, аб чым сведчаць і кніжкі на паліцах асірацелага цяпер пакоя.

— Ведаеце, у нас ніколі не было ўспрыняцця Уладзіка як чужога, ён з першых момантаў нашага знаёмства стаў сваім, родненькім, вельмі любімым, — расказвае пра свае пачуцці Лілія Іванаўна.

— Але, пагадзіся, ты яго спеставала, — усміхаецца Іосіф Емяльянавіч ў адказ на словы жонкі.

Праўда, у гэтай заўвазе няма ніякага папроку, адчуваецца толькі бацькоўская любоў.

У школе Уладзік прынцыпова падпісваў сшыткі прозвішчам Жыткоўскі, а па заканчэнні школы зрабіў усё, каб яно стала ягоным на законнай падставе. І на ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта паступіў ужо як Уладзіслаў Жыткоўскі.

У мінулым годзе Лілія Іванаўна і Іосіф Емяльянавіч атрымалі дзіўны падарунак на свой дзень нараджэння. 10 жніўня ім патэлефанавалі з аддзела адукацыі і прапанавалі ўзяць у сям’ю яшчэ аднаго хлопчыка. Пытанне вырашалася нядоўга, і ужо на наступны дзень Лілія Іванаўна, Іосіф Емяльянавіч і Уладзік паехалі за Арцёмам. Пяцігадовы хлопчык не адразу пайшоў на кантакт, быў замкнёны, размаўляў мала. Але хутка пасябраваў спачатку з Уладзікам, а потым і з “бабуляй” і “дзядулем”. Цяпер хлопчык — школьнік, як і старэйшы брат, займаецца ў музычнай школе, вучыцца іграць на гітары, а таксама наведвае заняткі харэаграфічнага гуртка.

Сапраўднай падзеяй для Арцёма стала паездка ў Мінск да Уладзіка на прыняцце прысягі. Малога апранулі ў ваенную форму, што выклікала ў яго асаблівыя пачуцці. А калі адзін з ваенных прапанаваў далучыцца да старэйшых хлопцаў і стаць у строй разам з імі, Арцём адчуў сябе шчаслівым і прыняў рашэнне абавязкова пайсці вучыцца ў Сувораўскае вучылішча, хаця і цяжка было пакуль што вытрымаць стаяць на адным месцы у страі ваенных…

— Мы зусім не шкадуем, што ў свой час прынялі рашэнне ўзяць у сям’ю прыёмных дзяцей. Яны сталі для нас роднымі, падаравалі радасць. Такое адчуванне, што яны заўжды былі нашымі, але недзе згубіліся, а потым знайшліся, — разважае Лілія Іванаўна. — Ведаеце, толькі аб чым шкадую? Што не ўзяла больш дзяцей. Нам прапаноўвалі тады ў Оршы ўзяць яшчэ трох братоў… Я тэлефанавала дадому, каб параіцца з мужам, але ён быў недзе на вуліцы. Я ўпэўнена, што ён бы сказаў везці ўсіх, але сама я не рызыкнула прымаць такое сур’ёзнае рашэнне…

Лілію Іванаўну запрасілі на канцэрт, прысвечаны Дню маці, які адбудзецца ва ўніверсітэце, дзе вучыцца Уладзік. І, нягледзячы ні на адлегласць, ні на ўзрост, ні на прастуду, яна паедзе, бо ведае, што сын будзе рады сустрэчы. Ды і сама яна ўжо засумавала па ім, хоць Уладзік і тэлефануе штодзень…

Сапраўднае бацькоўскае сэрца пяшчотнае, клапатлівае, яно здольна сагрэць не аднаго сына ці дачку, падарыць ім радасць дзяцінства. А людзі з такімі сэрцамі могуць стварыць галоўнае — шчаслівую сям’ю.

А. КУЗЬМІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене