НОВЫ АБ’ЕКТ, СТАРЫЯ ПРАБЛЕМЫ

25 января 2013 16:11

Прайшоў ужо месяц з таго часу, як на новай ферме “Дабравольск” ААТ “Абольцы” (пасля рэканструкцыі) стаіць жывёла. Што прынёс прадпрыемству гэты аб’ект, акрамя шматлікіх клопатаў і вялікіх фінансавых укладанняў? Ці дасягнутая галоўная мэта рэканструкцыі — стварыць добрыя ўмовы для ўтрымання жывёлы і працы людзей, для забеспячэння высокіх вытворчых паказчыкаў? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, 22 студзеня мы наведалі ферму, сустрэліся з работнікамі прадпрыемства.

ЗАГАДЧЫК ФЕРМЫ ПЁТР ШЫБЕКА, КАРМАЧ СЯРГЕЙ ДЗЯВЯТКІН, СЛЕСАР ВАЛЕРЫЙ ЛЯМНІЦКІ.

Ляпалі, ляпалі — і нарэшце зляпалі

Менавіта такімі словамі ахарактарызавалі людзі завяршэнне будаўніцтва. Дакладней, нават не завяршэнне: ферму яшчэ трэба даводзіць і даводзіць да ладу, будаўнічых і аддзелачных работ тут яшчэ хопіць. І тое, што зроблена, выклікае нараканні.

— Паглядзіце на вароты, вунь якая шчыліна, не поўнасцю прылягаюць. З-за гэтага холадна, асабліва калі вецер. Не, тут, канечне, не мінусавая тэмпература, вада, бачыце, не замерзла, хоць на дварэ мінус сямнаццаць …

— Дах накрылі руберойдам і шыферам. Трэба было б яшчэ ўцяпляльнік пакласці, а так цяпер падыміце галаву: абмерзла ўсё, а пачнецца адліга — пацячэ.

Пакрыты тоўстым слоем інею, з сантыметр, і поліэтылен на сценах (будынак кароўніка — плёначнік). Замест адных варот (у сярэдзіне кароўніка), якія не паспелі зрабіць, проста паставілі дошкі і нацягнулі поліэтылен. Бытавыя памяшканні пакуль што пустыя, халадзільнае абсталяванне не падключана (у ім яшчэ няма патрэбы: са 144-х галоў толькі ў лютым чакаецца расцёл 46-ці).

Словам, не адчуваецца на ферме ўтульнай, камфортнай атмасферы. Пакуль што гэта нешта часовае, паходна-палявое.

Жыццё ставіць на калені…

І настрой людзей, і канкрэтныя факты, аб якіх яны паведамілі і якія мы ўбачылі на ўласныя вочы, сведчаць, што становішча ў гаспадарцы ў апошні час толькі пагаршалася.

На дварэ каля транспарцёра назбіралася ўжо даволі вялікая куча гною.

— Другі дзень не адвозім, саляркі няма. Купім літраў сто, кармы развязём — і ўсё.

— Кармоў, праўда, хапае, — адзначыў загадчык фермы Пётр Шыбека. — Сена, сянаж, зерне плюшчанае — не галодныя каровы. Я тут усё жыццё адпрацаваў, памятаю, як раней бывала, і як цяпер, бачу. Былі часы, заходзіш у хлеў — такі роў стаіць, жывёла галодная! Саломе радыя былі, а цяпер яе ўжо за корм ніхто не лічыць.

Але гэтая станоўчая акалічнасць не абнадзейвае, аптымізму не дадае, таму што ў супрацьвагу ёй — сур’ёзныя і, як здаецца, непераадольныя цяжкасці, якія вядуць у тупік, у безвыходнасць.

— Людзей усё менш і менш. Не прырастае вёска, а змяншаецца. Рабіць няма каму, ужо нават начальства не хапае, мяне вось, пенсіянера (я тры гады на пенсіі) папрасілі выйсці на месяц. А мне яно трэба? Я ўжо сваё адрабіў, адкіраваў, дай бог кожнаму, сорак гадоў. Людзей у даўнія часы было нямерана, таму і з дысцыплінай не так цяжка было. Выпіваць — так, і тады таксама выпівалі, але калі даярку, бывала, выганіш, дык праз тры дні яна прыйдзе і на каленях просіцца, вазьміце! А цяпер паспрабуй выгані: замены няма — сам на калені станавіся.

Дарэчы, узровень зарплаты радавых работнікаў яскрава сведчыць аб тым, што працуюць яны тут толькі з-за адсутнасці выбару. Іначай за такія грошы наўрад ці хто трымаўся б.

— У мяне ў дзень аплата сорак тысяч, — пачаў аналізаваць свой заробак слесар Валерый Лямніцкі. — За месяц атрымаецца мільён дзвесце, плюс яшчэ за выхадныя і святы ў двайным памеры, так што, можа, мільёны два і выйдзе.

— У яго вось, — кіўнуў Пётр Якаўлевіч на кармача Сяргея Дзявяткіна, — каля трох мільёнаў, ну, а ў дзённага вартаўніка мінімалка.

Як выратаваць вёску?

Адказ на гэтае пытанне ў той дзень мы шукалі і разам з работнікамі наведанага сельгаспрадпрыемства, і ў гутарках з іншымі жыхарамі аграгарадка, у тым ліку і з супрацоўнікамі іншых мясцовых арганізацый. Канкрэтнага выйсця прапанаваць ніхто не мог, усе выказвалі толькі спачуванні і наракалі на немагчымасць, бяссілле штосьці змяніць, бо вышэйназваныя негатыўныя працэсы адбываюцца не ў асобна ўзятых Абольцах, а ў цэлым па краіне. Працэсы гэтыя і дэмаграфічныя, і псіхалагічныя (змяняюцца адносіны людзей да жыцця, уяўленні аб каштоўнасцях, абавязку, нормах маралі і г.д.), і эканамічныя.

— Ну, калі літр саляркі каштуе восем тысяч, а літр малака — тры ці колькі там, дык пра што гаварыць? Адкуль тут зарплаце быць? — прывёў Пётр Якаўлевіч агульнавядомы прыклад, што характарызуе жывёлагадоўлю як бесперспектыўны, нявыгадны напрамак дзейнасці.

Але гэтую “дызельна-малочную” супярэчнасць трэба разглядаць не ізалявана, як матэматычную задачу, а ў кантэксце эканомікі ўсёй краіны. Дапусцім чыста тэарэтычна, паразважаем: што атрымаецца, калі ўзяць і павысіць мэтанакіравана, у прымусовым парадку, цэны на малако (і мяса, і бульбу і г. д.)? Хто тады зможа яго купляць? Ці ўдасца тады збываць усё, вырабленае сельгаспрадпрыемствамі? Зразумела, не. Таму выйсце хутчэй у нарошчванні аб’ёмаў, паляпшэнні якасці і пашырэнні рынкаў збыту. Або, калі сказаць больш абстрактна (але ад гэтага не менш асэнсавана) — у павышэнні эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці. Толькі як гэтага дабіцца ў цяперашніх умовах, пры цяперашнім эканамічным і дэмаграфічным становішчы?

С. АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Январь 2013
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене