Міралюбівы, працавіты і жыццястойкі народ не мог не перамагчы
Дарослыя і дзеці, працоўнымі калектывамі, сем’ямі і паасобку — як заўсёды, у гэтую важную для ўсіх нас дату мы сабраліся, каб пачаць святочны дзень з ушанавання памяці тых, хто аддаў за нас свае жыцці, і тых, каму пашчасціла прайсці праз выпрабаванне вайной і ўбачыць шчаслівыя пакаленні сваіх нашчадкаў — дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Толькі двое ветэранаў занялі гэтым разам свае ганаровыя месцы на мітынгу. Няўмольны час, радзеюць рады тых, хто здабываў Перамогу, але ўсе яны застаюцца ў нашай памяці. І для кожнага з нас яны павінны быць прыкладам, кожны грамадзянін павінен быць гатовым пры патрэбе працягнуць іх справу, паўтарыць іх подзвіг, абараніць незалежнасць свайго народа.
На шчасце, сёння нам не трэба са зброяй у руках даказваць сваю годнасць звацца нашчадкамі герояў. Мы робім гэта стваральнай працай, але не забываемся і на падтрыманне абароназдольнасці. Менавіта гэтую сувязь, адзінства мірных працаўнікоў і абаронцаў Айчыны, а таксама непарыўную сувязь, пераемнасць пакаленняў сімвалізавалі выступленні ўдзельнікаў мітынгу — старшыні райвыканкама Гарнака А. С. і ваеннага камісара Белага В. С.
— Наш міралюбівы і працавіты народ у бязлітаснай барацьбе са страшным ворагам адстаяў сваё права на жыццё і мірную працу. Імкненне беларусаў да незалежнасці, свабода духу, здольнасць пастаяць за сябе былі апетыя яшчэ нашымі класікамі — Янкам Купалам, Якубам Коласам, Францішкам Багушэвічам і іншымі народнымі песнярамі, — адзначыў у сваім выступленні Гарнак А. С.
Сапраўды, краіна з такой вялікай гісторыяй, з такімі багатымі традыцыямі, з такой цікавай культурай проста не можа не перамагчы ў барацьбе за права займаць свой пачэсны пасад між народамі. Таму зусім не дзіўна, заканамерна, што 3 ліпеня мы адзначаем Дзень Незалежнасці.
У. МІХАЙЛАЎ.