Падрыхтоўка школ — справа важная і адказная
Неўпрыкмет падступіла другая палова лета, не за гарамі пачатак новага навучальнага года. Ва ўстановах адукацыі на працягу ўсяго гэтага часу вядуцца рамонтныя работы, каб першага верасня прыняць вучняў у светлых, прыгожых класах.
Настаўнікі, работнікі школ, вучні прыводзяць у парадак школьнае абсталяванне, тэрыторыі, выконваюць рамонт мэблі. Інжынер па будаўніцтве аддзела адукацыі райвыканкама Яўген Анатольевіч Заран паведаміў, што частка сродкаў выдзелена цэнтрам занятасці, у некаторых школах створаны вучнёўскія рамонтныя брыгады. Выдзелены сродкі і з раённага бюджэту, а таксама выкарыстоўваюцца грошы з асабістых рахункаў устаноў адукацыі.
Разам з Яўгенам Анатольевічам мы наведалі дзіцячы сад №2 г. Талачына. Калісьці, каб павялічыць колькасць месцаў, дзве веранды для гульняў ясельнай групы прыстасавалі пад спальныя пакоі. Мінулым летам у адным з іх быў праведзены капітальны рамонт. З вялізных вокнаў зрабілі звычайныя, сцены ўцяплілі, у калідоры вы-кладзена пліткай, пастаўлены новыя дзверы. На здымку вы бачыце, як выглядае зараз гэты пакой. У бягучым годзе будзе праведзены такі ж самы рамонт у другім спальным пакоі.
У актавай зале дашкольнай установы зроблены касметычны рамонт. За сродкі, сабраныя папячыцельскім саветам, набыты прыгожыя шпалеры, пераклеены сцены, пакладзены новыя плінтусы. У бліжэйшы час у будучай старэйшай групе бацькі сваімі рукамі пачнуць рамонт пакоя для гульняў. Загадчыца дзіцячай установы Іна Станіславаўна Васілеўская ад імя педагагічнага калектыву выказала вялікую ўдзячнасць бацькам, якія не застаюцца раўнадушнымі да праблем дзіцячага сада. Яўген Анатольевіч адзначыў, што для набыцця мэблі і гульневага абсталявання для дашкольных устаноў затрачана 137 мільёнаў рублёў, набыта фарбы на 14 мільёнаў рублёў.
Наведаліся мы і ў Талачынскую раённую гімназію, пацікавіліся, як тут ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Нельга не адзначыць, што гімназія прыкметна папрыгажэла. Ставяцца новыя вокны, тэрыторыя вакол добраўпарадкаваная, усюды акуратна выкашана трава. Пляцоўка для вывучэння пра-вілаў дарожнага руху аздоблена кветкамі, цікавымі кампазіцыямі. Напрыклад, сухое дрэва па-мастацку ўмела апрацавана, вакол яго ўецца вінаград. Адзін з кветнікаў выкананы ў форме “знічкі”, эмблемы навучальнай установы. Над невялічкім басейнам нахілілася вярба. Калісьці яе маленькім дрэўцам прывёз дырэктар гімназіі Уладзімір Міхайлавіч Завадскі. Калі прыгледзецца, у вадзе можна заўважыць стайку дэкаратыўных рыбак. Ініцыятарамі з’яўлення такіх куточкаў з’яўляюцца дырэктар і намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Таццяна Мікалаеўна Раманкевіч. Нягледзячы на тое, што зараз у яе водпуск, жанчына прыходзіць у гімназію, каб прасачыць за ходам рамонтных работ, зрабіць неабходныя распараджэнні.
Кожнае лета рамонтная брыгада старшакласнікаў дапамагае ў падрыхтоўцы гімназіі да новага навучальнага года. Аддзел адукацыі заключае дагавор з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і прымае на работу вучняў у якасці рабочых па комплексным абслугоўванні будынкаў. Старшакласнікі забяспечаны неабходнымі матэрыяламі, па заканчэнні работ атрымаюць зарабатную плату. Яны фарбуюць падлогу, спартыўнае абсталяванне, лаўкі. Напрыклад, Віктар Шаўня працуе ў брыгадзе другі год. Цікаўлюся, ці цяжка працаваць на рамонце. Юнак з усмешкай упэўнівае, што яму часу хапае і адпачыць, і пагуляць. Дзіяна Доўгая — адзіная дзяўчына ў брыгадзе. Дапамагае рыхтаваць школу да новага навучальнага года таксама не ў першы раз. На цяжкасці не скардзіцца. Лічыць, што летнія канікулы — цудоўная магчымасць зарабіць свае грошы, каб купіць што-небудзь для сябе, а не прасіць у бацькоў. Працуюць у брыгадзе таксама Раман Раманкевіч, Улад Шумскі, Вадзім Дудчанка. Першага верасня дырэктар гімназіі адзначыць іх на ўрачыстай лінейцы, уручыць прэміі.
А. СЕРАДА.
Падрыхтоўка школ — справа важная і адказная,