Кірмаш прайшоў непаўторна, весела і захапляльна
Да ўвагі наведвальнікаў традыцыйнага асенняга кірмашу ў Талачыне сёлета быў прапанаваны не толькі шырокі выбар тавараў сельскагаспадарчай вытворчасці, а яшчэ і прынцыпова новая, больш насычаная і захапляльная, чым звычайна, культурная праграма. На плошчы перад райвыканкамам усе сельсаветы ў рамках агляду-конкурсу прадставілі свае прэзентацыі — разгарнулі вы-ставы дэкаратыўных вырабаў, накрылі сталы і, канечне ж, выступілі з нумарамі мастацкай самадзейнасці.
Багацце і арыгінальнасць афармлення выстаў, цікавасць выступленняў ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі розных аддзелаў райвыканкама і асабіста старшыня райвыканкама Гарнак А. С. і старшыня райсавета дэпутатаў Мурашка Г. Г. Нягле-дзячы на тое, што для ўсіх прэзентацый было характэрна прынцыповае падабенства (сялянскі, этнаграфічны каларыт, нацыянальная кухня, упрыгажэнні з гарбузоў, саломы, жоўтага лісця і г. д.), усё ж такі прадстаўнікі кожнага сельсавета парадавалі гледачоў адметнымі, непаўторнымі кампазі-цыямі і выступленнямі, у чарговы раз паказаўшы свае даўнія традыцыі або ўразіўшы нейкім новым арыгінальным мастацкім прыёмам. На плятні, якім была абнесена выстава, прывезеная з Абольцаў, красавалася шыльда “Аболецкі супермаркет”, коханаўцы праспявалі дасціпныя прыпеўкі аб жыцці сучаснага вяскоўца, Талачынскі сельсавет падрыхтаваў прэзентацыю ў драматызаванай форме з удзелам літаратурных персанажаў (ролю выконваў і сам старшыня выканкама Закрыжэўскі Б. Г.)… Пералік можна было б працягваць, бо творчая фантазія работнікаў сельскіх устаноў культуры і іншых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці не ведала межаў.
Вызначэнне пераможцаў адбывалася шляхам падліку балаў, выстаўленых членамі журы. У выніку першыя тры месцы занялі Воўкавічы, Абольцы і Слаўнае (у якасці прызоў атрымалі адпаведна два трымеры і бензапілу), далей размясціліся Азерцы, Коханава, Валосава, Талачын, Серкавіцы (узнагароджаны электрачайнікамі і тартамі).
Агучваючы вынікі конкурсу, старшыня райсавета Мурашка Г. Г. выказаў меркаванне, што правядзенне на асеннім кірмашы агляду-конкурсу сельсаветаў павінна стаць традыцыяй. І гэтае меркаванне, відавочна, можна толькі падтрымаць: конкурс надаў кірмашу сапраўдны святочны каларыт, ажывіў яго, зрабіў непаўторным і запамінальным.
У. МІХАЙЛАЎ.