Здача дома па вуліцы Леніна зноў пад пагрозай зрыву
Талачынскі даўгабуд – 48-кватэрны дом па вуліцы Леніна, 91А не быў здадзены, як планавалася, у верасні. На мінулым тыдні дольшчыкі падпісалі чарговае дадатковае пагадненне аб пераносе здачы – гэтым разам на кастрычнік.
Але на тое, што цяпер дом будзе нарэшце ўведзены ў эксплуатацыю, напэўна, няма чаго спадзявацца. Так, па стане на 23 кастрычніка не ва ўсіх кватэрах былі ўстаноўлены міжпакаёвыя і ўваходныя дзверы, не поўнасцю зроблена ўнутраная аддзелка (не паклеены шпалеры, не пафарбавана падлога і г. д.), не ўстаноўлена сантэхнічнае абсталяванне, газавыя пліты, не даведзена да канца добраўпарадкаванне тэрыторыі, прымацаваны не ўсе вадасцёкавыя жалабы… Пералік недаробак можна працягваць, і пры ўсім гэтым работы на аб’екце ў апошнія тыдні вяліся як мокрае гарыць: калі ні прыйдзеш на будоўлю, убачыш там толькі некалькі чалавек. Нямала пытанняў узнікае і па якасці ўжо выкананых работ.
16 кастрычніка на сходзе таварыства ўласнікаў дырэктар ПВУП “Друць” (генпадрадчык), адказваючы на пытанне аб прычынах затрымкі, паведаміў, што ўпраўленне капітальнага будаўніцтва мае перад прадпрыемствам запазычанасць, а прадстаўнікі УКБ у сваю чаргу заявілі, што наадварот – “Друць” не адпрацавала атрыманыя сродкі. Спрэчка скончылася безвынікова, кожны бок застаўся пры сваім меркаванні.
Дольшчыкі дамовіліся, што больш пагадненні аб пераносе тэрмінаў уводу дома падпісваць не будуць, а замест гэтага накіруюць у Дзяржкантроль заяву з просьбай разабрацца ў сітуацыі і прыняць меры ў адносінах да адказных асоб, якія сваімі дзеяннямі (у тым ліку і бяздзейнасцю) выклікаюць зацягванне тэрмінаў будаўніцтва, нерацыянальнае расходаванне фінансавых сродкаў, павелічэнне кошту аб’екта, узмацненне негатыўных настрояў, незадаволенасці насельніцтва. Акрамя таго, раней старшынёю таварыства ўжо была пададзена заява ў пракуратуру па факце знікнення ў невядомым напрамку вялікай сумы грошай (больш за 500 мільёнаў рублёў): гэтыя сродкі, пералічаныя на патрэбы будоўлі яшчэ ў самым яе пачатку, не былі асвоены і “завіслі” пасля ліквідацыі былога генпадрадчыка – ПМК-65.
С. АБРАМОВІЧ.