Шануем звычаі — шануем Радзіму

30 ноября 2013 14:05

Дзіцячыя ўражанні самыя яскравыя. Яны назаўсёды застаюцца ў нашай памяці. Многае ўспомнілася мне пры наведванні Аболецкага Дома фальклору.

Як колеры вясёлкі, у памяці захаваліся самабытныя словы народных песень, прымавак у выкананні калядоўшчыкаў і валачобнікаў, якія вандравалі ад хаты да хаты на Каляды і Вялікдзень. Да іх прыходу гаспадары загадзя рыхтавалі пачастункі. І вось шумная вясёлая грамада з бубнамі, гармонікам, песнямі завітвае ў дом. Гучаць велічальныя песні гаспадару і гаспадыні, іх дзецям і ўнукам… Я і сястра сарамліва хавалі твары ў матчыну спадніцу, калі госці жадалі бацькам пасаг збіраць — дачок замуж выдаваць.

Далей прасілі бацьку залезці на драбінку і дастаць гасцям вяндлінку, залезці на баляску і дастаць каўбаску, наліць віна-зеляна… Жадалі прыбытку ў гаспадарцы, павагі адно да другога… Музыка трапных, мудрых, часам смешных і незразумелых слоў гучыць у душы праз дзесяцігоддзі.

Ганна Іванаўна Падбельская, да якой я завітала, на пяльцах вышывала прыгожыя кветкі на белай блузцы. Вакол яе былі развешаны народныя касцюмы, аздобленыя мярэжкай, вышытымі ўзорамі. Усё гэта зроблена рукамі артыстаў. Яна і расказала аб жыцці фальклорнага калектыву з прыгожай назваю “Суседзі”.

— Наш калектыў нядаўна адзначыў сваё трыццацігоддзе. У 1983 годзе ў сельскім клубе вёскі Крывыя Ганна Маркаўна Конюшка з іншымі аматарамі народных песень і танцаў арганізавала невялікі гурток. З таго часу скарбонка з народнымі песнямі, апісаннем звычаяў, абрадаў, танцаў штогод папаўняецца. Пасля Ганну Маркаўну замяніла Ніна Сямёнаўна Літвінава. А ў апошнія два гады калектывам кірую я.

Пасля закрыцця клуба ў Крывых “Суседзі” перабраліся ў Абольцы. Калектыў папоўніўся новымі ўдзельнікамі. Мы ведаем, што як бы часам ні дапякала штодзённая праца, як бы ні мучыў клопат аб заўтрашнім дні, а душы людзей цягнуцца да светлага і чыстага. А ці многія з моладзі памятаюць гэтую прыгажосць —  бабуліны, матуліны песні, казкі?! Вось мы і стараемся зберагчы тое, што паступова няўмольна адыходзіць у нябыт. Абрадавыя песні, гульні, танцы, прыпеўкі — усё гэта мы даносім да людзей. Без нас не абыходзіцца ніводнае свята вёскі. Выязджаем на палі да хлебаробаў.

Дарэчы, нашаму фальклорнаму калектыву 31 жніўня 1995 года было прысвоена званне народнага. У кастрычніку бягучага года мы прымалі ўдзел у тэлевізійным творчым праекце ў Віцебску “Зорны шлях” і атрымалі дыплом. Нядаўна ўдзельнічалі ў раённым свяце фальклору “Скарбы роднага краю”. Аднавілі народныя абрады дажынак, абмалоту, хрэсьбін і іншыя. Калядоўшчыкаў і валачобнікаў з нецярпеннем чакаюць жыхары аграгарадка. Як водзіцца здаўна ў народзе, частуюць. Не ва ўсіх людзей знаходзім паразуменне, некаторыя не падтрымліваюць наша імкненне да адраджэння народных звычаяў, але такіх мала. Большасць разумее, што народныя звычаі — не імшэласць і не даўніна. Яны існавалі, існуюць і будуць існаваць.

Гледзячы на стос тоўстых сшыткаў, у якіх занатаваны бясцэнны народны скарб, загараешся аптымізмам субяседніцы і верыш у тое, што самаадданая праца абальчан дасць плён, у тое, што сабраны імі матэрыял будзе запатрабаваны новымі пакаленнямі, якія праз многа гадоў таксама будуць працягваць ладзіць тэатралізаваныя святы, гульбішчы, абрады.

Значны ўклад у станаўленне калектыву зрабілі старэйшыя яго члены Зоя Сакалова, Станіслава Жалдак, Тамара Маісеева, Надзея Скроба, Надзея Косач, Людміла Зялюткіна, дырэктар Дома фальклору Лілія Аўласенка (яе маці Валянціна Дзявяткіна з’яўляецца сапраўдным знаўцам фальклору) і іншыя. У апошні час у калектыў уліліся і маладыя настаўнікі, спецыялісты сельскай гаспадаркі. У выступленнях пры патрэбе ўдзельнічаюць і вучні Аболецкай сярэдняй школы, якія займаюцца ў танцавальным і драматычным гуртках пры Доме фальклору. На іх і надзея, што склад “Суседзяў” будзе абнаўляцца.

Зараз у ім 15 артыстаў, мужчына ўсяго адзін — Пётр Шыбека. А калі б мужчын-артыстаў стала больш, то мастацкія нумары, несумненна, зайгралі б новымі фарбамі, а калектыў дасягнуў бы новых вяршынь у творчасці. Безумоўна, наперадзе ў “Суседзяў” новыя творчыя поспехі, у аснове якіх ляжыць такая вялікая любоў да роднай зямлі і да яе людзей.

М. ХМЯЛЮК.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Ноябрь 2013
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Окт   Дек »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене