Супакой, але не той
Летам рыхтуй сані, а зімой — калёсы — мудрае выслоўе, сапраўдная народная педагогіка. Але наведаўшы шэраг гаспадарак раёна, зазірнуўшы на іх машынныя двары, у мехмайстэрні, на фермы, былі непрыемна ўражаныя пануючым усюды заціш-шам. На носе новы год, два месяцы праляцяць неўпрыкмет — і клопаты ўжо вясновыя, а там і летні, і восеньскі прыпар.
— Так, — заўважыў галоўны інжынер УП “Рыдамльскі” Андрэй Парэпка, — страчваем дарагі час, значыць, ужо нешта ўпускаем. На аднаўленне трактароў, сельгасмашын, па самых сціплых падліках, патрэбны нам 1 млрд. рублёў. Гаспадарка вялікая, аб’ёмы работ значныя. На наступным тыдні прыступаем да вядзення рамонту…
Да размовы падключыўся вопытны электрагазазваршчык Мікалай Снапкоў. Многае, па яго словах, разлічваюць, як і раней, зрабіць сваімі сіламі. Заяўку на вугалок, дрот падалі, штосьці ёсць і пераходнае з ранейшых запасаў. Памочнікам у яго Ігар Ганчароў, малады хлопец, але ён мае некаторую практыку, сур’ёзна адносіцца да працы.
Начальнік Дзяржтэхнагляду Аляксей Талкачоў зрабіў рад заўваг па пастаноўцы тэхнікі на захаванне, стане машыннага двара, паставіў задачу па арганізацыі неадкладнага рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Умовамі для занятых на ім, аплатай працы цікавілася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вера Зуева.
У ААТ “Абольцы” найпершым чынам зазірнулі на малочнатаварную ферму ў Клябані. Яна з’явілася тут летась. Няпроста прыходзілася з яе будаў-ніцтвам, уводам, але высілкі аказаліся недарэмнымі. Па-першае, яна дала работу людзям, і яны задаволеныя, што ёсць з чаго жыць. Па-другое, такія невялікія па памерах фермы, дзе ёсць і малакаправод, і гноевыдаленне транспарцёрам, добра кіруемыя, апраўдваюць сябе эканамічна. На данай утрымліваецца 143 галавы кароў, сярэдні ўдой на галаву ў гэтыя дні складае 10 кілаграмаў. Заробкі, па прызнанні жывёлаводаў, неблагія.
Парадку каля памяшкання вялікага няма, а вось прадуманы рацыён кармлення звяртае на сябе ўвагу. Кукурузу змешваюць з сенажом, каб кампенсаваць недахоп у першай бялковай масы. Добра тое ўжо, што гэта ведаюць і радавыя жывёлаводы, імкнуцца атрымаць прадукцыю. Штодзень з клябанскай фермы адпраўляюць на малаказавод 1,5-1,6 тоны малака. Стараюцца, шчыруюць работнікі і на МТФ “Дабравольск”.
А вось у мехмайстэрні ў “Абольцах” таксама можна слухаць цішыню. На бягучы рамонт зайшоў толькі МТЗ з кормараздатчыкам “Хозяин”. Каля “Кіраўца” завіхаўся яшчэ механізатар Мікалай Новікаў (на здымку). Трактару 20 год, 7 з іх на ім робіць Мікалай. Было чым “паправіць” матор, вырашыў не зацягваць з рамонтам. Па яго ж словах, дні праз тры выйдзе з рамонту. “Пакуль і тут больш мінусаў, — падагульніў убачанае А. Л. Талкачоў, — чым станоўчых момантаў…” І гэта так, на вялікі сум, на справе. Толькі на замену высявальных агрэгатаў на АПП-6 спатрэбіцца больш за 200 мільёнаў рублёў, а па дробязях і не злічыць.
Больш аптымістычнай убачылася нам сітуацыя з рамонтам тэхнікі у КУСП “Надзёжына”. Адрамантавалі плугі, вядуць рамонт камбінаваных агрэгатаў, аднавілі два чызелі. Каля дзясятка чалавек мы заспелі на заканчэнні рабочага дня ў майстэрні. Аказваецца, тут асобныя запчасткі ёсць, набываюць іх за ўласныя сродкі. Горкі вопыт мінулых год не хочацца паўтараць, калі чакалі бюджэтных сродкаў — і не дачакаліся іх. Таму планамерна робяць усё магчымае і ў гэтыя дні. Не разважаюць, што ўсё дорага, няма за што. Пэўна, за вопытам ёсць сэнс звярнуцца да гаршчэўшчынскіх механізатараў і кіраўніцтва гаспадаркі. Умовы ж аднолькавыя, а падыходы — розныя. Адпаведныя і вынікі.
В. БІРУКОЎ.