Праблемы гандлю: прычыны — і ў высокіх цэнах, і ў нізкіх зарплатах

11 февраля 2014 14:07

Сістэма спажыўкааперацыі нядаўна стала аб’ектам крытыкі на самым высокім, рэспубліканскім, узроўні — за неэфектыўнасць, адсталасць, неканкурэнтаздольнасць. Як вядома, на тэрыторыі нашага раёна спажыўкааперацыя прадстаўлена гандлёвымі прадпрыемствамі і прадпрыемствамі грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. 4 лютага мы зрабілі азнаямляльную паездку па сельскіх крамах, каб пацікавіцца, ці вытрымліваецца ў іх асартыментны пералік тавараў, наколькі даступныя для вясковага жыхара цэны, ці выконваюцца санітарныя нормы. Нашымі спадарожніцамі сталі начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Чуйко Г. А. і спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Губарэвіч Н. С.

НА МЕСЦЫ НЯДАЎНЯГА СКАНДАЛУ

Улічваючы тое, што нядаўна ў Друцку адбылося непаразуменне ў сувязі з забаронаю на прыезд сюды круглянскай аўталаўкі (пра інцыдэнт напісала нават рэспубліканская “Сельская газета”), у першую чаргу мы і накіраваліся ў Друцк.

Пакуль Галіна Аляксееўна і Наталля Сяргееўна правяралі, ці адпавядае колькасць тавараў на прылаўках таму, што пазначана ў асартыментным пераліку, мы пагутарылі з пакупнікамі. Кожнаму даросламу чалавеку, які заходзіў у краму, задавалі наступныя пытанні: “Ці задаволены вы дзейнасцю крамы (асартымент, свежыя прадукты, цэны)? Ці бываюць у вас канфлікты, спрэчкі з прадаўцамі? Як вы ставіцеся да таго, што аўталаўка з Круглага больш не будзе прыязджаць да вас?”

Была сярэдзіна дня, таму людзей сустрэць давялося няшмат, але і па іх адказах можна зрабіць выснову, што ў цэлым дзейнасць гэтай гандлёвай кропкі задавальняе патрэбы мясцовых жыхароў, хаця ёсць у іх і некаторыя абгрунтаваныя заўвагі.

— Я задаволена, ніякіх скаргаў няма, — паведаміла першая субяседніца. — Аўталаўка? Не, я ёю не карысталася, бо мне няма калі, у мяне такая праца.

Паўтарыў станоўчы водгук і наступны пакупнік, мужчына:

— Нармальна! Асартымент? Хапае ўсяго! Аўталаўка была, але я не ведаю, як там у ёй, не хадзіў ні разу. Заўвагі? Няма пакуль нічога, усё нармальна, як што будзе, тады самі напішам вам.

Аналагічныя дыялогі паўтарыліся з іншымі пакупнікамі, але не абышлося і без крытычных ацэнак, якімі падзяліліся адразу тры жанчыны:

— Абслугоўванне нармальнае, толькі пажадана, каб хлеб быў часцей свежы, а то бывае, што нясвежы.

— Калі хадзіла аўталаўка, людзі былі задаволеныя, там хлеб таннейшы, і малако, і булачкі.

— Два хлеба і батон там куплялі за дваццаць тысяч, а ў нас хіба купіш за столькі?

Загадчыца крамы Раіса Мінкевіч адразу падлічыла на калькулятары кошт такой пакупкі — атрымалася 24900, і гэта пры тым, што пасля інцыдэнту з аўталаўкаю гандлёвая надбаўка ў друцкай краме была зніжана.

Галіна Чуйко паведаміла, што адразу пракаменціраваць такую розніцу не гатовая, гэтае пытанне трэба даследаваць:

— На сённяшні дзень кошты на хлеб практычна па ўсёй рэспубліцы ўніфікаваныя, і якім чынам круглянцам удалося знізіць іх, я сказаць не магу. Можа быць, іх хлеб крыху меншай вагі, або яшчэ якая-небудзь асаблівасць тут ёсць, мы зоймемся гэтым пытаннем.

Што да асартыментнага пераліку, то ў цэлым усе тавары, якія павінны быць прапанаваны пакупніку, ляжалі на паліцах. У вяскоўцаў сёння іншая праблема: за што іх купіць.

— Людзі паказваюць мне разліковыя лісткі, у каго мільён чатырыста, у каго мільён шэсцьсот, рэдка ў каго два мільёны, — расказала Раіса Мінкевіч. — Калі зарплата, тады купляюць, а пасля будзе зацішша.

Пацікавіліся мы ў Раісы Несцераўны і наконт спрэчак, непаразуменняў з пакупнікамі: ці здараецца такое?

— Мы тут людзі новыя, чацвёрты месяц працуем, удваіх, прыязджаем з Талачына, таму, можна сказаць, ідзе “прыцірка”, і могуць быць нейкія праблемныя эпізоды, але некрытычныя. Ну, напрыклад, даю здачу, а пакупнік гаворыць, што дала няправільна, бяру, зноў пералічваю, з чэкам звяраю, тлумачу, што да чаго, — вось вам ужо і нейкая супярэчнасць інтарэсаў.

Іншым прыкладам супярэчнасці інтарэсаў, якая патэнцыяльна можа перарасці ў канфлікт, стаў на нашых вачах наступны эпізод. Жанчына выказала незадаволенасць такім фактам: у краму прывезлі смятану, якая будзе годная яшчэ 10 дзён, але і выраблена яна ўжо дзён 10 таму, а значыць, захоўваць яе атрымаецца не так доўга, як можна было б, калі б тавар прывезлі свежы, адразу з канвеера. Відавочна, што правы пакупнікоў тут не парушаны, прадукт не пратэрмінаваны, хоць і чалавека можна зразумець: праз 10 дзён давядзецца выкінуць недаедзеную смятану і купляць новую. Усё ў дадзеным выпадку ўпіраецца ў грошы: быў бы ў насельніцтва высокі ўзровень даходаў — ніхто не лічыў бы кожную капейку і кожны дзень тэрміну прыдатнасці прадуктаў. Ды і вытворцы з рэалізатарамі, калі б мелі велізарны прыбытак, то маглі б лепш задаволіць інтарэсы людзей.

ДЛЯ ВЯСКОЎЦАЎ — І КРАМА, І АЎТАЛАЎКА

У невялічкай, калісьці зачыненай, а пасля зноў уведзенай у дзеянне краме ў Ганчароўцы на зваротным шляху мы прыпыніліся ненадоўга. Пакупнікоў там няшмат, да таго ж, як паведаміла Галіна Чуйко, мясцовых жыхароў абслугоўвае яшчэ і аўталаўка. Тым не менш у краме прадстаўлены даволі шырокі для такіх маштабаў асартымент: хлебабулачныя, мясныя, малочныя, кандытарскія вырабы, безалкагольныя і алкагольныя напоі, некаторыя гаспадарчыя тавары. Умовы захоўвання выконваюцца, пратэрмінаваных тавараў убачыць не давялося.

ТАВАРАЎ ПОЎНА, ДЫ НЯМА КАМУ КУПЛЯЦЬ

У краме ў Азерцах поўныя халадзільнікі і паліцы, чысціня, парадак і тая ж, што і ў Друцку, праблема — нізкая актыўнасць пакупнікоў. Тут сітуацыя ўскладняецца яшчэ і сур’ёзнаю канкурэнцыяй: недалёка знаходзіцца гандлёвая кропка кансервавага завода.

У адным будынку з крамаю размяшчаецца буфет: некалькі сталоў (на 4 пасадачныя месцы кожны), кандытарскія і мясныя вырабы, разнастайныя напоі, грыль (пакуль што быў толькі ўстаноўлены апарат, запуск якога планаваўся на бліжэйшы час). У працоўныя дні хто-небудзь заходзіць сюды паабедаць, у выхадныя наведваецца моладзь, студэнты.

ПАТРЭБНЫ РАДЫКАЛЬНЫЯ, АЛЕ РАЗУМНЫЯ МЕРЫ

Галіна Чуйко расказала пра сістэму скідак, якая прымяняецца ў спажыўкааперацыі, у тым ліку і на ўзроўні Талачынскага райспажыўтаварыства. Напрыклад, у спецыяльным журнале вядзецца маніторынг тэрміну прыдатнасці прадуктаў харчавання, і, як толькі ён набліжаецца да заканчэння, кошт гэтага прадукту зніжаецца. Прама падчас нашай паездкі Галіне Аляксееўне паступіла тэлефанаванне з адной сельскай крамы: загадчыца ўзгадняла свой намер знізіць кошт малака.

Яшчэ адна форма прадастаўлення скідак — заключэнне з вытворцам тавару дамовы, у дапаведнасці з якою вытворца зніжае адпускны кошт, а рэалізатар — гандлёвую надбаўку. На ўпакоўцы такіх тавараў размяшчаецца эмблема Белкаапсаюза або надпіс “Наша акцыя”. У азерацкай краме, напрыклад, мы ўбачылі мясныя кансервы з эмблемаю і маянэз з надпісам.

Словам, відавочна, што спажыўкааперацыя імкнецца задаволіць інтарэсы людзей і дабіцца станоўчых фінансавых вынікаў для сябе. Толькі дасягнуць дзвюх гэтых мэт адначасова пакуль што хутчэй немагчыма. Канкрэтны прыклад:

— Вось слоік кансерваў. Хто іх спрабаваў, вельмі хвалілі, — паказвае Галіна Аляксееўна, — але калі мы іх прададзім, не ведаю, бо каштуюць яны ў нас трынаццаць тысяч, а ў “Дабраноме” дзевяць.

Што трэба зрабіць у гэтай сітуацыі — прапанаваць кансервы па восем тысяч? І іншыя прадукты зрабіць больш даступнымі, чым у “Дабраноме”? Ды яшчэ і рэкламныя лістоўкі распаўсюдзіць, каб данесці гэтую навіну да шырокага кола спажыўцоў? Зразумела, што праявіць такую ініцыятыву магчыма было б толькі пасля таго, як падобныя радыкальныя крокі былі б зроблены на іншых, больш высокіх узроўнях. І гэта павінна быць не проста механічнае зніжэнне коштаў, а глыбокі, сістэмны перагляд, удасканаленне механізмаў іх фарміравання, аб чым, у прыватнасці, і гаварылася 28 студзеня на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Так што нам, жыхарам глыбінкі, далёкім ад “Еўраоптаў”, “Віталюраў” ды іншых гандлёвых сетак, пакуль што застаецца толькі чакаць лепшых часоў.

С. АБРАМОВІЧ.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)
Праблемы гандлю: прычыны — і ў высокіх цэнах, і ў нізкіх зарплатах, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Один комментарий на “ Праблемы гандлю: прычыны — і ў высокіх цэнах, і ў нізкіх зарплатах ”

  1. александр иванов , 5 марта 2014 , 17:58

    На счет скидок по просроченным продуктам вы немного приврали. Продаются и черствый хлеб, и молоко просроченное — и никаких скидок нет.

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0.0/5 (0 votes cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0 (from 0 votes)

Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2014
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене