Ахоўваў мяжу ад японцаў, збіваў самалёты над Віцебскам, а пасля вярнуўся ў родныя мясціны

27 мая 2014 18:23

Заўтрашняя каляндарная дата — Дзень пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь — дарагая сэрцу ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Барыса Іосіфавіча Тамашэвіча з Коханава. Свой слаўны баявы шлях, поўны небяспекі, рызыкі, самаадданай барацьбы з ворагам і заслужаных узнагарод, ён пачынаў у пагранічных войсках. Праўда, не ў Беларусі: лёс закінуў яго, ураджэнца былой вёскі Палачанкі (цяпер на яе месцы поле) былога Жукнеўскага сельсавета аж на Далёкі Усход, на савецка-японскую мяжу.

АРМЕЙСКАЯ ДЫСЦЫПЛІНА ВЫРАТАВАЛА ЖЫЦЦЁ

У ліпені Барысу Іосіфавічу споўніцца 95 гадоў. 8 гадоў таму ён страціў зрок (урачы прыйшлі да высновы, што проста з-за сталага ўзросту), недачувае, але, нягледзячы на цяжар гадоў, да сённяшняга дня застаецца бадзёрым і ў меру сваіх магчымасцей актыўным чалавекам.

— Жыве па-ваеннаму, рэжым выконвае: пад’ём, адбой, 40-хвілінная прагулка кожны дзень абавязкова, і каб не проста на вуліцы пастаяць, пасядзець, а менавіта пахадзіць, — расказвае замацаваная за ветэранам сацыяльная работніца (у Барыса Іосіфавіча ёсць дачка, але жыве яна ў Крыме, таму аб ім клапоціцца сацыяльная служба). — Акрамя мяне, яшчэ дзве жанчыны яго даглядаюць, дык яны аж самі стамляюцца, сорак хвілін “памаршыраваўшы”.

Барыс Іосіфавіч проста не можа па-іншаму, гэта яго лад жыцця. Больш за тое, ён упэўнены, што якраз дзякуючы ваеннай дысцыпліне, дзякуючы строгаму выкананню ўсіх нормаў і правілаў, прынятых у армейскім жыцці, застаўся жывым і прайшоў вайну без ніводнага ранення.

— Я быў такім вышкаленым, як тая аўчарка, усялякімі прыёмамі валодаў, усё выконваў, таму і захаваў мяне Бог. І на мяжы служыў, напады японцаў адбіваў, і ў зенітнай дывізіі, і пад бамбёжку трапляў. А вось ужо з маім старэйшым братам зусім па-іншаму атрымалася. Да вайны яго ў армію не ўзялі з-за плоскаступнёвасці, а як толькі вайна пачалася, дык адразу прызвалі і кінулі на перадавую. Але паспеў ён на фронце пабыць толькі дзве га-дзіны: высунуў галаву з акопа, а тут якраз снарад разарваўся — і прама яму ў твар. Інвалідам стаў, добра, што хоць вочы цэлымі засталіся.

УСЕ ПРАСІЛІСЯ НА ФРОНТ

Барыс Іосіфавіч аддаў арміі дваццаць гадоў. Быў прызваны ў 1939-м і трапіў у пагранічныя войскі на Далёкім Усходзе, у раёне Благавешчанска.

— Я тады меў адукацыю сем класаў. Накіравалі мяне ў вучэбнае падраздзяленне. Адразу далі шчанюка аўчаркі, і разам з гэтым шчанюком мы адзінаццаць месяцаў вучыліся, а пасля пайшлі на мяжу, на заставы. Было там вельмі неспакойна, японцы нападалі цэлымі ротамі. З крыкамі “Банзай!” ішлі напралом, ніякія кулі іх не спынялі: падаюць, па трупах ідуць і крычаць. Шпіёнаў было шмат, у тым ліку і жанчын. Куст на спіну прычэпіць і паўзе. А мы ж пагранічнікі, на сваім участку павінны кожны кусцік ведаць. Бывае, глядзіш і не можаш зразумець, што за куст, яго ж тут, здаецца, не павінна быць. Прыгледзішся — а ён варушыцца. Словам, наглядзеўся я тады ўсялякага, расказваць пра ўсё — доўгая гісторыя, і дзякуючы гэтай загартоўцы, калі пачалася Вялікая Айчынная, я ў ваенных адносінах ужо быў падрыхтаваны ўсебакова.

І не проста быў падрыхтаваны да ўдзелу ў баявых дзеяннях, а вельмі жадаў аддаць усе свае сілы барацьбе з ворагам, імкнуўся на вайну, хоць і на мяжы яго місія, як вядома, таксама была не менш важнаю і небяспечнаю.

— Усе мы тады адчувалі вялікі ўздым патрыятычнага пачуцця і пісалі рапарты з просьбаю адправіць нас на фронт.

Праўда, трапіць туды Барысу Тамашэвічу давялося не адразу.

— У 1942 годзе нас накіравалі ў запасны полк, з якога адпраўляліся на фронт маршавыя роты. Толькі мы прыбылі, я і яшчэ дзесяць маіх таварышаў, як у тую ж ноч іх на фронт адправілі, а я застаўся. Нічога не зразумеў, быў вельмі ўзрушаны і звярнуўся да камісара палка: “Як так, чаму я застаўся?” А ён адказвае: “Камандаванне лепш ведае, што рабіць, каго куды накіроўваць”.

ВЫЗВАЛЕННЕ ВІЦЕБСКА

Апынуўся Барыс на фронце толькі ў 1943 го-дзе, пасля таго як, працягнуўшы вучобу, атрымаў званне малодшага лейтэнанта.

— Прызначылі мяне камандзірам узвода 33-й Віцебскай ордэна Аляксандра Неўскага зенітнай артылерыйскай дывізіі. Мы вызвалялі Віцебск, наша дывізія збіла тады 42 самалёты. Пасля яе накіравалі на Кёнігсберг, але датуль мы не дайшлі, таму што былі перанакіраваныя на Далёкі Усход, дзе ўвайшлі ў склад першага Далёкаўсходняга фронту і 9 жніўня 1945 года пайшлі ў наступленне на Маньчжурыю.

НА ЧУЖЫНЕ ТАК І НЕ ПРЫЖЫЎСЯ

На Далёкім Усходзе Барысу Іосіфавічу давялося правесці яшчэ паўтара дзясятка гадоў. Быў звольнены ў запас у 1959-м у сувязі з выслугаю гадоў у званні маёра (апошняя пасада, якую займаў, — начальнік штаба палка).

— Пасля жонка сагітавала мяне паехаць на яе ра-дзіму — на Паволжа. Пражылі мы там дванаццаць гадоў. Рабіў я на будоўлі начальнікам участка. Але за ўвесь час так і не прыжыўся, не змаглі мы там добра наладзіць сваё жыццё, цяжка было, нават за прадуктамі ў Маскву даводзілася ездзіць. Словам, у рэшце рэшт я сказаў: “Вось што, а давай паедзем на маю бацькаўшчыну” (Барыс Іосіфавіч размаўляе на рускай мове, але ўжыў менавіта такое слова — “батьковщина”).

І ў 1972 годзе сям’я пераехала ў Беларусь. Тут Барыс Іосіфавіч уладкаваўся на Аршанскую птушкафабрыку, дзе і працаваў да выхаду на пенсію.

МУЖНЫ, СТОЙКІ, НЕПАХІСНЫ ЗАЎСЁДЫ І ВА ЎСІМ, НЕ ТОЛЬКІ НА ВАЙНЕ

Медалям і ордэнам цесна на пінжаку ветэрана.

— Дваццаць адна ўзнагарода ў мяне, — гаворыць ён і ў адказ на просьбу прыгадаць які-небудзь эпізод баявых дзеянняў расказвае: — Ну, вось, напрыклад, выпадак з часоў службы на мяжы. Сядзелі мы ў засадзе, адзінаццаць чалавек, і на нас пайшла цэлая рота. У мяне быў аўтамат ППД (іх пасля знялі з вытворчасці), у аднаго нашага чырвонаармейца кулямёт, у астатніх вінтоўкі. І мы як далі з двух бакоў кінжальны агонь (агонь на блізкай адлегласці ў адным напрамку), так усю гэтую роту і паклалі! Праўда, і сваіх тры чалавекі ў тым баі страцілі.

Расказвае Барыс Іосіфавіч лаканічна, але змястоўна і выразна, канкрэтна і па сутнасці. Відавочна, што дысцыплінаванасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць, выпрацаваныя ў арміі, сталі адметнымі рысамі яго характару на ўсё жыццё і цяпер дапамагаюць заставацца ў тонусе, не здвавацца ніякім цяжкасцям і выпрабаванням. Здольнасць гэтага чалавека захоўваць бадзёрасць, баявы дух вартая захаплення і павагі.

С. АБРАМОВІЧ.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2014
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене