Набліжэнне неўміручага подзвігу

14 мая 2015 15:22

8 мая ў гарпасёлку Коханава ва ўрачыстай, пранізанай узнёслымі пачуццямі прысутных быў адкрыты памятны знак па ўвекавечанні гераічнага, самаахвярнага ўчынку партызана Валянціна Забадалава.

Імя гэтага юнака, пакаранага па-зверску фашыстамі, вядомае на Талачыншчыне. Аб ім пісаў у сваёй кнізе “Партызанская брыгада “Чэкіст” Іван Прускі, які сам змагаўся супраць ворага ў гэтай брыгадзе, расказваў у газетных публікацыях Анатоль Мачахоўскі, захоўваюцца матэрыялы аб яго бясстрашнасці перад ворагам у гісторыка-краязнаўчых музеях у Талачыне, Круглым і Шклове, у музеі Коханаўскай сярэдняй школы. Адна з вуліц у Коханаве носіць імя героя. І вось яшчэ важная для нашага гераічнага мінулага падзея, звязаная з паглыбленнем увагі да асобы чалавека і вытокаў яго подзвігу, — адкрыццё памятнага знака герою непасрэдна на тым месцы, дзе ён быў замучаны фашыстамі. Да вайны тут размяшчаліся бальнічныя памяшканні, у вайну — санчасць Коханаўскага гарнізона, потым зноў імі карысталіся медыкі, а зараз тут знаходзіцца вытворчае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Кат-прамбуд”, якое ўзначальвае Аляксандр Куратнік. Вось што ён і распавёў з нагоды ўстаноўкі знака на тэрыторыі прадпрыемства, якая прыдатная для памятнага месца і агульнадаступная для кожнага, хто пажадае сюды зазірнуць:

— У ваенны перыяд тут знаходзілася варожая санітарная часць, або, як яго называюць у народзе, нямецкі шпіталь. Менавіта тут адбылася і гэтая страшная трагедыя — расправа над 22-гадовым Валянцінам Забадалавым. Чым больш я даведваўся пра асобныя моманты ў біяграфіі гэтага маладога чалавека, тым мацней было жаданне ўстанавіць памятны знак. Як толькі з’явілася для гэтага фінансавая магчымасць, мы сваім калектывам задуманае здзейснілі. Добра атрымалася, што яно адбылося ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі, мы выканалі свой чалавечы, сыноўні абавязак перад усім пакаленнем, якому абавязаны шчаслівым, стваральным жыццём. Дапамогу ў гэтай высакароднай справе нам аказвалі мясцовы сельвыканкам,  асабіста яго старшыня Мікалай Барышаў,  Коханаўскае жыллёва-камунальнае прадпрыемства…

Сам Аляксандр Кузьміч родам з Брэстчыны, але Коханава, дзе прайшло 25 год самастойнай працы, стала яго другім домам. Добры аўтарытэт ствараецца справамі, і гэтая, звязаная з мінулым пасёлка, зробленая таксама па клічы душы, кранальная для яго асабіста і сям’і. За 200 кіламетраў на ўрачыстасць прыбыў сын Сяргей, які робіць зараз пракурорам у Докшыцах. Дапамогу ў пошуку біяграфічных звестак пра героя аказвалі жонка Таццяна Леапольдаўна, настаўніца школы, і яе калега Святлана Васільеўна Адамовіч. Усе разам яны распрацоўвалі і эскізы помніка.

Урэшце, атрымалася выдатна, сціпла і адначасова глыбока, змястоўна, уражвае гармоніяй сімвалаў — на белай глыбе з граніту замацаваная дошка з партрэтам героя і словамі: “Забодалову Валентину Александровичу, уроженцу г. Вологды. В январе 1944 года после продолжительных пыток четвертован фашистами. Ему было 22 года”. Збоку на дошцы стаяць словы Мікалая Карамзіна: “Мужество есть великое свойство души; народ, им отмеченный, должен гордиться собою”.

У дзень адкрыцця памятнага знака ішоў спакойны, лагодны дождж. Неба як быццам сумавала разам з людзьмі, якія па ўласным жаданні прыйшлі і прыехалі на ўрачыстасць. І ўсіх разам аб’ядноўвала вялікае пачуццё еднасці, душэўнай цеплыні ў дачыненні да свайго мінулага. Пад буяючую зеляніну дрэў, квецень вішняў і яблынь вучні школы, а таксама дарослыя з ліку ўдзельнікаў мерапрыемства ўзгадалі непрацяглае, але насычанае яркімі ўчынкамі жыццё героя.

Калі пачалася вайна, Валянцін праходзіў службу ў Беларусі, на заходняй яе мяжы. Іх воінскае падраздзяленне на Магілёўшчыне трапіла ў акружэнне. Чырвонаармейцы прымаюць рашэнне перазімаваць у мясцовых лясах. З наступленнем вясны Валянцін разам з іншымі перабіраецца ў Шклоўскі раён і пачынае дзейнічаць у складзе Пятага партызанскага атрада брыгады “Чэкіст”. Яму даручылі стаць разведчыкам. Удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях, і значны час лёс быў да яго паблажлівы. Але дачакацца светлага часу вызвалення беларускай зямлі ад фашыстаў яму не давялося. У пачатку студзеня 1944 года карнікі высачылі партызан і абкружылі групу падрыўнікоў Андрэя Казанцава ў кіламетрах дзесяці ад Коханава, у якой знаходзіўся і Валянцін Забадалаў. Партызаны ўступілі ў бой.

Чацвёра з іх загінулі, а Валянцін быў паранены ў нагу. Фашысты вырашылі ўзяць яго жывым, падлячыць, а потым учыніць допыт, каб выведаць размяшчэнне партызан. Яму зламалі рукі, выломвалі ногі. Падвешвалі на дыбе і працягвалі катаванне, выкалалі вочы, але так нічога і не дабіліся, не паставілі на калені і не зламалі героя. Адчулі і самі страх перад яго нязломнасцю, бо невядома нават, куда дзявалася яго цела, прыхавалі ўсе сляды свайго дзікунства.

Цяжкая гэтая праўда, пра якую даводзіцца гаварыць, пісаць. Але рабіць гэтае трэба. Без праўды было б яшчэ больш цяжка жыць, сцвярджацца нам як грамадству, дзяржаве. Так, у цэлым нашыя дзяды і прадзеды сказалі тое, што жадалі сказаць і зрабіць: “Мы загінулі, але мы перамаглі”.

Цёпла, задушэўна гаварылі аб самаахвярным учынку Валянціна Забадалава старшыня Коханаўскага сельвыканкама Барышаў М. Я., намеснік старшыні райвыканкама Галубкова І. С., вучні школы, спяваліся песні. Удзел у мітынгу прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мурашка Г. Г.

Закончылася ўрачыстасць, леглі да падножжа памятнага знака вянкі і пунсовыя кветкі, а людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі да помніка, углядаліся ў партрэт героя, яго адкрыты, накіраваны ўдалеч погляд, прыгожыя рысы твару. На радзіме, на Валагодчыне, пражываюць яго дваюрадныя пляменнікі, іншыя блізкія людзі. Яны ведаюць, што прайшло адкрыццё знака, дзея заснятая на плёнку. Яна будзе адпраўленая ў валагодскі край, дзе Валянцін занесены ў Кнігу памяці герояў Валагодчыны.

У планах Аляксандра Кузьміча Куратніка ёсць жаданне наведаць яго радзіму, пазнаёміцца са сваякамі героя, расказаць і паказаць, як беражліва захоўваецца памяць аб ім на Талачыншчыне, дзе валагжанін здзейсніў свой неўміручы подзвіг, заплаціўшым за яго самым дарагім, што ёсць у чалавека, — сваім жыццём, якое па-сапраўднаму толькі пачыналася…

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 4.3/10 (3 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +2 (from 2 votes)
Набліжэнне неўміручага подзвігу, 4.3 out of 10 based on 3 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Один комментарий на “ Набліжэнне неўміручага подзвігу ”

  1. Николай Петрушенко , 15 мая 2015 , 21:46

    Спасибо Александру Кузьмичу!

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0.0/5 (0 votes cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0 (from 0 votes)

Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене