Не меркне хай душы агеньчык

30 сентября 2015 12:24

Па-добраму і з павагай дзіўлюся добрым, чуллівым узаемаадносінам гэтай сямейнай пары. Антон Браніслававіч і Ніна Цімафееўна пражылі разам шэсцьдзесят тры гады. Нарадзіліся і гадаваліся ў суседніх вёсках — Манастырах (цяпер Палявая) і Сурнаўцы. Дзяцінства і юнацтва іх прыпала на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады.

Працавалі ў калгасе імя Чапаева ўсе, ад малога да старога. У той час у гаспадарцы налічвалася каля сарака коней. Дзесяцігадовым хлопчыкам Антон разам з іншымі дзецьмі акучваў калгасную бульбу. Меншыя садзіліся вярхом на каня і кіравалі, а старэйшыя хадзілі з акучнікам. Дзяўчаты дапамагалі жанчынам палоць агародніну. Да вайны Антон Браніслававіч паспеў скончыць сем класаў, яму было 14 гадоў. Неяк ён знайшоў пілотку савецкага салдата і з гордасцю насіў яе. Аднойчы ў вёску на матацыклах наехалі немцы. Дзіўна і непрыемна было слухаць чужую мову, глядзець на людзей у незнаёмай форме. Хлопчык  схаваў пілотку за кашулю і так насіў яе, моцна прыціскаючы да грудзей.

У Манастырах немцы пастаянна не стаялі. Са станцыі Трацылава яны правялі сюды вузкакалейку, па якой перавозілі лес, частку бярвення адгружалі на цягнікі. Аднойчы фашысты акружылі вёску, хапаючы моладзь і падлеткаў як дзяшовую рабочую сілу для сваіх заводаў і фабрык. Выпадкова Антону ўдалося пазбегнуць аблавы.

— Памятаю, пранеслася чутка, што партызаны расстралялі нямецкага  афіцэра, — расказвае Антон Браніслававіч. — Раз’юшаныя фашысты наляцелі, як воўчая зграя. Пачалі спальваць хаты, якія стаялі бліжэй да лесу. Людзі, схапіўшы на рукі дзяцей, нейкія рэчы, ледзь паспявалі выскокваць з хат. Многія засталіся без жылля. Некаторых забралі да сябе сваякі і суседзі, астатнія пайшлі жыць у зямлянкі.

На ўсё жыццё ў яго памяці застаўся  паветраны бой у 1941 годзе. Савецкі лётчык уступіў у няроўны паядынак з шасцю нямецкімі “мессерамі”. Яму ўдалося збіць двух немцаў, але самалёт загарэўся і са страшэнным ровам паляцеў у бок лесу. Мясцовыя жыхары пахавалі гераічна загінуўшага лётчыка. Толькі праз многа гадоў пасля вайны, у 1965 годзе, удалося высветліць, што гэтым лётчыкам аказаўся двойчы Герой Савецкага Саюза Сцяпан Паўлавіч Супрун. Братам Фёдарам Паўлавічам астанкі яго былі перавезены  ў Маскву, а ў вёсцы Палявая быў устаноўлены помнік герою.

На сямнаццатым годзе Антона прызвалі ў армію, служыў сем гадоў. Перапісваўся з мясцовай дзяўчынай Нінай Чукасавай, наведваў яе падчас водпуску. Пасля смерці бацькоў засталася Ніна жыць адна ў маленькай хатцы. “Паплачу цішком у падушку над сваёй сірочай доляй, —  змахваючы няпрошаныя слёзы, расказвае Ніна Цімафееўна, — і працую далей. Як ні было цяжка, але ж кароўку трымала. Была яна для мяне адзінай надзеяй і карміліцай”. Дзяўчына не адразу прыняла прапанову хлопца пайсці замуж, пакуль не ўпэўнілася ў яго шчырасці. Пасля дэмабілізацыі згулялі вяселле, перайшлі жыць да бацькоў. Любілі,  бераглі яны нявестку, і Ніна плаціла ім увагай і клопатам.

Антон Браніслававіч уладкаваўся на чыгунку, адпрацаваў тут сорак тры гады. Быў ён пуцявым рабочым, абходчыкам, стрэлачнікам на станцыі Орша. Вочы яго ажыўлена загарэліся, калі расказваў пра любімую, у той жа час і адказную справу. Кожны дзень у любое надвор’е ён, рана падняўшыся, ішоў чыгункаю да станцыі Трацылава. Дома таксама хапала клопату — трымалі вялікую гаспадарку. “Працавалі многа, — гаворыць Ніна Цімафееўна. Хадзіла з жанчынамі на палявыя работы, была і даяркай. Мы і цяпер працуем. Трымаем козачак, на дзве сям’і даглядаем каня. Паціху, з палачкай — і гэтак спраўляемся. Не можам сядзець склаўшы рукі. Праўда, сабраць кармы на зіму дапамагаюць унукі. Хапае нам ўсяго, вось толькі сілы паціху пакідаюць”.

Сям’ю Янчэўскіх можна назваць сапраўды багатай, бо нарадзілася ў іх тры дачушкі. Старэйшая, Валя, ужо на пенсіі, працягвае працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Коханаўскай сярэдняй школе. Сярэдняя, Ліна, таксама ўсё жыццё аддала настаўніцкай справе. Працуе ў дзіцячым садзе і малодшая, Іна. У Антона Браніслававіча і Ніны Цімафееўны шэсць унукаў і дзевяць праўнукаў.

Ціха і спакойна праходзіць восень жыцця пажылой сямейнай пары з вёскі Палявая, якія поплеч ідуць па жыцці, пакідаючы пасля сябе дастойны след сваёй працай і сваім працягам.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 5.5/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +2 (from 2 votes)
Не меркне хай душы агеньчык, 5.5 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене