Хлеб — усяму і галава, і сэрца, і душа

2 октября 2015 15:23

Пра яго напісаны тысячы кніг. І пакуль будзе жыць чалавек, ён будзе ўслаўляць яго ў слове, мастацкіх палотнах, у сваіх будзённых справах. Згадкі пра яго існуюць з самых глыбінных старажытных часоў. Вось і ў Варанцэвіцкай сярэдняй школе ёсць куток, прысвечаны яму, святому і надзённаму хлебу.

Прытым цікавая гісторыя яго з’яўлення, адзінага на Талачыншчыне, у гэтых сценах. Ёю з намі ахвотна падзялілася дырэктар установы Ніна Рыгораўна Хмялёва:

— Калі паўстала пытанне аб захаванні нашых шматлікіх школьных памяшканняў, і ў цэлым аб іх выжыванні, было вырашана стварыць школу-музей. Для гэтага кожнаму з класаў неабходна было надаць сваю адметнасць. Параіліся і прыйшлі да паразумення, што сваё належнае месца ў нашай сельскай школе павінны заняць куточкі льну, хлеба, бондарства і сялянскага побыту, або хатка-музей, і краязнаўства. З такім вось каштоўным набыткам больш за дзесяць год таму мы сталі жыць, працаваць, праводзіць на багата сабраным этнаграфічным матэрыяле выхаваўчую і навукова-пазнавальную работу.

У кутку хлеба, да прыкладу, летась правялі два грунтоўныя і вельмі запамінальныя, з дасведчаным паглыбленнем у дэталі і эпоху мерапрыемствы, выканаўшы дзве даследчыя работы: “З гісторыі сялянскай печы” і “Хлеб — усяму галава…”

І вось мы ў гэтым самым сялянскім, хлебным, куточку. Уражанне, што трапіў, перанёсся ў часе, у дзяцінства, калі ў нашых вёсках на Талачыншчыне ў кожнай хаце выпякалі хлеб па сваіх рэцэптах. Па прэсе, зноў жа, чытаю, што месцамі ў Беларусі вяртаюцца да выпечкі дамашняга хлеба, і ў першую чаргу ў аграэкасядзібах.

Няхай у Варанцэвічах і не дойдзе да практыкі выпечкі ўласнага хлеба, але, безумоўна, у душу дзятвы, якая з пяшчотай дакранаецца да дзежкі, у якой замешвалі цеста для хлеба, западае гэты працэс як нейкая неверагоднасць, цуд. Для асобных ужо не навіна ўявіць сабе кіслы пах рошчыны. Спецыяльна распрацаваная тэматыка работы кутка хлеба прадугледжвае азнаямленне з выпечкай хлеба ў хатніх умовах. Пры наведванні жыхаркі вёскі Веры Васільеўны Баравулі пачулі ўсхваляваны аповед, як рыхтаваліся да выпечкі хлеба і як ён выпякаўся, якімі сакрэтамі трэба было валодаць, каб хлеб з простай, аржаной, мукі атрымліваўся духмяным, смачным і захоўваўся працяглы час.

Увядзенне ў таямніцы хлеба — з моманту яго сяўбы, вырошчвання, абмалоту, размолу, прыгатавання рошчыны і г. д. — пачынаюць з першых крокаў прабывання дзіцяці ў школе. І так, паэтапна, ідуць, пашыраючы кругагляд вучняў пра сялянскі побыт, з класа ў клас. Шмат пра асаблівасці вырошчвання хлеба вучні даведваюцца праз асабістую працу ў мясцовым сельгаспрад-прыемстве падчас летніх канікул. Асобныя дапамагаюць бацькам убіраць хлеб на камбайнах, робяць на збожжатаках і збожжасушылках. У школе выхоўваюць у іх павагу да вёскі, працы, якая потым дае загартоўку на далейшае жыццё. Што выхаванне ў такім накірунку прыносіць свой плён — сведчаць факты. Сённяшнія спецыялісты, механізатары, жывёлаводы ААТ “Камсамольская праўда” — у большасці сваёй выпускнікі Варанцэвіцкай сярэдняй школы.

Вось чаму так беражліва, ашчадна ў Варанцэвічах адносяцца да кожнай дэталі, звязанай з нашым мінулым ва ўсіх сялянскіх справах. Праходзячы гэты шлях, вучні больш разумеюць, што ўмелі рабіць нашыя продкі, якімі здольнасцямі і майстэрствам валодалі, каб быць з хлебам, а таксама абутымі і адзетымі, як у цеснай сувязі з працай нараджаліся песня, прыказка і прымаўка, казкі і паданні. Пры сельскім Доме культуры тут дзейнічае фальклорны калектыў “Жывіца”, які актыўна прапагандуе ў раёне і на Віцеб-шчыне абрады, звязаныя з рознымі працоўнымі цыкламі, у тым ліку і “Зажынкі”, “Дажынкі”. Праводзіцца свята “Багач”.

На святах у раёне заўсёды збірае шмат людзей каля сваіх сталоў народны клуб “Варанцэвіцкія пачастункі”. Можа, таму яны такія асаблівыя на смак, што зробленыя па сакрэтах бабуль і прабабуль. Стройная сістэма іх захавання, распрацаваны цыкл урокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў, сувязь з жыццём ствараюць запатрабаванасць ведаў пра сваё мінулае, працуюць на добрую будучыню вёскі і яе людзей, маладых сельскіх працаўнікоў.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 6.0/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 2 votes)
Хлеб — усяму і галава, і сэрца, і душа, 6.0 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене