Клопат дырэктара — пра школу і людзей
Больш за трыццаць год таму ў Гаршчэўшчыне стаяў дом, пафарбаваны ў зялёны колер. Ён быў не толькі жытлом, але і педагагічным цэнтрам аднадумцаў — настаўнікаў пачатковых класаў, матэматыкі, фізікі, рускай мовы, гісторыі. Кожны дзень іх жыцця быў непаўторным. Маладыя настаўнікі абмяркоўвалі школьныя навіны, па-сяброўску дзяліліся вопытам, дапамагалі адзін аднаму. Некаторыя назаўсёды засталіся тут, стварылі сем’і.
Валянціна Сяргееўна Жарыкава прыехала ў Талачынскі раён пасля заканчэння ў 1987 годзе гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Радзіма яе — Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці.
Валянціна Сяргееўна ўспамінае, як зрабіла ў Гаршчэўшчыне свае адказныя крокі ў любімай працы. Па характары яна аптыміст, ды і маладосць сыграла сваю ролю, таму вялікага страху не было. Тым больш, што пачала педагагічную дзейнасць пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара школы Вольгі Сямёнаўны Яромы. Яна была і застаецца для іх, як і на той час для маладых педагогаў, старэйшым сябрам і настаўнікам і зараз.
У школе тады налічвалася каля ста пяцідзесяці вучняў. Валянціна Сяргееўна вяла ўрокі гісторыі і геаграфіі. Адразу акунулася ва ўсе школьныя справы, займалася пазакласнай дзейнасцю, была арганізатарам па выхаваўчай рабоце. Зараз у Гаршчэўшчынскай базавай школе 50 дзяцей. У педадагагічным калектыве 18 настаўнікаў. У асноўным гэта мясцовыя жыхары.
Галоўная праблема малакамплектнай школы — змяншэнне колькасці вучняў. Улічваючы аддаленасць населенага пункта ад райцэнтра, складана дабірацца да бліжэйшай сярэдняй школы. Атрымаўшы базавую адукацыю, яны прадаўжаюць вучобу ў сярэдніх спецыяльных або прафесійна-тэхнічных навучальных установах.
На працягу 28 гадоў жыцця і працы ў вёсцы Валянціна Сяргееўна выпусціла не адно пакаленне. Зараз тут вучацца ўжо дзеці першых яе выпускнікоў. Мясцовыя жыхары з павагай і даверам адносяцца да Валянціны Сяргееўны, яна прадстаўляе іх інтарэсы ў раённым Савеце дэпутатаў.
Перш за ўсё яе хвалююць сацыяльныя праблемы — выхаванне дзяцей, становішча ў сем’ях, здаровы лад жыцця, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, аптымізацыя руху рэйсавых аўтобусаў, стан дарог у населеных пунктах… Яна заўсёды адгукаецца на просьбы людзей, умее выслухаць і разабрацца ў складаных жыццёвых сітуацыях.
Цесную сувязь дырэктар школы падтрымлівае з базавай гаспадаркай — сельгаспрадпрыемствам “Надзёжына”. Кіраўніцтва гаспадаркі рэгулярна вы-дзяляе сродкі для падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года, дапамагае транспартам, прадастаўляе памяшканне сталовай для харчавання дзяцей. А некалькі год назад сіламі работнікаў сельгаспрадпрыемства адрамантаваны жылы будынак і перададзены ў карыстанне школе.
Словам, жыве яна клопатам пра лёс сваіх выхаванцаў і зямлі, якая чакае руплівых, адданых ёй працаўнікоў. Менавіта гэта і трымае вёску, трымае жыццё.
Алена СЕРАДА.
Клопат дырэктара — пра школу і людзей,