Новая тэхніка, бадзёры настрой і гатоўнасць да прадуктыўнай працы
Незадоўга да свайго прафесійнага свята, на гэтым тыдні, калектыў ДЭУ-8 прыняў папаўненне машыннага парку: у распараджэнне прадпрыемства паступілі новы пагрузчык SEM (Кітай) і грузавы аўтамабіль МАЗ.
— МАЗ узяты ў лізінг, а пагрузчык атрыманы ад міністэрства (тэхніка закупалася цэнтралізавана з выкарыстаннем кітайскага крэдыту і размяркоўвалася дарожным прадпрыемствам), — расказаў начальнік ДЭУ-8 Сяргей Рыгоравіч Яшчук. — Крыху раней, летам, мы атрымалі яшчэ і выпушчаную ў Мазыры навясную касілку для трактара (цэнтралізавана закупаліся “Віцебскаўтадарам”). Яна адрозніваецца ад тых, якія былі ў нашым распараджэнні да гэтага часу: больш доўгая, а таму пасля яе давядзецца ўжо менш дакошваць уручную.
Новы МАЗ атрымаў Ігар Каладзінскі (на здымку). Аўтамабілю, на якім ён рабіў раней, ужо 11 гадоў, якраз столькі, колькі Ігар робіць у ДЭУ-8.
— Машынай вельмі задаволены, — падзяліўся Ігар Канстанцінавіч. — У кабіне прасторна, камфорт, бартавы камп’ютар, усё аўтаматызавана, трэба будзе толькі кнопкі націскаць. Рухавік стандарту “Еўра-3″ (на старым МАЗе быў “Еўра-1″). Канечне, перасеўшы на машыну, у якой шмат электронікі, давядзецца да яе прывыкнуць, разабрацца ў некаторых тонкасцях, асвоіць нешта новае, але гэта ўжо не цяжкасці, а прыемныя клопаты.
Прайшло лета, закончыліся клопаты па дапамозе сельгаспрадпрыемствам і падрыхтоўцы да “Дажынак”, наперадзе не менш складаны і адказны зімовы перыяд. На пад’ездзе да ДЭУ-8 з-за агароджы ўзвышаецца гара пяску, нарыхтаванага для апрацоўкі дарог, гатоўнасць тэхнікі па стане на пачатак тыдня ўжо набліжалася да ста працэнтаў.
Відавочна, што надыход складанага і непрадказальнага сезона для гэтага прадпрыемства не з’яўляецца асабліваю праблемаю: у рабочым парадку, у адпаведнасці з усімі стандартамі да яго тут падрыхтаваліся. І хаця апошнія дзве зімы былі ўмераныя і ні дарожнікаў, ні аўтамабілістаў асабліва не выпрабоўвалі, спадзявацца ўсё ж трэба не на добрае надвор’е ці спрыяльны збег абставін, а толькі на свае сілы.
Гарантыя бяспечных і камфортных умоў дарожнага руху — гэта ўмелыя і своечасовыя дзеянні работнікаў дарожных прадпрыемстваў. І ДЭУ-8 гатова ў рамках сваёй кампетэнцыі гэтыя ўмовы забяспечыць.
Сяргей АБРАМОВІЧ.