Здзяйсненню злачынства спрыяюць шматлікія фактары, але канчатковы выбар заўсёды робіць сам чалавек

26 октября 2015 16:06

Пасля заканчэння Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Мікалай Ракаў меў магчымасць застацца ў сталіцы і працаваць у міліцыі, але вырашыў, што больш правільным выбарам будзе вяртанне ў родны горад. І вось ужо трэці месяц ён працуе старшым следчым у Талачынскім раённым аддзеле Следчага камітэта. На мінулым тыдні Мікалай Аляксандравіч сустрэўся з журналістамі рэдакцыі і падзяліўся сваімі ўражаннямі ад службы, а таксама бачаннем разнастайных аспектаў маральных і прававых праблем сучаснага грамадства.

— Мікалай Аляксандравіч, вы, канечне, яшчэ толькі пачынаеце свой прафесійны шлях. Тым не менш ваш вопыт не абмяжоўваецца трыма месяцамі працы ў РАСК. Была яшчэ вучоба ў акадэміі, практыка, патруляванне вуліц разам з супрацоўнікамі міліцыі. Ці можаце вы прасачыць нейкую заканамернасць і знайсці штосьці агульнае ва ўсіх выпадках самых разнастайных правапарушэнняў, вызначыць прычыну, якая прымушае чалавека пераступіць мяжу закону?

— Вызначаць агульную для ўсіх прычыну не вазьмуся, а вось заканамернасці назваць магу. Перш за ўсё кідаецца ў вочы, што сярод зладзеяў, дэбашыраў, хуліганаў шмат людзей, якія злоўжываюць спіртным. Хтосьці крадзе, каб выпіць, хтосьці, выпіўшы, здзяйсняе хуліганскія ўчынкі або цяжкія злачынствы.

Акрамя таго, як правіла, гэта людзі не самага высокага культурнага і інтэлектуальнага ўзроўню, грамадзян з вышэйшай адукацыяй сярод такіх я за час сваёй пакуль што непрацяглай прафесійнай дзейнасці яшчэ не сустракаў.

— І п’янства, і нізкі духоўны ўзровень асобы з’яўляюцца прычынамі асацыяльных паводзін, але і ў саміх гэтых з’яў таксама павінны быць нейкія прычыны. Магчыма, не трапіў бы чалавек у залежнасць ад спіртнога і не пайшоў бы красці, калі б меў крыніцу высокага легальнага заробку і жыў заможна. Ці пагодзіцеся вы з тым, што колькасць злачынстваў залежыць ад узроўню матэрыяльнага дабрабыту людзей, ад сітуацыі на рынку працы?

— Несумненна, гэтыя фактары з’яўляюцца важкімі, але ўсё ж апошняе слова заўсёды за самім чалавекам, ён сам прымае рашэнне, рабіць ці не рабіць нейкі значны для сваёй будучыні крок – ісці на працу ці застацца дома і працягваць учарашняе застолле, пацікавіцца вакансіямі ў цэнтры занятасці ці адправіцца ноччу на пошукі чаго-небудзь, што дрэнна ляжыць. І таму, пакуль адпаведныя ведамствы працуюць над праблемамі занятасці і матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва, іншыя павінны ў рамках сваёй кампетэнцыі ўдзяляць увагу прафілактыцы злачыннасці – займацца прававой асветай, арганізацыяй вольнага часу людзей, павышэннем іх агульнага культурнага ўзроўню.

— Вы як прадстаўнік Следчага камітэта можаце нешта рабіць у гэтым плане?

— Канечне, магу і раблю. У нашы абавязкі ўваходзіць рэгулярнае наведванне працоўных калектываў з прафілактычнымі гутаркамі. Акрамя таго, займаючыся той ці іншай крымінальнай справаю, мы абавязаны ў тым ліку і правесці аналіз прычын, фактараў, якія паспрыялі здзяйсненню злачынства, з мэтаю недапушчэння падобных сітуацый у будучыні.

— А чым, на вашу думку, маглі б дапамагчы ў прафілактычнай рабоце сродкі масавай інфармацыі? Наконт публікацый на крымінальныя тэмы няма адзінага меркавання: хтосьці лічыць, што яны маюць выхаваўчае значэнне, а хтосьці – што абуджаюць нездаровую цікаўнасць і правакуюць чытачоў/гледачоў на сумніўныя паводзіны, псуюць настрой і нагнятаюць атмасферу?

— Усё залежыць ад таго, як зроблена публікацыя, як у ёй паднесены факты. Думаю, што карысна прыводзіць прыклады раскрытых злачынстваў, каб людзі бачылі, да чаго вядзе парушэнне закону. А вось смакаваць падрабязнасці і называць сапраўдныя імёны злачынцаў, пацярпелых і сведкаў — гэта ўжо лішняе, ад гэтага сапраўды могуць узнікаць нездаровыя думкі і эмоцыі.

— Як вы ставіцеся да смяротнага пакарання?

— Да маёй кампетэнцыі гэтае пытанне не адносіцца, а гледзячы на яго проста з пазіцыі чалавека, грамадзяніна, не магу сказаць упэўнена, адназначнага асабістага меркавання на гэты конт я не маю.

З аднаго боку, той, хто здзейсніў асабліва цяжкае злачынства, павінен панесці найстражэйшае пакаранне, з другога, хто ведае, магчыма, чалавек раскаяўся — і жыццё з думкамі аб непапраўным учынку стала б для яго самым невыносным катаваннем, да таго ж, жывучы, ён змог бы прыносіць карысць грамадству. І ў той жа час хто можа беспамылкова сказаць, раскаяўся ён ці не?

— Ці ўзнікае ў вас калі-небудзь спачуванне да правапарушальнікаў, якімі даводзіцца займацца, адчуванне канфлікту паміж вашым унутраным, асабістым светам і мундзірам?

— Мой абавязак — знайсці ісціну, паказаць аб’ектыўную карціну нейкага здарэння, каб пацярпелыя дабіліся справядлівасці, а вінаватыя панеслі адказнасць. Калі чалавек не прычыняў нікому шкоды, не парушаў нічые законныя правы і інтарэсы, то яму няма чаго баяцца. Калі ж ён пазбавіў кагосьці жыцця, працаздольнасці, маёмасці, то якія могуць быць спачуванні? Я спачуваю жанчыне і дзецям, чый муж і бацька можа сесці ў турму за здзейсненае ў нецвярозым стане згвалтаванне (прыклад з практыкі нашага аддзела). Але за што я павінен шкадаваць яго? Хто прымушаў яго, маючы сям’ю, рабіць такія ўчынкі?

Словам, як ні круці, а зноў прыходзім да таго, аб чым ужо гаварылі: нямала розных больш і менш важкіх фактараў спрыяюць здзяйсненню таго ці іншага злачынства, але самы галоўны фактар — выбар чалавека, рашэнне, якое ён прымае і за якое павінен несці адказнасць.

Запісаў Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)
Здзяйсненню злачынства спрыяюць шматлікія фактары, але канчатковы выбар заўсёды робіць сам чалавек, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене