Сагравае сэрца родная зямля

12 ноября 2015 13:56

У цёплы восеньскі дзень мы вырашылі наведаць далёкія вёскі Воўкавіцкага сельскага Савета. Маёй спадарожніцай і гідам стала Таісія Емяльянаўна Дамброўская, старэйшына вёсак Мар’янполле, Гарэлікі, Лагаўшчына і іншых. За акном аўтамабіля мільгалі яркія карціны залатой восені, міжволі ў памяці ўзніклі вядомыя Коласаўскія радкі: “На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі…”.

Пачуццё замілаванасці да прыгажосці роднай прыроды крыху псавала дарога. Калісьці пакладзены асфальт з цягам часу стаў разбіты, і гэта перашкаджала руху. І яшчэ адна акалічнасць звярнула на сябе ўвагу — ніводная наведаная намі вёска не пазначана ўказальнікам. Праўда, кіраўніцтва ДРБУ №147 запэўніла, што ў хуткім часе тут з’явяцца шыльды з назвамі вёсак.

СЛАЎНЫЯ ІМЁНЫ ЗЕМЛЯКОЎ

Нельга не адзначыць, што тутэйшыя мясціны багатыя на знакамітых людзей. Напрыклад, Яўген Іванавіч Клімчанка, Герой Сацыялістычнай Працы, перадавік трактарабудавання, нарадзіўся ў вёсцы Лагаўшчына. Закончыў Вышэйшую дыпламатычную школу СССР і працаваў у Міністэрстве замежных спраў Леанід Сяргеевіч Сарвіра. Родам з вёскі Поўсціхава член Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналіст і паэт Азар Асланавіч Мехціеў. У вёсцы Любанічы рос Георгій Пятровіч Кандрацьеў, вядомы футбаліст.

Гэта ж вёска з’яўляецца радзімай і братоў Карніловічаў. Эдуард Аляксандравіч — кандыдат гістарычных навук, журналіст, гісторык, палітолаг. Да слова, вучоны падтрымлівае цесную ўзаемасувязь з нашай рэдакцыяй, дасылае цікавыя матэрыялы па краязнаўстве. Рыгор Аляксандравіч таксама прысвяціў сваё жыццё навуцы, ён кандыдат філасофскіх навук, журналіст.

Пакуль ехалі, Таісія Емяльянаўна коратка расказала пра сябе. Нарадзілася  ў вайну, па расказах бацькоў ведае, як цяжка было выжываць і падымаць дзяцей на ногі ў гады ліхалецця і ў пасляваенны час. Усё жыццё яе прайшло ў Варанцэвічах, працавала ў калгасе. Пятнаццаць гадоў рабіла  санітаркай у Варанцэвіцкай амбулаторыі. У калгаснай сталовай гатавала абеды для механізатараў і яшчэ дзесяць гадоў працавала лабаранткай  на ферме. Цяпер на заслужаным адпачынку, але вядзе актыўны лад жыцця, цікавіцца праблемамі вёскі, імкнецца дапамагчы ў іх вырашэнні.

НЕ ПАКІНУЎ СВАЮ ХАТУ

Можна толькі здагадвацца, што Мар’янполле ў мінулым было вялікай вёскай. З цягам часу яна ператварылася ў хутар з адзіным жыхаром Сяргеем Яўгенавічам Баравіцкім. Многія сем’і пакінулі хаты, выехалі ў іншыя населеныя пункты або ў горад.  Сяліба Баравіцкага прыцягвае позірк дагледжанасцю, абжытасцю. Сяргей Яўгенавіч стараецца падтрымліваць хату ў парадку, рамантуе плот, аднаўляе старыя пабудовы ў двары.

Засеяць і прыбраць агарод дапамагаюць родныя. Працуе жыхар Мар’янполля ў сельгаспрадпрыемстве “Камсамольская праўда”. З усмешкай заўважыў, што не адчувае сябе адзінокім, а з людзьмі можна пагаварыць  на працы.

НА БАЦЬКОЎСКАЙ ЗЯМЛІ

Пра наяўнасць жыхароў у вёсцы Гарэлікі мы здагадаліся па гурце коз. Як высветлілася,  гаспадаром іх з’яўляецца Міхаіл Андрэевіч Бабакоў. Служыў ён у органах унутраных спраў у Мінску. З гарадской мітусні яго заўсёды цягнула ў вясковую цішыню. Пяць гадоў таму выйшаў на пенсію, вырашыў вярнуцца на радзіму.

Агледзеўшы гаспадарскім вокам бацькоўскі дом, прыняў рашэнне асесці тут. Набыў каня, купіў коз, развёў курэй, іншую жыўнасць. У Мінску ёсць добраўпарадкаваная кватэра, сям’я. Жонка прыязджае на выхадныя, наведваюць дзеці. Міхаіл Андрэевіч частуе іх свежымі яйкамі, малаком, звычайнымі сялянскімі стравамі. Пытаюся, як жывецца аднаму ў такой глушы.

— Паглядзіце, якая прыгажосць вакол, — адказаў Міхаіл Андрэевіч. — Лес недалёка, люблю хадзіць у грыбы, збіраць ягады. Паветра чыстае, не параўнаць з горадам. Сумаваць часу няма, трэба даглядаць жывёлу. Ды яшчэ пачаў будаваць новую лазню.  Два разы на тыдзень прыязджае аўтамагазін, можна купіць усё неабходнае.

ЛЕТАМ ВЁСКА АЖЫВАЕ

Гарадскіх жыхароў прывабліваюць грыбныя і ягадныя мясціны вакол вёскі Лагаўшчына. Некаторыя дачнікі жывуць тут усё лета, хтосьці прыязджае у водпуск або на выхадныя. Валянціна Ягораўна і Антон Міхайлавіч Самсонавы (на здымку) — карэнныя яе жыхары. Няспешна працякае жыццё пажылых людзей. Больш цяжкую работу па гаспадарцы дапамагаюць выконваць сыны. Усё астатняе гаспадар робіць сам.

Антон Міхайлавіч трыццаць тры гады адпрацаваў у калгасе механізатарам, пяць гадоў лесніком. Валянціна Ягораўна рабіла на ферме даяркай. Неяк адзін з сыноў прапанаваў бацькам пераехаць да яго. Крыху пажыўшы ў горадзе, засумавалі па сваёй хаце, зямлі і вярнуліся дадому. Якраз каля іх дома спыняецца аўталаўка. Самсонавы выказалі падзяку прадаўцу аўталаўкі Алесі Хмель за добрае абслугоўванне, уважлівыя адносіны да пакупнікоў.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
Сагравае сэрца родная зямля, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Ноябрь 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Окт   Дек »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене