Друцк павінен стаць прывабным і прыбытковым турыстычным аб’ектам
Мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей у Талачынскім раёне абмеркаваны на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу. У кантэксце разгляду гэтага пытання вялікая ўвага была ўдзелена лёсу Друцкага гарадзішча.
У прыватнасці, старшыня райвыканкама Ягораў С. В. пасля заслухоўвання дакладу начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зайцава В. Ф. адзначыў, што гэтай тэме неабходна ўдзяляць больш увагі і працаваць у гэтым напрамку больш актыўна, Друцк як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны мае вялікі патэнцыял павышэння прэстыжу нашага раёна. Нездарма нават прадстаўнікі суседняга, Круглянскага, распрацавалі веламаршрут з заездам сюды. А мы, гаспадары, ужо каторы год нічога не можам зрабіць для прывядзення гэтага месца ў парадак у адпаведнасці з яго гістарычнай значнасцю, для пераўтварэння яго ў прывабны і прыбытковы турыстычны аб’ект.
Сведчаннем гэтаму сталі і словы дырэктара Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея Пікулік І. В., якая, адказваючы на пытанне аб тым, што перашкаджае рабіць экскурсіі для школьнікаў раёна на Друцкае гарадзішча, галоўнаю прычынаю назвала яго нядобраўпарадкаванасць:
— Восенню праводзіць экскурсіі можна, а вось летам праблематычна. Трава, крапіва, могуць быць кляшчы і іншыя неспрыяльныя фактары, з улікам якіх весці туды дзяцей небяспечна.
Таксама падчас пасяджэння быў прадэманстраваны фільм Дзмітрыя Іўчанкі “Мы потомки дручан”, разгледжана праблема распрацоўкі ахоўных зон і пашпартоў гісторыка-культурных каштоўнасцей, закранута праблема ўстаноўкі ахоўных дошак на гісторыка-культурных аб’ектах (аддзелам ідэалагічнай работы сумесна з музеем і па ўзгадненні з Міністэрствам культуры наладжаны выраб такіх дошак, кошт іх складзе ўсяго каля 600 тыс. рублёў), звернута ўвага на іншыя аспекты захавання нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Фота Дзмітрыя ІЎЧАНКІ (www.fotobel.by)
Галоунае на дошкi глядзець
Як заужды: бла-бла-бла,а на справе нiчога акрамя крапiвы i кляшчоу!
Указатели на дороге будут?