Бібліятэкам перададзены бясцэнныя фотаальбомы
Азнаёміцца з фотаальбомам “Победа. Помним и гордимся”, які выдалі напярэдадні 70-годдзя Перамогі Беларусбанк сумесна з інфармацыйным агенцтвам БелТА, цяпер могуць і жыхары Талачынскага раёна. Экзэмпляры гэтага выдання Цэнтр банкаўскіх паслуг № 219 (талачынскае аддзяленне “Беларусбанка”) перадаў раённай бібліятэцы і ў бліжэйшы час перадасць Коханаўскай гарпасялковай.
Урачыстае ўручэнне падарунка раённай бібліятэцы адбылося 23 снежня. Намеснік дырэктара ЦБП № 219 Алег Крупіч расказаў пра альбом:
— У ім сабрана каля 400 унікальных фотаздымкаў з архіву БелТА, якія расказваюць пра апошнія перадваенныя гады, франтавыя будні, партызанскі рух, работу ў тыле, вызваленне Беларусі, аднаўленне краіны, мемарыялізацыю памяці аб подзвігу народа.
Гаворачы пра культурнае, духоўнае значэнне выдання, Алег Мікалаевіч працытаваў словы дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, які падчас прэзентацыі альбома ў цэнтральным апараце банка даў яму наступную ацэнку:
— Фотаздымкі ваенных гадоў бясцэнныя, і калі гэтая кніга трапіць у бібліятэкі па ўсёй краіне, у моладзі з’явіцца ўнікальная магчымасць пагартаць яе старонкі і паглядзець у вочы тым, хто рабіў гісторыю ў той час.
Уладзімір МІХАЙЛАЎ.