Ва УП “Племзавод “Рэканструктар” наступаюць на тыя ж граблі
Час ідзе не проста хутка, а ляціць. Хто не губляе яго марна — рухаецца наперад. А хто не здольны з ім лічыцца — недабірае ў вытворчасці, невядома чаго чакае. Гэты вывад быў зроблены на чарговым дні жывёлавода ва УП “Племзавод “Рэканструктар” галоўным спецыялістам райсельгасхарча Т. П. Саўчанкай. Для вока вопытнага спецыяліста ніякая дробязь не застаецца незаўважнай. Але ў адрозненне ад непасрэдна адказваючых за справу яна не праходзіць міма гэтых дробязей.
Што добра — тое добра. Таму не прамінула выказаць падзяку жывёлаводам за запоўненыя прыгатаваным кормам кармушкі, чысціню ў праходах, за, наогул, стан памяшканняў, завезеную ў дастатковай колькасці хвойную лапку ў загоны, догляд ад’ёмных цялятак, арганізацыю прагулак для жывёлы. Але пажадана, каб былі праходы пасыпаны пілавіннем. Тады чысцей і святлей, лепш дыхаецца, здаравей для жывёлы.
Калі зазірнулі глыбей, пытанняў аказалася больш. Да адпаведнага перыяду леташняга недабіраюць па продажы малака 18%. Па разліках, за студзень выходзіць гаспадарка толькі на 100%. Спад пайшоў з сярэдзіны месяца. Прычынай сталі і ўзмацнелыя маразы, і адсутнасць канцэнтратаў, а ў апошні тыдзень пераход у кармленні на менш якасны сянаж, горшы па спажыўнасці, чым быў да гэтага. А травяныя кармы займаюць у рацыёне вядучае месца.
Пакуль чакалі галоўнага заатэхніка, зазірнулі на раіцкіх фермах у даільны блок. Даільныя стаканы аказаліся як трэба нявымытымі. Бруднаватыя насадкі, замкі, пульсатары. Такі ж і вонкавы стан апаратаў, халадзільнікаў. Унутры апошнія прамываюцца аўтаматычна шчолачнымі кіслотамі, а для вонкавай апрацоўкі патрэбная рука чалавека.
Станоўчы момант — мы не заўважылі рэшткаў грубых кармоў на праходах. Ні пасмачкі сена, як гаворыцца, не трапляе ў гной. А вось станочкі для цялятак не пашкодзіла б пабяліць, зрабіць іх дэзінфекцыю.
Не арганізаваная ў мэтах захавання маладняку работа з малодзівам, няма для яго замарожвання халадзільніка. Для павышэння ў крыві жывёлы ўтрымання цукру, што адчувальна павышае яе прадукцыйнасць, няма магчымасці завезці патаку. Размеркавалі па месяцах зернефураж і зменшылі дачу прыгатаваных канцэнтратаў на галаву жывёлы, пакінуўшы іх толькі 300 грамаў на літр прадукцыі. Прыбаўка прадукцыі пайшла ад аднаго да другога з мінулых дзён. У Новым Сяле з-за перабояў з вадой, адкрыліся прабоіны на водаправодзе, які ўжо тыдзень недабіраюць малако.
У Райцах правялі кантрольныя дойкі, але адсарціроўку кароў па прадукцыйнасці не зрабілі ў поўнай меры. Няма ніякіх паметак, якая з іх і колькі дае малака, які для гэтага прадугледжаны рацыён.
— Учора, — заўважае Таццяна Паўлаўна, — прыйшла новая даярка, як быць, калі ў групе каровы абязлічаны. Трэба, згодная, эканоміць кармы, а для гэтага трэба найперш іх рацыянальна скарыстоўваць. Перакананая, па данай групе будзе “мінус” па малаку, бо ўсе з жывёлін атрымаюць канцэнтраты пароўну. Пазначце кароў, зрабіце меткі, бо для чаго тады кантрольныя дойкі, калі не даводзім справу да канца, пакідаем шмат што зробленае на паперы…
Прааналізаваць статак па прадукцыйнасці, зрабіць сарціроўку жывёлы, арганізаваць дыферынцыраванае кармленне — такія задачы пастаўлены перад спецыялістамі і жывёлаводамі на бліжэйшыя дні. Работа спецыялістаў павінна прыносіць вынік — і галоўнага заатэхніка, заатэхніка-селекцыянера, асемянатара, загадчыка фермы, ветэрынарнага ўрача, кіраўніка гаспадаркі і іншых. На чарговай сустрэчы аб гэтым і пойдзе размова — што канкрэтна зроблена па пастаўленых задачах.
Віктар БІРУКОЎ.