Час выбіраў таленавітых і неардынарных

15 февраля 2016 13:11

У жніўні 1947 года адказнага рэдактара “Чырвонага хлебароба” Н. Т. Мазурына змяняе П. І. Мельнікаў. Спачатку як выконваючы абавязкі адказнага рэдактара, а з сярэдзіны кастрычніка па жнівень 1949 года ён адказны рэдактар. Выпрабавальны іспыт павінен быў сцвердзіць Пятра Іларыёнавіча як кіраўніка і ідэолага на новай для яго пасадзе. Да гэтага ён рабіў у талачынскай раёнцы адказным сакратаром. Быў накіраваны сюды ў 1945 годзе.

Ён добра валодаў рускай і беларускай мовамі. Да вайны закончыў Магілеўскі педагагічны інстытут, аддзяленне рускай мовы і літаратуры. Праўда, потым яшчэ перавучыўся і пасля вяртання ў школу пасля рэдактарскай работы вучыў дзяцей у пачатковых класах, пачынаючы з 1950-1951 навучальнага года і да выхаду на пенсію.

Мне пашанцавала ведаць гэтага чалавека, расказваць пра яго лёс у артыкуле “Саду цвесть”. Ён, не скораны гадамі, амалоджваў, займаўся садам, чакаў сваёй любімай веснавой пары, якая адорвала яго прылівам сіл, энергіі, заўзятасцю ў працы. А хутка, сабраўшы плады сакавітых антонавак і штрыфелю, Пётр Іларыёнавіч, быццам падсумоўваючы гэтым пражытае і ставячы кропку на зямным быцці, па восені, на 93-м годзе жыцця, пайшоў ад нас.

Цікавы, апантаны словам суразмоўца, ён сярод людзей не нёс сябе красамоўцам, не хваліўся заслугамі, не выстаўляў сябе. Дзесьці нават наадварот — вылучаўся сціпласцю і някідкасцю ў размове. Але калі даходзіла да гэтага, выклікалі здзіўленне яго шырокія веды, эрудыцыя, свой адметны глыбокі погляд на свет і падзеі.
Таму тлумачэннем яго грунтоўны жыццёвы вопыт, няпросты для яго пакалення лёс. Абчугскі хлопец з сялянскай сям’і, 1910 года нараджэння, з маленства працаваў, шмат чытаў. Гнаў у поле статак у руках з кніжкай і так да заходу сонца не расставаўся з ёй. “Не накорміць кніжка цябе”, — гаварыў бацька, а маці Люцыя ў душы з ім не згаджалася, хацела бачыць хоць аднаго з траіх дзяцей адукаваным. Яе прадчуванні спраўдзіліся.

У пачатку 30-х Пётр Мельнікаў прыбывае з дыпломам аб вышэйшай адукацыі на Талачыншчыну. Першай школай на яго самастойным шляху становіцца школа ў Варанцэвічах. У 1936 годзе ідзе служыць тэрміновую службу. Вяртаецца дадому, вучыць дзяцей, а з першым прызывам трапляе на Ленінградскі фронт. За праяўленыя мужнасць і самаадданасць у баях на Неўскім пятачку ўзнагароджваецца медалём “За абарону Ле-нінграда”. Атрымлівае першае раненне, а ў хуткасці і другое. Лячэнне праходзіць у шпіталі непадалёку ад Ісакіеўскага сабора. Потым зноў на фронце, даходзіць да Кёнігсберга. Як вынікае з баявой характарыстыкі, якая захоўваецца ў краязнаўчым музеі Кастрычніцкай сярэдняй школы (дакументы перадала ўнучка, рабіла тут настаўніцай), Пётр Мельнікаў паспеў яшчэ закончыць курсы санінструктараў і школу снайпераў.

Яму настойліва прапаноўваюць увайсці ў склад рэдакцыйнага калектыву і пасля некаторых ваганняў, бо на працу трэба дабірацца з вёскі Навасёлкі, дзе ў яго сям’я, у 1946 годзе нараджаецца сын Валерый, старэйшая дачка з’явілася на свет у 1937 годзе, ён згаджаецца.

Калі з пасады адказнага сакратара пераводзяць на рэдактарскую, яму выдзяляюць у асабістае карыстанне каня. На ім газетчыкі дабіраюцца ў розныя кропкі раёна, сустракаюцца з калгаснікамі, шмат пішуць пра вёску. У цэнтры ўвагі такія тэмы, як ільнаводства, выкананне плана здачы валакна, нарыхтоўка лесу для новабудоўляў, апрацоўка папараў, сенаўборка, сяўба збожжавых, камсамольскае і партыйнае жыццё, міжнародныя агляды, матэрыялы да юбілеяў партыйных, дзяржаўных асоб, вучоных, пісьменнікаў і іншых творцаў.

Газета літаральна ўрывалася ў жыццё. Даносіла здзяйсненні, расказвала пра здабыткі, ні ў чым не абыходзіла вострых вуглоў. Асабліва хапала кіраўніцкаму складу — старшыням сельвыканкамаў, калгасаў, іх спецыялістам, брыгадзірам. Пра што пераканальна сведчаць загалоўкі публікацый: “Ні тэмпаў, ні якасці”, “Няма клопату аб развіцці жывёлагадоўлі”, “Жывёлагадоўля не ў пашане”, “Не клапоцяцца аб стварэнні цёплай зімоўкі для жывёлы”, “Палепшыць работу цагельнага завода”, “Адсутнічае агітацыйна-масавая работа”, “Зрыўшчыкі ворыва папараў”…

Расказвалася, хоць газета выходзіла два разы на тыдзень, у значным аб’ёме пра падзеі ў рэспубліках краіны Саветаў і ў сацыялістычных брацкіх рэспубліках. Змяшчаліся матэрыялы сесій Вярхоўнага Савета БССР, даклады са з’ездаў і пленумаў камуністычнай партыі краіны.

Аптымістычны настрой неслі змешчаныя ў газеце плакаты тыпу “Праца жывёлаводаў — пачэсная праца!”, “Надзейна, выгадна, зручна” (пра захаванне грошай у ашчаднай касе), “І карысць прыносіць, і прыемнасць дастаўляе” (пра важнасць радыёфікацыі) і г. д.

Усе без выключэння матэрыялы падаваліся на беларускай мове. Была асаблівасць правапісу ў параўнанні з сённяшнім. Да прыкладу, інтэрнацыяналізмы пісаліся праз літару “о”: “Совецкая краіна”, “сельсовет”, “соцыялізм”, “комуністычны”.

Калі б не быў у выходных даных указаны год выпуску газеты, усё роўна з добрай дакладнасцю праз змест публікацый яго няцяжка было б вылічыць: “Да 70-годдзя з дня нараджэння І. В. Сталіна”, “Дзень Сталінскай канстытуцыі”, “5 год Албанскай Народнай Рэспублікі”, “Дзень Сталінскай артылерыі”, “32-я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычный рэвалюцыі” і г. д.

Подых часу выразна адчуваецца праз падзеі ў раёне. За 1949 год з публікацый даведваемся, што калгас “Перамога” занесены на рэспубліканскую Дошку гонару, пра адказную працу на лесавывазцы, пра агратэхнічную вучобу кіруючых калгасных кадраў, пра ўзнагароды працаўнікоў, якія да гэтага змагаліся з ворагам за вызваленне краіны, пра справаздачныя сходы ў калгасах.

Менавіта ў гэты перыяд рэдагавання газеты Пятром Іларыёнавічам Мельнікавым асвяжальным струменем на яе старонкі прыходзяць рубрыкі “Трыбуна перадавога вопыту”, “Звеннявая сістэма арганізацыі працы — залог поспехаў”, “Шырэй спаборніцтва за павышэнне культуры земляробства!”, “Пісьмо ў рэдакцыю”, “Партыйнае жыццё”, “Камсамольскае жыццё”, “Парады калгаснікам”, “За рубяжом”, “Па Беларускай ССР”, “Наш каляндар”, “Па раёне”, “Селькораўскі рэйд”, “Следаваць прыкладу перадавікоў”, “У дапамогу агітатару” і іншыя.

Пётр Іларыёнавіч узгадваў, што акрамя рэдактарскіх абавязкаў ён разам са сваімі калегамі рабіў і на сенакосе, і на ўборцы хлеба, быў агітатарам і лектарам, аб’язджаў і абыходзіў вёскі, будоўлі ў іх. У гэты час ставіць і свой уласны дом у вёсцы Мяшкова, які яго малодшым сынам Уладзімірам захоўваецца да цяперашняга ў добрым выглядзе. Прыносяць плады высаджаныя Пятром Іларыёнавічам яблыні, грушы і зараз.

Уладзімір беражліва захоўвае багатую кніжную скарбніцу, сабраную бацькам. Сыны, дачка, іх унукі з гонарам адносяцца да духоўнай спадчыны бацькі і дзеда. Бацькава бібліятэка сыграла найпершую ролю ў іх выхаванні, адукацыі, сталенні.

За раёнкай да гэтага часу сочыць сын Валерый, які пражывае ў Запарожжы, усё сваё жыццё адпрацаваў інжынерам на аўтамабільным заводзе па выпуску “Запарожцаў”. Карыстаецца сайтам газеты, ведае, чым услаўляе сябе і сёння яго малая радзіма.

Выдатныя веды атрымаў Уладзімір. Быў удзельнікам усіх раённых і некаторых абласных прадметных алімпіяд, калі вучыўся ў школе, займаўся ў Ленінградскім інстытуце кінематаграфіі, жыве ў Талачыне. Старэйшая з дзяцей, Ларыса, пражывае ў Мяшкове.

Пахаваны П. І. Мельнікаў на радзіме жонкі, на могілках у вёсцы Навасёлкі. Добрую памяць аб ім захоўваюць не толькі ў сям’і, але і шматлікія яго вучні, для многіх з якіх ён стаў і заставаўся заўжды першым настаўнікам у іх жыцці, быў прыкладам ва ўсім.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Один комментарий на “ Час выбіраў таленавітых і неардынарных ”

  1. Наталья , 21 февраля 2016 , 21:18

    Горжусь своим дедом!!!

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0.0/5 (0 votes cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: +1 (from 1 vote)

Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Прямые линии

Компьютеры, телефоны

Ритуальные услуги

Мисс Беларусь 2020

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Февраль 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
29  

Архив новостей