Ганна Кубарская з ліку гасцінных і з вялікай душою людзей

19 февраля 2016 13:17

Калі з Ганнай Карнееўнай Кубарскай, жахаркай г. Талачына, дамаўляліся на сустрэчу, каб яна распавяла пра вёску Заполле, адкуль яе карані, і была зазначана прыгажосць гэтых мясцін, у згоду жанчына дадала адзінае: “А няўжо ж…”

Гэтая лірычная нотка дадала яшчэ больш жадання выслухаць яе расказ, успамін пра мінулае, якое, здараецца, неверагодна хутка зыходзіць у нябыт. А яна — жывы сведка многіх і многіх падзей, якія пранесліся над гэтай квітучай сваімі садамі, бэзам і язмінам вёскай. Ды ўжо зарастаюць тыя сцяжынкі, дзе бегала маленькая Аня са сваімі пагодкамі басанож у дзяцінстве, па якіх хадзіла, накіроўваючыся штораніцы ў школу ў Валосава праз палі і гушчар лесу, выпестваючы розныя мары пра сваю будучыню.

Так надарылася, што ў гэтым дамку ў Талачыне шмат чаго ў абстаноўцы яго перанесена з вясковага ўкладу. Шматлікія рамачкі з фотакарткамі, партрэтамі, карціны з пейзажамі. На партрэтах — бацька і маці, яе сёстры і браты. Іх у бацькоўскай сям’і было дзесяць дзяцей — пароўну братоў і сясцёр. Цяпер засталіся толькі яны з Галяй, якая пражывае недалёка ад яе, тут жа ў Талачыне. Не паскардзілася на лёс, ён не быў скупы на добры век для яе родных. Мама пражыла 100 год, бацька на 83-м пайшоў з жыцця. За 80 год было і сёстрам. А вось братоў — Уладзіміра, Пятра, Мікалая — як адрэзвала штосьці, усе пайшлі з зямнога існавання ў 68 год. Пра кожнага з родных у яе куточках сэрца ўсхваляваны і шчымлівы ўспамін. Таксама і пра вяскоўцаў, якія ці не праз аднаго свае, аднаго вялікага роду.

— Вайна помніцца, — згадвае Ганна Карнееўна. — Мне было чатыры гады, як гарэлі Галаны, Замошша, як самалёты з чорнымі крыжамі скідвалі бомбы. Яны несліся, закручваліся ў паветры, а ўгору ўзнімаліся воблакі пылу, агню, іскраў. Людзі адрылі зямлянкі, і мы таксама. А яшчэ хаваліся ў хаце ў ямцы, дзе была ў нас бульба. У бары калі вёскі і акопы былі, бегалі хавацца туды. Згаласіліся, калі немцы схапілі сястру Марыю, каб угнаць у Германію.

Перад вайной яна закончыла ў Віцебску педагагічны інстытут, вярнулася дадому вучыць дзетак у пачатковых класах. На яе падалі паліцаі звесткі, не паспела схавацца. Але Марыйка цвёрда загадала сабе дзейнічаць, шукала выйсце. Калі ўжо міналі родныя мясціны, вось-вось пачнецца Польшча, яна на хаду скочыла з цягніка. Дзялілася потым, што калі б у скачку на зямлю засталася без носа, з твару інвалідам, тут жа бы кінулася пад другі цягнік.

Доўга выбіралася, ішла праз лясы і балоты. Схуднела, што было не пазнаць. Уратавала, што ўмела па прыкметах у прыродзе вызначыць напрамак руху. Але без бяды не абышлося. Моцна застудзіла ногі. Лячылася потым тым, што заварвала крапіву, рабіла адвар і знімала боль.

Пасля вайны Марыя Карнееўна Кандыба вучыла дзетак у Заполлі, Замошшы, Плюгаўцы (цяпер вёска Дубровіна). Так лёс наканаваў, што і бацькі, сёстры і браты ляжаць на могілках у Заполлі, а Марыя паехала да дачкі ў Мінскую вобласць, памерла і там пахаваная…

Сваім родам Ганна Карнееўна шчыра ганарыцца. А гэта, без перабольшання, уся вёска.

— Была яна прыгожая, — гаворыць пра Заполле суразмоўніца, — шмат маладых жыло. Збіраліся за вёскай на выгане вясною ўсе разам, весяліліся. Дзядзька Паўла, бацька маёй сяброўкі Галіны Кубарскай (зараз Купрыянец), выдатна іграў на гармоніку, а мы танцавалі. А спявалі як, і ажно да самай раніцы…

Ганна Карнееўна называе прозвішчы людзей, расказвае, як яны працавалі, дом свой глядзелі і сям’ю, і разумееш, каму мы абавязаныя за свае атрыманыя веды, дыпломы, нейкія там пасады, больш лёгкае ў параўнанні з іхнім жыццё, за росквіт вёскі і зямлі. Калі надараецца бываць у Заполлі, немагчыма адвесці вачэй, хоць хапае тут і зарасніку, кустоўя, ад магутных дубоў каля пакацістых ірвоў, пасаджаных яшчэ ў часы, калі жыў на гэтых землях пан Дунін, ад чыстага, стромкага арэшніку. Угадваюцца дарога, сцяжыны, б’юць спрадвечныя крыніцы.

Аблюбаваў для сваёй хаты гэтае месца Якаў Пазнякоў, які ў жонкі ўзяў Таццяну Кубарскую, сястру Ганны Карнееўны. Адпрацаваў усё жыццё на трактары. Хварэў Якаў на бранхіяльную астму, мучыўся з гэтага, а ўжо ж як рабіў! Ды і па доме бачна, што гаспадар, для якога сапраўдныя каштоўнасці вымяраюцца толькі працай.

Гэтаксама ж рабіў Апанас Кандыба — механізатар, камбайнер, нейкі час брыгадзір у гаспадарцы. З гэтага ж роду працоўнікаў Рыгор Пашкевіч, Еўдакія Кубарская, Роза Каніна, Франусь Васілеўскі і многія іншыя. Апошні на трактары адрабіў дзясяткі год. Пяцёра дзяцей з жонкай узрасцілі. Што цанілася — у працы іх расцілі, рабілі яны і дома, і ў полі разам з дарослымі…

Дарэчы, у гэтай вёсцы двое могілак — як іх называюць, рускія і польскія. Але заполецкія палякі нічым ад беларусаў не выдзяліліся. Карысталіся роднай бацькоўскай мовай, жылі па агульных звычаях, але месцам апошняга прытулку выбіралі чамусьці гэтыя могілкі. Трэба толькі заўважыць, і яно вельмі засмучае, што ні першыя, ні другія з іх як трэба недагледжаныя. Прычыны тут больш не ў іх, мясцовых людзях. Не стала вёскі, два дамы з пажылымі засталося, няма каму гэтыя бур’яны ўбіраць.

— Сама я, — прадаўжае Г. К. Кубарская, — сюды разы тры за лета наязджаю, пляменнік Пётр падвозіць, і толькі на могілкі…

Вёска расціла працаўнікоў. Заполле імі ганарыцца. Рана, пасля сямі класаў, пайшла рабіць і Ганна. Авечак глядзела, потым цялятак. А як выйшла замуж, закінуў яе лёс у Расію, за Маскву ажно. Але незадалося сямейнае жыццё. Муж ахвочы быў да чаркі, а якая тады праца. Адышла ад яго, рабіла на макароннай фабрыцы. Капейку да капейкі збірала, перабралася праз паўтара года ў Талачын і купіла гэтую вось дамоўку, дзе і сёння жыве. Ва ўсім у яе парадак. З ёю і мама да апошняга свайго дня пражыла, і яе двое братоў. Працавала Ганна Карнееўна кандуктарам на аўтобусе, у сталоўцы ў Талачыне.

Яна з ліку тых, пра каго гавораць як пра аптымістаў, гасцінных і з вялікай душою людзей. У яе характары на ні каго не скардзіцца, не прасіць дапамогі, а дапамагаць іншым.

Без працы, вядома, нічога б з гэтага ні было. Вышываць навучылася, калі яшчэ ў малыя гады пасвіла авечак. Звязала кручком дзясяткі кругоў на падлогу, і яны прыгожа ўсцілаюць яе, адсвечваючы ўсімі фарбамі вясёлкі. У кожным куточку парадак, чысціня, святло і прыгажосць.

Праменнасць ідзе з яе душы, душы шмат пабачыўшага і перажыўшага чалавека.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
29  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене