У талачынскага народнага тэатра — юбілей

24 февраля 2016 10:32

На Талачыншчыне чарговая значная падзея. 26 лютага ў зале Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сустрэнуцца самадзейныя артысты тэатра розных пакаленняў і прыхільнікі гэтага віду мастацтва, удзячныя сваім землякам-творцам гледачы.

Без сумнення, гэта хвалюючая падзея. Без пачуццяў не выходзяць на сцэну артысты, без пачуццяў не пакідаюць прадстаўленне падзяляючыя з імі хваляванне людзі. Пацвярджэннем таму ўся гісторыя існавання тэатра.

Пачаткам яе адліку стаў 1921 год. Далёкі, неадназначны час. Але менавіта ён і з’явіўся адраджэннем роднай мовы, беларускага слова на высокім дзяржаўным узроўні, уздымам нацыянальнай самасвядомасці.

Не было дзе сабрацца, але пераважала жаданне. Імправізаваныя выступленні ладзіліся ў хатах-чытальнях, брыгадных клубах, школах, пад дахам неба. Ішлі з вёскі ў вёску, неслі людзям трапнае слова, выслоўе. Заклікалі да добрых зменаў у жыцці, будаўніцтва яго на новы, калектывісцкі лад.

ПАСЛЯВАЕННЫ ПЕРЫЯД

У 1946 годзе рэжысёрам-пастаноўшчыкам прыходзіць у тэатр Цімафей Пляшко. Таленавіты арганізатар, кіраўнік, валодаючы літаратурным словам і маючы жыццёвы вопыт чалавек. За свае пражытыя да гэтага 37 год закончыў два курсы кансерваторыі ў Маскве па спецыяльнасці артыст-рэжысёр. Добра спяваў і іграў на мандаліне. Выступаў у ансамблі песні і танца, спяваў у аперэце. З першага дня вайны пайшоў на фронт, быў кантужаны і двойчы паранены. Закончыў вайну ў Венгрыі.

Як успамінае вядомы ў краіне тэатральны творца Валерый Анісенка, пуцёўку яму ў творчае жыццё даў менавіта Цімафей Паўлавіч Пляшко. Пра гэта Валерый Данілавіч пісаў у адной са сваіх кніг: “Паехаць на здачу экзаменаў асабліва ў чым не было. Справілі мне пінжак, а адрас, дзе прыпыніцца, даў знаёмы…” Пад гэтым знаёмым меўся на ўвазе Цімафей Пляшко. Ён і сам быў выканаўцам многіх роляў у спектаклях. Любімым для яго сцэнічным творам была п’еса А. Макаёнка “Лявоніха на арбіце”.

Службе тэатру было аддадзена Цімафеем Пляшко 20 год. Некаторы час пасля гэтага ён быў дырэктарам Азерацкага сельскага Дома культуры.

У 1968 годзе на чале тэатральнага калектыву становіцца Аляксей Савік. Ён з вялікім захапленнем працягвае яго творчае жыццё і сам актыўна ў ім удзельнічае. У 1971 годзе талачынскаму тэатру было прысвоена званне народнага.

На перыяд дзейнасці Аляксея Іванавіча прыйшлося 10 год.

Лірычную камедыю А. Ларава “Спатканне каля чаромхі” яе тадышнія гледачы памятаюць і сёння. У пастаноўцы знайшло адлюстраванне бурлівае жыццё з сапраўдным каханнем, глыбокімі пачуццямі, якія ў рэшце рэшт перамагаюць дзеянні сіл, што стаяць на шляху да шчасця маладых людзей.

І ЗНОЎ СТАРОНКА, РАЗВІЦЦЁ

Цяперашні кіраўнік тэатра Святлана Васільева прыйшла ў яго будучы вучаніцай 10 класа.

Як і іншым з моладзі, Святлане Шалаханавай у яго сценах усё было цікавым, рамантычным. Так адбылося потым, што тэатр стаў для Святланы лёсам, жыццём. Яе шлях пралёг ад удзельніцы драматычнага гуртка да рэжысёра народнага тэатра. За 40 год яе творчай дзейнасці пастаўлена больш за 30 спектакляў.

Дыпломнай работай стала пастаноўка па п’есе А. Ларчанкава “Адна бяроза ведае”. Работа была адзначана вышэйшай адзнакай.

Колькі ведаю Святлану Мікалаеўну, назіраў, як праводзяцца рэпетыцыі, прысутнічаў на спектаклях, магу сцвярджаць, што яна літаральна захопліваецца пастаноўкай, абстрагуецца ад усяго іншага. І тады яна падаецца табе зусім новымі рысамі характару, менавіта якасцямі творцы. Робіць гэтае сканцэнтравана, здалося б, на нязначнай дробязі, а яно якраз мае значэнне.

На драматургію ў Святланы Васільевай, уключаючы вартасці сцэнарыя, рэжысёрскае бачанне карціны, акта, дзеяння, самавыражэнне артыстаў і яго адпаведнасць характару героя, асаблівы, прыродны слых. Яна, як гаворыцца, мае рацыю, да інтуіцыі дадаюцца прафесіяналізм, вопыт, адсюль і вынік. Так, асабісты наш густ суб’ектыўны, не бясспрэчны, але кожны твор, увасоблены тэатральным калектывам пад яе дырыжорскім кіраваннем, заўжды ў нас на Талачыншчыне становіцца падзеяй у творчасці.

Яна жыве перакананнем, што і сёння, і заўтра тэатр — самадзейны, народны — неабходны ёй асабіста, артыстам, гледачам. З яго новымі работамі, пошукам, з асобамі творчых людзей. Дзякуючы цвёрдасці ў пазіцыі ён таму без нейкіх спасылак на цяжкасці, крызісы, філасофскія разважанні развіваецца, ідзе ад адной пастаноўкі да другой.

Зараз у калектыве тэатра 20 дзеючых самадзейных артыстаў. На сцэну ў дзень юбілею выйдуць парадка 30 чалавек. Гэта ўжо з ліку тых, хто не можа выходзіць пастаянна, актыўна на падмосткі па ўзросце, нехта змяніў месца жыхарства, ёсць і якіясьці падобнага кшталту абставіны.

— Яны, сённяшнія творцы, — падкрэслівае рэжысёр, — настолькі любяць тэатр, захапляюцца ім, што не лічацца з часам, сваёй асноўнай прафесійнай занятасцю. У гэтым сэнсе нам усім разам лёгка, а ў творчасці лёгкасць недапушчальная. Таму шмат укладаем працы, нерваў у кожны дзень рэпетыцый, строга ацэньваем кожны свой крок, кожнае слова…

Кіраваць тэатрам маральна дазваляе тое, што сама Святлана Мікалаеўна сыграла ў ролі шматлікіх гераінь. Гэта Ірына ў спектаклі “Дзесяць сутак за каханне” (аўтары В. Канстанцінаў і Б. Рацар), Надзея ў “Трыбунале” А. Макаёнка, Раечка ў “Быць гаспадаром” па п’есе Б. Мятальнікава і Ю. Чарнічэнкі, Ганка па аднайменнай п’есе У. Галубка, Агнія ў спектаклі “Не ўсё кату масле-ніца” па А. Астроўскаму, вясковая жанчына ў пастаноўцы “У спадчыну — жыццё” па А. Петрашкевічу, нявестка-салдатка ў пастаноўцы “Адна бяроза ведае”, дзяўчынка ў “Казцы і праўдзе” (Н. Сац і В. Віктараў)…

Святлана Васільева ў ролі Ганкі па п’есе “Ганка” У. Галубка, 1976 год.

Канешне, лепшая ўзнагарода для самадзейных артыстаў — нашае прызнанне і прыхільнасць да іх творчасці. Але і іншыя з адзнак не абмінулі іх. Вось і на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры, якая праходзіла ў канцы студзеня бягучага года, Святлана Васільева як рэжысёр народнага тэатра Талачынскага раённага цэнтра культуры і  народнай творчасці атрымала падзяку міністра культуры за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце. У 2002 годзе яна была занесена на раённую і абласную Дошку гонару, узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і шматлікімі дыпломамі.

Што да ўзнагарод народнага тэатра, то іх таксама шмат.

Святлана Мікалаеўна бязмежна ўдзячная розным пакаленням тых, хто нязменна быў з тэатрам. Гэта дзясяткі імёнаў творцаў. Сваю вядомасць на Талачыншчыне яны дапаўнялі ўсхваляванасцю тэатрам, сваім непасрэдным удзелам у яго дзейнасці. Іх захапленне не магло не перадацца нашым маладым сучаснікам. Больш за дзесяць год на яго сцэне Сяргей Берастаў. У знак удзячнасці за асабісты ўклад калегі і сябры павіншавалі Сяргея Васільевіча на вечарыне-партрэце, якая прайшла днямі ў Раённым цэнтры культуры.

Самую высокую адзнаку заслужылі ў гледача нашы землякі-артысты Наталля Мікульчык, Вольга Храбрая, Руслан Забалотнік, Уладзімір Чаплянок, Уладзімір Хахлоў, Аляксандр Чурылаў, Алена Перамета, Аксана Шаршун, Таццяна Пашкевіч, Таццяна Жаўняровіч, Сяргей Юрэвіч і многія іншыя.

Як і раней, яны сваім светлым талентам збіраюць гледача, абагачаюць чалавека эстэтычна і духоўна. Памятаючы правіла, што артыст жыве сцэнай, стараюцца наладжваць выхад да гледача. Парадавала, як цёпла іх сустракалі пры поўным зале сельскага клуба жыхары вёскі Падбярэззе. У канцы студзеня тут адбылася пастаноўка спектакля “Бабий бунт” па расказах М. Шолахава.

Стала прывычным прыходзіць тэатру да дзетак у гарадскія школы, выступаць з асобнымі мізансцэнамі на класных гадзінах. У гэтыя адказныя перад юбілеем дні шмат увагі ўдзяляецца падрыхтоўцы да свята, рабоце над сцэнарыем. Трэба ж стварыць адпаведны настрой, узгадаць пра трывалыя падмуркі тэатра ў яго мінулым, расказаць пра сённяшнія здабыткі. Яны ёсць, даюцца вялікай працай і натхненнем чалавека, які збірае вакол сябе тэатралаў, творцаў, талентаў.

Дзякуючы Святлане Васільевай на Талачыншчыне застаецца непаўторны тэатральны асяродак у культурным жыцці раёна. Ён убагачаецца, развіваецца з пазіцыі накопленага вопыту даўжынёй у 95 год, прымяркоўваецца да сучасных патрэб, выкліку часу і не забываючых чалавека і грамадства праблем.

Не ігнаруючы іх, рэжысёр Святлана Васільева знаходзіць смеласць праз літаратурны і жыццёвы матэрыял, прапушчаны праз сэрца людзей, гаварыць пра нас, сённяшніх, з вераю ў чалавека, у яго розум і пачуцці, волю, у яго неад’емнасць ад сваёй зямлі, роду і радзімы. Таму асаблівая ўвага дзецям, моладзі, нашай будучыні.

Без народнага самадзейнага тэатра яна не ўяўляецца ў належнай ступені. Ён — нашая каштоўнасць, непаўторнасць, традыцыя, якой аддадзена амаль стагоддзе. У гэтым яго сутнасць, а значыць, і асаблівае месца ў жыцці кожнага з нас.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
29  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене