Мова — найвялікшае багацце народа: цудоўнае падарожжа здзейснілі школьнікі з Талачына і Райцаў
У цудоўнае падарожжа ў беларускую мову адправіліся вучні трэціх класаў талачынскай сярэдняй школы №1 і Раіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы з дапамогай артыстаў аўтаклуба. Найперш маленькія падарожнікі пазнаёміліся з выставай кніг “Культура і звычаі нашай краіны” ў раённай бібліятэцы. Потым пачалася гульня-спаборніцтва паміж камандамі “Вясёлка” (СШ №1) і “Забава” (Раіцкая пачатковая школа), кожная з шасці членаў, на лепшае валоданне беларускай мовай.
Трэба адзначыць, дзеці хутка і добра спраўляліся з заданнямі — адгадвалі загадкі, спявалі беларускія калыханкі, “лавілі” гукі, да рускіх слоў падбіралі правільны пераклад з некалькіх прапанаваных беларускіх, шукалі памылкі ў сказах. І нават паспяхова справіліся з найбольш складаным заданнем — падабраць адпаведную беларускую прымаўку да аналагічных прымавак на іншых мовах.
Журы падвяло вынікі гульні-спаборніцтва. Найбольш спрытнай і знаходлівай праявіла сябе каманда “Вясёлка”. Усяго на адзін бал менш атрымала каманда “Забава”, члены якой з’яўляюцца артыстамі аўтаклуба і ў вольны ад школьных заняткаў час рыхтуюцца да ўдзелу ў абласным конкурсе.
Лепшымі журы прызнала сшыткі па беларускай мове Арыны Садоўскай (“Вясёлка”) і Уладзіслава Шашалевіча (“Забава”).
З захапленнем дзеці разглядалі ілюстрацыі да беларускіх прымавак, якія выканалі вучні Коханаўскай школы мастацтваў.
І хаця, як прызналіся дзеці, у дзіцячых садах, дома пераважна ўжываецца руская мова, ім падабаецца размаўляць на беларускай. Крыўдна тое, што мы, беларусы, павінны бараніць родную мову ад саміх сябе.
Марыя ХМЯЛЮК.