Праблемы выхавання: занятасць у пазаўрочны і канікулярны час — важны фактар фарміравання асобы

23 мая 2016 14:27

12 мая на базе нашага раёна быў праведзены семінар з удзелам намеснікаў старшынь раённых і гарадскіх камісій па справах непаўналетніх вобласці, прысвечаны пытанням стварэння ўмоў для карыснай занятасці дзяцей у пазаўрочны час і канікулярны перыяд. У ім таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Аляхновіч Т. В., старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Казючыц А. К., першы намеснік упраўлення адукацыі аблвыканкама Сцяпанаў Л. М.

Удзельнікаў семінара ўрачыста сустрэлі каля раённага Цэнтра культуры работнікі гэтай установы і Талачынскай дзіцячай школы мастацтваў, апранутыя ў сярэдневяковыя касцюмы. У фае Цэнтра культуры ўвазе гасцей была прапанавана выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такі творчы пачатак мерапрыемства настроіў усіх на пазітыўны, стваральны лад і пераканаўча паказаў, што ў раёне ёсць патэнцыял для цікавай і карыснай арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі. Больш за тое, у ходзе семінара ўсім стала зразумела, што адною толькі творчасцю работа з маладым пакаленнем не абмяжоўваецца, у навучальных установах і ўстановах культуры актыўна выкарыстоўваюцца і іншыя метады фарміравання гарманічнай, усебакова развітой і законапаслухмянай асобы.

Намеснік старшыні райвыканкама Галубкова І. С. у прывітальным слове пазнаёміла ўдзельнікаў семінара ў агульных рысах з гісторыяй раёна, ахарактарызавала яго сучаснае сацыяльна-эканамічнае становішча. Пераходзячы да тэмы сустрэчы, паведаміла, што вынікі праведзеных у школах апытанняў паказваюць: толькі 57% вучняў задаволены тым, як яны праводзяць свой вольны час. Атрымліваецца, што астатнія 43%, нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне аб празмернай загружанасці сучасных дзяцей, не ахоплены карыснай і цікавай занятасцю ў пазаўрочны і канікулярны час.

З мэтаю выпраўлення такога становішча на семінары быў прапанаваны абмен вопытам: кіраўнікі ўстаноў адукацыі, у якіх паспяхова вядзецца работа па арганізацыі занятасці дзяцей, падзяліліся сваімі сакрэтамі і назіраннямі.

Дырэктар Жукнеўскай базавай  школы Шыдлоўскі В. М. прывёў прыклад: былы вучань, у якога назіраліся праблемы з паводзінамі і які ўсё ж у рэшце рэшт знайшоў правільную жыццёвую сцяжыну (зараз жыве ў вялікім горадзе, мае сям’ю, матэрыяльны дастатак), пры выпадковай сустрэчы падзякаваў педагогу за тое, што яго ў свой час бралі ў паходы, на турзлёты і стараліся ўсімі іншымі спосабамі задзейнічаць у пазакласным жыцці школы, іначай яго лёс мог бы скласціся зусім па-іншаму. Адным з фактараў паспяховай выхаваўчай работы Віктар Мячаслававіч лічыць магчымасць ахапіць усімі відамі дзейнасці, усімі мерапрыемствамі адразу ўсіх дзяцей:

— Калі б у школе налічвалася некалькі соцень вучняў, то даводзілася б выбіраць на аснове тых ці іншых крытэрыяў — браць самых лепшых, паспяховых, “цяжкіх” і г. д. У нас жа на сённяшні дзень 34 вучні, і ахоплены ўсе: у паход ідуць усе, у футбол гуляюць усе, у тым ліку і дзяўчынак бяром, на экскурсію таксама едзе большасць.

Намеснік дырэктара Забалацкай сярэдняй школы Малашкевіч Т. В. адзначыла, што адною з прычын узнікнення нездаровых інтарэсаў і схільнасці да правапарушэнняў у сучасных дзяцей з’яўляецца адсутнасць у бацькоў асабістай падсобнай гаспадаркі. Па гэтай прычыне, з аднаго боку, у працэсе фарміравання асобы выпадае такое звяно, як працоўнае выхаванне, а з другога, у дзяцей з’яўляецца шмат вольнага часу, які яны не ведаюць чым заняць. Кампенсаваць гэты недахоп дазваляе праца на прышкольным участку, дзякуючы чаму таксама забяспечваецца прадуктамі школьная сталовая.

На праблеме недахопу працоўнага выхавання засяродзіла ўвагу і намеснік дырэктара гарадской школы №2 Сушкова Т. С., расказваючы пра гісторыю стварэння вучэбна-развіццёвай аграэкасядзібы на базе школы пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН.

— Лішак вольнага часу ў дзяцей — праблема. І адна толькі забаўляльная занятасць не спрыяе паўнацэннаму развіццю асобы, — адзначыла Тамара Станіславаўна. — Адсутнасць працоўнага выхавання цягне за сабою фарміраванне такіх адмоўных якасцей, як лянота, цынізм, няўменне цаніць чужую працу.

Некаторыя дзеці, падзялілася назіраннямі Тамара Станіславаўна, не ўмелі трымаць у руках нічога, акрамя мабільнага тэлефона, а пасля стварэння аграэкасядзібы іх мацеры дзякавалі за тое, што сын ці дачка зведалі, што такое праца на зямлі. Цяпер некаторыя нават просяцца папрацаваць у парніку, з асаблівым задавальненнем займаюцца афармленнем тэрыторыі аграэкасядзібы вучні, у якіх назіраюцца праблемы з дысцыплінаю і вучобаю, бо для іх такая праца — спосаб падняць свой сацыяльны статус.

Дырэктар Славенскай сярэдняй школы Белагураў А. А. расказаў, як вядзецца выхаванне дзяцей праз прыцягненне іх у вольны час да заняткаў музычна-харэаграфічнай накіраванасці. А некалькі выхаванцаў школы выступілі перад удзельнікамі семінара з невялікім канцэртам.

Аб напрамках дзейнасці БРСМ па забеспячэнні занятасці моладзі ў вольны час (студатрады, валанцёрскі рух, конкурсы і інш.) расказала першы сакратар райкама Кіба К. І.

Таксама ўдзельнікі семінара здзейснілі экскурсіі ў СШ №2, Цэнтр дзяцей і моладзі, ФСК “Ніва”, сад кансервавага завода.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене